Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І калі наблізіліся да Ерусаліму, да Бэтфагі і Бэтаніі на гары Аліўнай, Ён пасылае двух вучняў Сваіх
2 і гаворыць ім: «Ідзіце ў мястэчка, што перад вамі, і адразу, уваходзячы ў яго, знойдзеце асьляня прывязанае, на якога яшчэ ніхто з людзей не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце.
3 І калі хто скажа вам: “Што вы гэта робіце?”, скажыце, што Госпад яго патрабуе, і адразу пашле яго сюды».
4 Яны пайшлі і знайшлі асьляня пры дзьвярах звонку на вуліцы, і адвязалі яго.
5 І некаторыя, што там стаялі, гаварылі ім: «Што вы робіце, адвязваючы асьляня?»
6 Яны ж сказалі ім, як загадаў Ісус, і пусьцілі іх.
7 І прывялі асьляня да Ісуса, і ўсклалі на яго адзеньне сваё; і Ён сеў на яго.
8 І многія пасьцілалі на дарозе адзеньне сваё, а іншыя рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.
9 І тыя, што ішлі наперадзе, і тыя, што ішлі за Ім, крычалі, кажучы: «Гасанна! Дабраслаўлёны Той, Хто прыходзіць у імя Госпада!
10 Дабраслаўлёнае валадарства бацькі нашага Давіда, якое прыходзіць у імя Госпада! Гасанна на вышынях!»
11 І ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў сьвятыню; і, агледзеўшы ўсё, бо гадзіна ўжо была вечаровая, выйшаў у Бэтанію з Дванаццацьцю.
12 І назаўтра, калі ішлі яны з Бэтаніі, Ён адчуў голад.
13 І, убачыўшы здалёк фігавае дрэва, пакрытае лісьцем, падыйшоў, ці ня знойдзе што на ім; але, падыйшоўшы да яго, нічога не знайшоў, акрамя лістоты, бо не была пара́ на фігі.
14 І, адказваючы, Ісус сказаў да яго: «Няхай ніхто ўжо да веку ня есьць з цябе плоду». І чулі гэта вучні Ягоныя.
15 І прыходзяць у Ерусалім. І Ісус, увайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць тых, што продалі і куплялі ў сьвятыні, і сталы мяняльнікаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў,
16 і не дазваляў, каб хто насіў хоць якую рэч праз сьвятыню.
17 І навучаў, кажучы ім: «Ці ж не напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў”? А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
18 І пачулі гэта першасьвятары і кніжнікі, і шукалі, як Яго загубіць, бо баяліся Яго, бо ўвесь натоўп захапляўся Яго навукаю.
19 І калі зьвечарэла, Ён выйшаў з гораду.
20 І раніцаю, праходзячы міма, убачылі фігавае дрэва, ссохшае ад кораня.
21 І, узгадаўшы, Пётар кажа Яму: «Раббі, вось, фігавае дрэва, якое Ты пракляў, засохла».
22 І, адказваючы, Ісус гаворыць ім: «Мейце веру Божую!
23 Бо сапраўды кажу вам: калі хто скажа гэтай гары: “Будзь узятая і кінутая ў мора”, і ня будзе сумнявацца ў сэрцы сваім, але будзе верыць, што станецца так, як гаворыць, — будзе яму, што б ні сказаў.
24 Дзеля гэтага кажу вам: Усё, пра што ў малітве будзеце прасіць, верце, што атрымаеце, і будзе вам.
25 І калі стаіцё ў малітве, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, Які ў небе, дараваў вам грахі вашыя.
26 Калі ж вы не даруеце, дык і Айцец ваш, Які ў небе, не даруе вам грахоў вашых».
27 І зноў прыходзяць у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у сьвятыні, падыйшлі да Яго першасьвятары, кніжнікі і старшыні,
28 і гаварылі Яму: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе ўладу рабіць гэтае?»
29 А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Спытаюся і Я ў вас адно слова, і вы адкажыце Мне, і Я вам скажу, якою ўладай Я раблю гэта.
30 Хрышчэньне Яна з неба было ці ад людзей? Адкажыце Мне».
31 І яны разважалі між сабой, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, — Ён скажа: “Дык чаму тады не паверылі яму?”»
32 А сказаць: «Ад людзей», баяліся натоўпу, бо ўсе мелі Яна за праўдзівага прарока.
33 І, адказваючы, гавораць Ісусу: «Ня ведаем». І Ісус, адказваючы, гаворыць ім: «І Я вам не скажу, якою ўладаю Я гэта раблю».

Эвангельле паводле Марка, 11 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.