Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Рымлянам | 14 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 А таго, хто слабы ў веры, прыймайце не на спрэчкі пра погляды.
2 Бо нехта верыць, што [можна] есьці ўсё, а слабы есьць гародніну.
3 Хто есьць, не пагарджай тым, хто ня есьць; і хто ня есьць, не судзі таго, хто есьць, бо Бог прыняў яго.
4 Хто ты такі, які судзіш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром ён стаіць або падае, а будзе стаяць, бо Бог магутны паставіць яго.
5 Нехта су́дзіць [па-рознаму] дзень супраць дня, а нехта су́дзіць усякі дзень [аднолькава]. Кожны будзь пэўны ў сваім розуме.
6 Хто адрозьнівае дні, дзеля Госпада адрозьнівае; і хто не адрозьнівае дзён, дзеля Госпада не адрозьнівае. Хто есьць, дзеля Госпада есьць, бо дзякуе Богу. I хто ня есьць, дзеля Госпада ня есьць, і дзякуе Богу.
7 Бо ніхто з нас не жыве дзеля сябе, і ніхто не памірае дзеля сябе;
8 бо як, калі жывем, дзеля Госпада жывем, так і, калі паміраем, дзеля Госпада паміраем. Таму і калі жывем, і калі паміраем, мы — Госпадавы.
9 Бо Хрыстос дзеля таго і памёр, і ўваскрос, і жыве, каб валадарыць і над мёртвымі, і над жывымі.
10 А ты навошта судзіш брата твайго? Або навошта ты пагарджаеш бра́там тваім? Бо ўсе мы станем перад пасадам судовым Хрыста.
11 Бо напісана: «Жыву Я, — кажа Госпад, — перада Мною схі́ліцца ўсякае калена, і ўсякі язык будзе вызнаваць Бога».
12 Дык таму кожны з нас за сябе дасьць справаздачу Богу.
13 Дык ня будзем больш судзі́ць адзін аднаго, але судзі́це лепш пра тое, каб як не пакласьці перад бра́там спатыкненьня ці згаршэньня.
14 Я ведаю і перакананы ў Госпадзе Ісусе, што няма нічога нячыстага праз сябе; толькі таму, хто лі́чыць нешта нячыстым, гэта нячыстае.
15 А калі дзеля ежы засмучаецца брат твой, ты ўжо не паводле любові ходзіш. Не губі тваёю ежаю таго, за каго памёр Хрыстос.
16 Дык няхай ня блю́зьняць на вашае добрае.
17 Бо Валадарства Божае — гэта ня ежа і пітво, але праведнасьць, і супакой, і радасьць у Духу Сьвятым.
18 Бо хто ў гэтым слу́жыць Хрысту, той даспадобы Богу і варты між людзьмі.
19 Дык таму будзем імкнуцца да таго, што [слу́жыць] дзеля супакою і ўзаемнага збудаваньня.
20 Не руйнуй дзеля ежы справы Божай. Усё, па праўдзе, чыстае, але ліхое для чалавека, які есьць праз спатыкненьне.
21 Добра ня есьці мяса, і ня піць віна, і [не рабіць] нічога, ад чаго брат твой спатыкаецца, ці згаршаецца, ці слабее.
22 Ты маеш веру? Мей сам у сабе перад Богам. Шчасьлівы той, хто ня су́дзіць сябе ў тым, што спрабуе.
23 А хто сумняецца, калі есьць, асуджаны, бо [робіць] не паводле веры; а ўсё, што не паводле веры, — грэх.

Пасланьне да Рымлянаў Апостала Паўла, 14 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.