Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другапраўе | 26 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 І будзе, як ты прыйдзеш да зямлі, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе на спадак, і апануеш яе, і аселішся ў ёй;
2 То вазьмі зь першых усіх пладоў зямлі, каторыя ты адзяржыш ізь зямлі свае, што СПАДАР, Бог твой, даець табе, і пакладзі ў сутнік, і пайдзі на тое месца, каторае СПАДАР, Бог твой, абярэць, каб прабывала там імя Ягонае;
3 I прыйдзі да сьвятара, каторы будзе тых дзён, і скажы яму: “Асьвятчаю сядні СПАДАРУ, Богу свайму, што я ўвыйшоў у тую зямлю, праз каторую прысягаў СПАДАР айцом нашым даць нам”.
4 I возьме сьвятар сутнік із рукі твае, і паложа яго перад аброчнікам СПАДАРА, Бога твайго.
5 Ты ж адказуй а скажы перад СПАДАРОМ, Богам сваім: “Ацец мой, Арамлянін гінучы, зышоў да Ягіпту, і асяліўся там із малым лікам людзёў, і стаўся там ізь яго народ вялікі, дужы а чысьлены;
6 I блага абходзіліся з намі Ягіпцяне, і ўціскалі нас, і накладалі на нас цяжкія работы;
7 I галасілі мы да СПАДАРА, Бога айцоў нашых, і пачуў СПАДАР голас наш, і абачыў гароту нашу, цяжкія працы нашы й уціскі нашы;
8 I вывеў нас СПАДАР ізь Ягіпту рукою дужою а цаўём выцягненым, вялікім жахам а знакамі а чудосамі,
9 I прывёў нас на месца гэтае, і даў нам зямлю гэтую, зямлю, у каторай цячэць малако а мёд.
10 I цяпер вось, я прынёс першыя плады зямлі, каторыя Ты, СПАДАРУ, даў імне”. I палажы іх перад СПАДАРОМ, Богам сваім, і пакланіся перад СПАДАРОМ, Богам сваім,
11 I весяліся з усёга дабра, каторае СПАДАР, Бог твой, даў табе а дому твайму, ты а Левіт, і чужаземец, каторы будзе ў цябе.
12 Як ты скончыш аддзяляць усі дзесяціны прыбытку свайго трэйцяга году, году дзесяцінаў, і аддасі Левіту, чужаземцу, сіраце а ўдаве, і будуць яны есьці ў брамах тваіх, і сыціцца;
13 То скажы перад СПАДАРОМ, Богам сваім: “Я сусім чыста вынес сьвятасьць із дому і таксама даў подле ўсіх расказаньняў Тваіх, каторыя Ты расказаў імне; я ня выступіў з расказаньняў Тваіх і не забыўся.
14 Я ня еў зь яе ў смутку сваім, ані ўзяў зь яе ў нечысьціні, ані даваў зь яе на Дзяды: я слухаў голасу СПАДАРА, Бога свайго, рабіў подле ўсёга, што Ты расказаў імне.
15 Глянь далоў ізь сьвятога месцабыцьця Свайго, зь нябёс, і дабраслаў люд Свой, Ізраеля, і зямлю, каторую Ты даў нам, як Ты прысягаў айцом нашым, зямлю, у каторай цячэць малако а мёд”.
16 Гэтага дня СПАДАР, Бог твой, расказуе табе паўніць уставы гэтыя а суды: дзяржы а паўні іх усім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй.
17 СПАДАРУ сказаў ты цяпер, каб Ён быў тваім Богам, і каб хадзіць табе дарогамі Ягонымі й паўніць уставы Ягоныя а расказаньні Ягоныя а суды Ягоныя, і слухаць голасу Ягонага.
18 I СПАДАР урочыста сказаў табе гэтага дня, каб ты быў собскім людам Ягоным, як Ён казаў табе, каб ты дзяржаў усі расказаньні Ягоныя,
19 I што Ён дасьць табе быць вышэй за ўсі народы, каторыя Ён стварыў, у славе славутнасьці а харашыні, і каб табе быць сьвятым людам у СПАДАРА, Бога свайго, як Ён сказаў».

Пятая кніга Масеява: Другапраўе, 26 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.