Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Рымлянам | 15 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Мы, моцныя, павінны насіць слабасьці нямоглых і не дагаджаць сабе.
2 Бо кожны з нас няхай дагаджае бліжняму на дабро, дзеля збудаваньня.
3 Бо і Хрыстос не Сабе дагаджаў, але, як напісана: «Зьнявагі тых, якія зьневажаюць Цябе, упалі на Мяне».
4 Бо ўсё, што было напісана, было напісана дзеля нашага навучаньня, каб праз цярплівасьць і суцяшэньне з Пісаньняў мы мелі надзею.
5 А Бог цярплівасьці і суцяшэньня няхай дасьць вам тое самае думаць між сабою паводле [ўзору] Хрыста Ісуса,
6 каб вы аднадушна, аднымі вуснамі славілі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста.
7 Дзеля гэтага прыймайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў нас у славу Божую.
8 Бо я кажу, што Ісус Хрыстос стаўся служыцелем абразаньня дзеля праўды Божай, каб пацьве́рдзіць абяцаньні бацька́м,
9 а [служыцелем] паганаў — дзеля літасьці, каб славілі Бога, як напісана: «Дзеля гэтага буду вызнаваць Цябе між паганамі і сьпяваць пра імя Тваё».
10 I яшчэ кажа: «Узьвесяліцеся, пагане, з народам Яго!»
11 I яшчэ: «Хваліце Госпада, усе пагане, і ўсхваляйце Яго, усе народы!»
12 І яшчэ Ісая кажа: «Будзе корань Есэя, Той, Які паўстане, панаваць над народамі; на Яго народы спадзявацца будуць».
13 А Бог надзеі няхай напоўніць вас усякай радасьцю і супакоем у веры, каб памножыць у вас надзею моцаю Духа Сьвятога.
14 І я сам, браты мае, перакананы адносна вас, што і вы поўныя добрасьці, напоўненыя ўсякім веданьнем і можаце настаўляць адзін аднаго.
15 А тым сьмялей пісаў я да вас, браты, часткова, каб нагадаць вам праз дадзеную мне ад Бога ласку
16 быць мне служыцелем Ісуса Хрыста для паганаў, сьвятарна служачы Эва́нгельлю Божаму, каб ахвяра паганаў, асьвячоная Духам Сьвятым, была адпаведнай.
17 Дык ма́ю пахвалу́ ў Хрысьце Ісусе ў тым, што Божае,
18 бо не адважуся гаварыць нешта такое, чаго не зрабіў Хрыстос праз мяне дзеля [прывядзеньня да] паслухмянасьці паганаў, словам і справаю,
19 у моцы знакаў і цудаў, у моцы Духа Божага, так што Эва́нгельле Хрыстовае пашырана мною ад Ерусаліму і ваколіцы аж да Ілірыка.
20 А пры гэтым я намагаўся дабравесьціць ня там, дзе быў абвешчаны Хрыстос, каб не будаваць на чужым падмурку,
21 але, як напісана: «Тыя, якім не было абвешчана пра Яго, убачаць, і тыя, якія ня чулі, зразумеюць».
22 Дзеля гэтага я і меў шмат перашкодаў, каб прыйсьці да вас.
23 Цяпер жа, ня маючы больш месца ў гэтых краях і шмат год маючы жаданьне прыйсьці да вас,
24 як толькі пайду ў Гішпанію, прыйду да вас, бо спадзяюся, праходзячы, пабачыцца з вамі, і што вы правядзяцё мяне туды, калі часткова насычуся [супольнасьцю] з вамі.
25 А цяпер я іду ў Ерусалім паслужы́ць сьвятым,
26 бо спадабалася Македоніі і Ахаі зрабіць нейкую падтрымку ўбогім сьвятым, якія ў Ерусаліме.
27 Спадабалася, бо яны вінаватыя іхнія, бо калі пагане сталіся супольнікамі іхнімі ў духоўным, дык павінны паслужы́ць ім у цялесным.
28 А зьдзейсьніўшы гэта і перадаўшы ім пад пячаткай плод гэты, адыйду праз вас у Гішпанію.
29 А ведаю, што, прыйшоўшы да вас, прыйду ў поўні дабраслаўленьня Эва́нгельля Хрыстовага.
30 Малю ж вас, браты, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і любоўю Духа, стаць разам са мною ў малітвах за мяне да Бога,
31 каб быць мне выбаўленым ад тых, якія ня вераць, у Юдэі, і каб служэньне маё для Ерусаліму было адпаведным для сьвятых,
32 каб я ў радасьці прыйшоў да вас паводле волі Бога і супачыў з вамі.
33 А Бог супакою [няхай будзе] з усімі вамі. Амэн.

Пасланьне да Рымлянаў Апостала Паўла, 15 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.