Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Адкрыцьцё | 20 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І ўбачыў я анёла, які зыходзіў з неба, які меў ключ ад бездані і ланцуг вялікі ў руцэ сваёй.
2 І ён меў уладу над цмокам, зьмеем старадаўным, які ёсьць д’ябал і шата́н, і зьвязаў яго на тысячу гадоў,
3 і кінуў яго ў бездань, і замкнуў яго, і запячатаў зьверху, каб не падманваў больш народы, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў; і пасьля гэтага мусіць быць разьвязаны на малы час.
4 І ўбачыў я пасады, і сядзелі на іх, і быў ім дадзены суд, і ду́шы сьцятых за сьведчаньне Ісуса і за слова Божае, і тых, якія не пакланіліся зьверу і вобразу ягонаму, і не атрымалі пазнакі на лоб свой і на руку сваю. І яны ажылі, і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў.
5 А рэшта мёртвых не ажыла, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў. Гэта — уваскрасеньне першае.
6 Шчасьлівы і сьвяты той, хто мае частку ў першым уваскрасеньні; над імі сьмерць другая ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў.
7 І калі скончыцца тысяча гадоў, будзе разьвязаны шата́н з вязьніцы сваёй
8 і выйдзе падманваць народы на чатырох кутах зямлі, Гога і Магога, ды зьбіраць іх на вайну; лічба іх — як пясок марскі.
9 І яны ўзыйшлі на шырыню зямлі, і атачылі табар сьвятых і горад улюбёны, і зыйшоў ад Бога з неба агонь, і зжор іх.
10 І д’ябал, які падманваў іх, быў кінуты ў возера агню і серкі, дзе зьвер і фальшывы прарок; і будуць яны мучыцца ўдзень і ўначы на вякі вякоў.
11 І ўбачыў я вялікі белы пасад і Таго, Які сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцяклі зямля і неба, і не знайшлося месца для іх.
12 І ўбачыў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад Богам. І былі разгорнутыя кнігі; і разгарнулі іншую кнігу, якая ёсьць [кніга] жыцьця, і былі суджаныя мёртвыя паводле напісанага ў кнігах, паводле справаў сваіх.
13 І аддала мора мёртвых, што ў ім, і сьмерць ды пекла аддалі мёртвых, што ў іх; і быў суджаны кожны паводле справаў сваіх.
14 А сьмерць і пекла кінутыя ў возера агню. Гэта — другая сьмерць.
15 І калі хто ня быў знойдзены запісаным у кнізе жыцьця, той быў кінуты ў возера агню.

Адкрыцьцё Яна Багаслова, 20 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.