1 Адносна часоў і пораў, браты, няма патрэбы пісаць да вас,
2 бо вы самі дакладна ведаеце, што дзень Госпадаў гэтак прыйдзе, як злодзей уначы.
3 Калі вось будуць гаварыць: «Супакой і бясьпека», тады неспадзявана прыйдзе на іх зьнішчэньне, быццам му́кі радзі́н на цяжа́рную, і яны не ўцякуць.
4 Вы ж, браты, ня ў цемры, каб дзень гэты захапіў вас, як злодзей:
5 усе вы — сыны сьвятла і сыны дня, мы не належым ані ночы, ані цемры.
6 Дык ня будзем спаць, як іншыя, але чувайма і будзьма пі́льнымі,
7 бо тыя, што сьпяць, уначы сьпяць, і тыя, што ўпіваюцца, уначы ўпіваюцца.
8 Мы ж, якія належым дню, будзьма пі́льнымі, апрануўшы па́нцыр веры і любові і шалом надзеі збаўленьня,
9 бо Бог не прызначыў нас на гнеў, але на атрыманьне збаўленьня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
10 Які памёр за нас, каб мы, ці чува́ем, ці сьпім, з Ім разам жылі́.
11 Дзеля гэтага пацяшайце сябе ўзаемна і збудоўвайце адзін аднаго, як вы і робіце.
12 Просім жа вас, браты, ведайце тых, якія працуюць у вас, і кіруюць вамі ў Госпадзе, і настаўляюць вас,
13 і шануйце іх вельмі высока ў любові дзеля працы іхняй; жыві́це ў згодзе між сабою.
14 Молім вас таксама, браты, настаўляйце свавольных, пацяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце доўгацярплівымі да ўсіх.
15 Глядзіце, каб ніхто нікому не аддаваў лі́хам за лі́ха, але заўсёды імкніцеся да дабра і адзін для аднога, і для ўсіх.
16 Заўсёды радуйцеся.
17 Несупынна маліцеся.
18 За ўсё дзякуйце, бо такая для вас воля Божая ў Хрысьце Ісусе.
19 Духа не гасі́це.
20 Прароцтвамі не пагарджайце.
21 Усё выпрабоўвайце; добрага трымайцеся.
22 Высьцерагайцеся ад усякага роду зла.
23 Сам жа Бог супакою няхай асьвя́ціць вас у-ва ўсёй поўні, і ўвесь ваш дух, і душа́, і цела няхай захаваюцца без заганы ў прыйсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста.
24 Верны Той, Які вас паклікаў; Ён і зробіць [гэта].
25 Браты! Маліцеся за нас!
26 Прывітайце ўсіх братоў пацалункам сьвятым.
27 Заклінаю вас Госпадам прачытаць гэтае пасланьне ўсім сьвятым братам.
28 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амэн.
Першае пасланьне да Тэсалонцаў Апостала Паўла, 5 глава