Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Пятра | 2 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Дык адклаўшы ўсякую ліхоту, і ўсякі подступ, і крывадушнасьць, і зайздрасьць, і ўсякія абмаўляньні,
2 як нованароджаныя немаўляты, зажадайце чыстага слоўнага малака, каб ад яго вы расьлі,
3 бо вы пакаштавалі, што Госпад добры.
4 Падыходзячы да Яго, жывога Камяня, адкінутага людзьмі, але выбранага Богам, каштоўнага,
5 і самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны, сьвятарства сьвятое, каб узносіць духоўныя ахвяры, адпаведныя Богу, праз Ісуса Хрыста.
6 Дзеля гэтага і зьмешчана ў Пісаньні: «Вось, Я кладу ў Сыёне ку́тні Каме́нь, выбра́ны, каштоўны, і хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены».
7 Дык Ён для вас, якія вераць, — каштоўнасьць, а для тых, якія ня вераць, — камень, які адкінулі будаўнікі, які стаўся галавой вугла,
8 камень спатыкненьня і скала згаршэньня для тых, якія спатыкаюцца аб слова, не скараючыся, дзеля чаго і пакінутыя.
9 А вы — выбраны род, валадарнае сьвятарства, народ сьвяты, людзі, атрыманыя як удзел, каб абвяшчаць цноты Таго, Які паклікаў вас з цемры ў дзіўнае сьвятло Сваё,
10 некалі не народ, а цяпер — народ Божы; [некалі] не мілаваныя, а цяпер — памілаваныя.
11 Улюбёныя, прашу вас, як прыхадняў і вандроўнікаў, высьцерагайцеся цялесных пажаданьняў, якія змагаюцца супраць душы́,
12 і мейце добры лад жыцьця між паганамі, каб яны за тое, за што ачарняюць вас, як ліхадзеяў, гледзячы на добрыя справы [вашыя], славілі Бога ў дзень адведзінаў.
13 Дык падпарадкоўвайцеся ўсякаму стварэньню чалавечаму дзеля Госпада, ці то валадару, як вышэйшай [уладзе],
14 ці то ваяводам, як праз яго пасыланым дзеля помсты ліхадзеям і дзеля пахвалы́ тым, якія робяць дабро.
15 Бо гэткая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, прымушалі замаўчаць невуцтва неразумных людзей,
16 як свабодныя, і не як тыя, што свабоду маюць як падставу для ліхоты, але як слу́гі Божыя.
17 Усіх паважайце, брацтва любі́це, Бога бойцеся, валадара шануйце.
18 Слу́гі, з усякім страхам падпарадкоўвайцеся ўладарам, ня толькі добрым і спага́дным, але і круце́льскім.
19 Бо гэта ласка [Божая], калі хто дзеля сумленьня Божага пераносіць смутак, церпячы несправядліва.
20 Бо што за слава, калі вы трываеце, як б’юць вас за грахі? Але калі робячы дабро і церпячы, трываеце, гэта ласка ў Бога.
21 Бо вы на гэта пакліканыя, бо і Хрыстос перацярпеў за нас, пакінуўшы нам прыклад, каб мы ішлі па сьлядах Ягоных.
22 Ён не зрабіў аніякага грэху, і не было подступу ў вуснах Ягоных.
23 Ён, зьневажа́ны, не зьневажа́ў у адказ, церпячы, не пагражаў, а перадаў [суд] Таму, Хто су́дзіць справядліва.
24 Ён грахі нашыя Сам узьнёс у целе Сваім на дрэва, каб мы, памёршы дзеля грахоў, жылі ў праведнасьці; ранамі Ягонымі вы аздароўленыя.
25 Бо вы былі як авечкі, што заблукалі, але цяпер вярнуліся да Пастыра і Епіскапа душаў вашых.

Першае паўсюднае пасланьне Апостала Пятра, 2 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.