1 Дык вось, браты мае ўзлю́бленыя і жаданыя, радасць і вянец мой, стойце так у Госпадзе, узлю́бленыя.
2 Ево́дзію прашу і Сінцíхію прашу быць аднадумнымі ў Госпадзе;
3 ды і цябе прашу, верны дружа, дапамагай ім, бо яны за дабравесце змагаліся разам са мною, і з Клíментам, і з аста́тнімі супрацоўнікамі маімі, чые імёны — у кнізе жыцця.
4 Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і зноў кажу: радуйцеся.
5 Дабразычлівасць ваша няхай будзе вядома ўсім лю́дзям. Гасподзь блізка.
6 Ні аб чым не турбуйцеся, а заўсёды ў малітве і маленні з падзякаю адкрывайце свае жаданні Богу,
7 і мір Божы, вышэйшы за ўсякі розум, будзе захоўваць сэрцы вашы і думкі вашы ў Хрысце Іісусе.
8 Урэшце, браты, толькі пра тое, што́ ісціннае, што́ пачэснае, што́ праведнае, што́ чыстае, што́ лю́бае, што́ прыемнае, што́ дабрадзейнае і што́ вартае хвалы, — вось пра што разважа́йце.
9 Чаму вы навучыліся, і што перанялí, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, тое і выконвайце, — і Бог міру будзе з вамі.
10 Я ж вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што вы нарэшце зноў пачалі клапаціцца пра мяне; вы і раней клапаціліся, але ў вас не было ўмоў.
11 Не з-за нястачы гэта кажу, бо я навучыўся быць здаволеным тым, што ёсць:
12 умею жыць і ў беднасці, умею жыць і ў дастатку; ўсяму і ва ўсім я наву́чаны: і сы́тым быць, і галодным, быць і ў дастатку, і ў нястачы;
13 усё магу ў Іісусе Хрысце, Які ўмацоўвае мяне.
14 Аднак вы добра зрабілі, што паздялíлі са мною мой цяжар.
15 Вы ж ведаеце, Філіпійцы, што на пачатку дабравесця, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква не прымала ўдзелу ў тым, што́ я выдаткоўваў і атрымліваў, апрача вас адных;
16 бо вы і ў Фесалоніку і раз, і другі дасылалі мне на патрэбы.
17 Гэта не значыць, што я шукаю дару; але плоду я шукаю, які памнажаецца на карысць вам.
18 Я ма́ю ўсё і ма́ю ўдосталь; я поўнасцю забяспе́чаны, атрымаўшы ад Эпафрадыта пасла́нае вамі, як пах духмяны, як ахвяру прыемную, што даспадобы Богу.
19 Бог жа мой няхай задаволіць усякую патрэбу вашу паводле багацця Свайго ў славе, у Хрысце Іісусе.
20 А Богу і Айцу нашаму слава на векі вякоў! Амінь.
21 Вітайце кожнага святога ў Хрысце Іісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.
22 Вітаюць вас усе святыя, і асабліва з кесаравага дома.
23 Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі вамі. Амінь.
Да Філіпійцаў Пасланне святога Апостала Паўла, 4 глава