Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Цімафею | 6 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Усе слу́гі, якія пад ярмом, няхай лічаць уладароў сваіх вартымі ўсякае паша́ны, каб не было блюзьне́рства на імя Божае і вучэньне.
2 Тыя ж, якія верных маюць за ўладароў, няхай не пагарджаюць імі, што яны браты, але больш няхай служаць ім, таму што яны верныя і ўлюбёныя, удзельнікі дабрадзействаў [Божых]. Гэтага навучай і ўпрошвай.
3 Калі хто навучае іначай і не ідзе за здаровымі словамі Госпада нашага Ісуса Хрыста і за вучэньнем пра пабожнасьць,
4 той узьбіўся ў пы́ху, нічога не разумеючы, але хварэючы на спрэчкі і кіданьне словамі, ад якіх стаецца зайздрасьць, сварка, блюзьне́рствы, зласьлівыя падазрэньні,
5 пустыя гутаркі між людзьмі зьнішчанага розуму і пазбаўленымі праўды, якія думаюць, што пабожнасьць — [сродак] дзеля прыбытку. Аддаляйся ад гэтакіх.
6 Але вялікі прыбытак — пабожнасьць разам з задаволенасьцю.
7 Бо мы нічога не прынесьлі ў сьвет; зразумела, што і нічога вынесьці ня можам.
8 А маючы што е́сьці і што апрану́ць, будзем гэтым задаволеныя.
9 Тыя ж, якія хочуць багацець, трапляюць у спакусу, і ў пастку, і ў многія бяздумныя і шкадлівыя пажаданьні, якія топяць людзей у зьнішчэньні і загубе.
10 Бо корань усякага зла ёсьць срэбралюбства, жадаючы якога, некаторыя адступіліся ад веры і самі сябе аддалі на многія му́кі.
11 А ты, чалавек Божы, уцякай ад гэтага, але імкніся да праведнасьці, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, пакоры,
12 змагайся добрым змаганьнем веры, трымайся за жыцьцё вечнае, да якога ты і пакліканы, і вызнаў добрае вызнаньне перад многімі сьведкамі.
13 Перад Богам, Які ўсё ажыўляе, і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнаньне, загадваю табе
14 захаваць гэтае прыказаньне неапаганеным, бездакорным аж да зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста,
15 якое ў свой час адкрые шчасьлівы і адзіны магутны Валадар тых, хто валадарыць, і Госпад тых, якія пануюць,
16 Адзіны, Які ма́е несьмяротнасьць, жыве ў сьвятле недаступным, Якога ніхто з людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму паша́на і ўлада вечная. Амэн.
17 Багатым у цяперашнім веку загадвай, каб яны ня думалі шмат пра сябе і спадзяваліся не на багацьце няпэўнае, але на Бога Жывога, Які дае нам багата ўсё дзеля прыемнасьці;
18 каб рабілі дабро, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрыя, дзяліліся,
19 зьбіраючы сабе скарб, добры падмурак дзеля будучыні, каб трымацца ім за жыцьцё вечнае.
20 О, Цімафею! Захоўвай тое, што перададзена табе, ухіляючыся ад паганага марнаслоўя і перакорлівасьці фальшывага веданьня,
21 пахваляючыся якім, некаторыя адхіліліся ад веры. Ласка з табою. Амэн.

Першае пасланьне да Цімафея Апостала Паўла, 6 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.