Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Пятра | 2 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Былі ж і фальшывыя прарокі ў народзе, як і ў вас будуць фальшывыя настаўнікі, якія ўвядуць згубныя герэзіі і адракуцца Ўладара, Які адкупіў іх, сьцягваючы на сябе хуткую загубу.
2 І многія пойдуць сьледам за імі на загубу, і праз іх будуць блю́зьніць на шлях праўды,
3 і яны ў хцівасьці будуць падкупляць вас лісьлівымі словамі; суд для гэтакіх здаўна не бязьдзейнічае, і загуба іхняя ня дрэмле.
4 Бо калі Бог не пашкадаваў анёлаў, якія зграшылі, але, кінуўшы [іх] у апраметную ў ковах змроку, аддаў пільнаваць дзеля суду;
5 і калі не пашкадаваў старадаўнага сьвету, але васьмёх з Ноем, весьнікам праведнасьці, захаваў, як навёў быў патоп на сьвет бязбожнікаў;
6 і калі гарады Садом і Гамору, зрабіўшы попелам, асудзіў на зруйнаваньне, даючы прыклад для будучых бязбожнікаў,
7 а праведнага Лота, крыўджанага бессаромным ла́дам жыцьця беззаконьнікаў, выбавіў,
8 бо гэты праведнік, жывучы́ між імі, з дня ў дзень мучыў праведную душу́ [сваю], бачачы і чуючы справы беззаконныя,
9 дык ведае Госпад, як выбаўляць пабожных ад спакусы, а нягоднікаў захоўваць на дзень суду дзеля пакараньня,
10 а найбольш тых, якія ідуць за целам у нячыстых пажаданьнях і пагарджаюць панаваньнем, якія дзёрзкія, самалюбныя і не баяцца блю́зьніць супраць славы,
11 тады як анёлы, большыя [за іх] магутнасьцю і сілай, не выносяць на іх перад Госпадам блюзьнерчага суду.
12 Яны, як неразумныя жывёлы прыродныя, народжаныя на ловы і зьнішчэньне, блюзьняць на тое, чаго ня ведаюць, і ў сапсутасьці сваёй зьнішчаны будуць.
13 Яны атрымаюць нагароду няправеднасьці, за асалоду лічачы штодзённыя раскошы. Плюгаўцы і паскуднікі, яны насалоджваюцца падманамі сваімі, банкетуючы з вамі,
14 вочы маюць поўныя чужалоства і нясупыннага грэху, яны прывабліваюць ду́шы неўгрунтаваныя; дзеці праклёну, яны маюць сэрцы, спрактыкаваныя ў хцівасьці.
15 Пакінуўшы просты шлях, яны заблукалі, ідучы па шляху Білеа́ма Басоравага, які палюбіў нагароду няправеднасьці,
16 але меў дакараньне за сваё беззаконьне: бязмоўная асьліца, прагаварыўшы чалавечым голасам, затрымала шаленства прарока.
17 Яны — крыніцы бязводныя, аблокі, бурай ганя́ныя, для якіх змрок цемры на вякі захоўваецца.
18 Бо гаворачы пыхліва марнасьць, яны прывабліваюць пажаданьнямі цела і бессаромнасьцю тых, якія ледзь пазьбеглі тых, што зьвяртаюцца да падма́ну.
19 Яны абяцаюць ім свабоду, а самі яны — слу́гі сапсутасьці, бо хто кім пераможаны, той таму і стаўся слугою.
20 Бо калі яны, уцёкшы ад апаганьваньня сьвету праз пазнаньне Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, ізноў даўшы зьвязаць сябе, пераможаныя ім, апошняе для іх горш за першае.
21 Бо лепш ім было не пазнаць шляху праведнасьці, чым, пазнаўшы, адвярнуцца ад перададзенага ім сьвятога прыказаньня.
22 Але з імі здарылася паводле праўдзівае прыказкі: «Сабака варочаецца да вані́таў сваіх, а вымытая сьвіньня́ — качацца ў лужыне».

Другое паўсюднае пасланьне Апостала Пятра, 2 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.