1 І ста́лася: калі Ён у суботу ўвайшоў у дом аднаго з начальнікаў фарысейскіх паесці хле́ба, і яны сачы́лі за Ім;
2 і вось, нейкі чалавек, хворы на вадзянку, быў перад Ім.
3 І, азваўшыся, Іісус прамовіў да законнікаў і фарысеяў, ка́жучы: ці дазваля́ецца ў суботу ацаля́ць?
4 Яны ж прамаўча́лі. І, дакрану́ўшыся, Ён ацалíў яго і адпусціў.
5 А звярну́ўшыся да іх, сказаў: калі ў каго з вас асёл або вол упадзе́ ў калодзеж, ці не адразу той вы́цягне яго ў дзень суботні?
6 І яны не змаглі адказа́ць Яму на гэта.
7 Казаў жа запро́шаным прытчу, убачыўшы, як яны выбіра́юць сабе першыя месцы, гаворачы да іх:
8 калі ты будзеш паклíканы кім-небудзь на вяселле, не ўзляга́й на першае месца, каб не аказаўся хто пачэ́снейшы за цябе запро́шаны ім,
9 і той, хто паклíкаў цябе і яго, каб не падышоў ды не сказаў табе: «дай яму месца», і тады з со́рамам пачне́ш займа́ць апошняе месца.
10 Але калі будзеш паклíканы, прыйшоўшы, узляга́й на апошняе месца, каб той, хто паклíкаў цябе, падышоўшы, сказаў табе: «дру́жа, перайдзí вышэ́й», тады будзе табе гонар перад тымі, хто ўзляжы́ць з табою;
11 бо кожны, хто ўзвыша́е сябе, будзе прынíжаны, а хто прыніжа́е сябе, будзе узвы́шаны.
12 Казаў жа і таму, хто Яго запрасíў: калі ты будзеш даваць абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні тваіх сваякоў, ні суседзяў багатых дзе́ля таго, каб і яны цябе таксама паклíкалі і была́ табе адпла́та.
13 Але калі робіш гасцíну, кліч убо́гіх, кале́к, кульга́вых, сляпы́х,
14 і блажэнны будзеш, бо яны не ма́юць, чым адплацíць табе, адпла́чана ж табе будзе пры ўваскрасе́нні праведных.
15 Пачуўшы гэта, нехта з тых, што ўзляжа́лі з Ім, сказаў Яму: блажэ́нны, хто будзе есці абед у Царстве Божым!
16 Ён жа сказаў яму: адзін чалавек рабіў вялікую вячэру і паклíкаў многіх;
17 і паслаў раба́ свайго ў час вячэры сказаць паклíканым: прыхо́дзьце, бо ўжо гатова ўсё.
18 І пачалí ўсе, як адзін, прасіць прабачэ́ння. Першы сказаў яму: я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзе́ць яго; прашу цябе, праба́ч мне.
19 І другі сказаў: я купіў пяць пар валоў, і іду выпрабо́ўваць іх; прашу цябе, праба́ч мне.
20 І іншы сказаў: я ажаніўся і таму не магу прыйсцí.
21 І, прыйшоўшы, раб той паве́даміў гаспадару́ свайму гэта. Тады, разгне́ваўшыся, гаспадар дома сказаў рабу свайму: вы́йдзі хутчэй на вуліцы і заву́лкі горада і прывядзí сюды і ўбо́гіх, і кале́к, і сляпы́х, і кульга́вых.
22 І сказаў раб: гаспадар! зроблена, як ты загадаў, і яшчэ месца ёсць.
23 І сказаў гаспадар рабу: вы́йдзі да дарог і за́гарадзяў і ўгавары́ прыйсцí, каб напо́ўніўся дом мой.
24 Бо кажу вам, што ніхто з тых людзей паклíканых не пакашту́е маёй вячэ́ры, бо многа паклíканых, але мала вы́браных.
25 Ішло з Ім мноства людзей, і Ён, абярну́ўшыся, сказаў ім:
26 калі хто прыходзіць да Мяне, і не зненавíдзіць ба́цьку свайго і маці, і жонку і дзяцей, і братоў і сясцёр, а яшчэ і жыццё сваё, той не можа быць Маім ву́чнем;
27 і хто не нясе́ крыжа́ свайго і ідзе за Мною, не можа быць Маім ву́чнем.
28 Бо хто з вас, жада́ючы пабудава́ць ве́жу, перш не сядзе і не палíчыць выда́ткі, ці ма́е ён патрэ́бнае для завяршэ́ння,
29 каб, калі пакладзе́ падму́рак і не здо́лее дако́нчыць, усе, хто паба́чыць, не пачалí смяя́цца з яго,
30 ка́жучы: гэты чалавек пачаў будаваць і не здо́леў дако́нчыць?
31 Або які цар, ідучы́, каб з другім царом уступíць у вайну, не сядзе перш пара́іцца, ці зможа ён з дзесяццю́ ты́сячамі сустрэ́ць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю́ тысячамі?
32 Бо калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле́ пасо́льства да яго прасíць міру.
33 Гэтак і кожны з вас, хто не адрачэ́цца ад усяго, што ма́е, не можа быць Маім вучнем.
34 Добрая рэч — соль, але калі соль стра́ціць сілу, чым папра́віць яе?
35 Ні ў зямлю, ні ў гной яна непрыда́тная: вон выкіда́юць яе. Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
Святое Евангелле паводле Лукі, 14 глава