Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Эстэрына | 2 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 Просьле гэтага, як уціхамірыўся гнеў караля Агасвера, ён успомнеў праз Вашту, і праз тое, што яна зрабіла, і што было ёй рассуджана.
2 I сказалі маладзёны каралю, што паслугавалі яму: «Няхай бы пашукалі каралю дзявушчых пазорных дзевак,
3 I хай бы прызначыў кароль назіраньнікаў да ўсіх краінаў каралеўства свайго, каторыя зьберлі б кажную дзявушчую пазорную дзеўку да Сусы сталіцы, да дому жонак пад нагляд Гэґая, каралеўскага легчанца, вартаўніка жонак, і хай даюць чысьцячыя масьці;
4 I хай дзеўка, каторую ўпадабае кароль, каралюе замест Вашты». I гэта ўпадабаў кароль, і ён зрабіў гэтак.
5 Якісь Юдэй быў у Сусе сталіцы; імя ягонае Мордэхай, сын Яіроў, сына Шымяя Кішанка, Венямінец.
6 Ён быў пераселены зь Ерузаліму разам із палоненікамі, выведзенымі зь Ехоняю, каралём Юдэйскім, каторых перасяліў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі.
7 I быў ён узгадавацелям Гадасы, — яна ж Естэр, — дачкі дзядзькі свайго, бо ня было ў яе айца ані маці. Дзеўка гэта была складная а пазорная. I, па сьмерці айца ейнага а маці ейнае, Мордэхай узяў яе сабе за дачку.
8 I як была агалошана справа каралеўская й права ягонае, і як зьберлі шмат дзевак да Сусы сталіцы пад нагляд Гэґая, тады ўзята была й Естэр да дому каралеўскага пад нагляд Геґая, вартаўніка жонак.
9 I ўпадабаў гэтую дзеўку ён, і прыдбала ў яго ласку, і ён пабарзьдзіў выдаць ёй чысьцячыя масьці і дзелі ейныя, і прызначаных сем дзевак даць ёй із дому каралеўскага; і перамясьціў яе а дзеўкі ейныя на лепшае месца жаноцкага дому.
10 Не азнайміла Естэр люду свайго ані радні свае, бо Мордэхай расказаў ёй, каб яна не азнаймляла.
11 I кажны дзень Мордэхай прыходзіў аж да панадворку жаноцкага дому, каб даведацца, як маецца Естэр, і што робяць ізь ёю.
12 Як настаў рад кажнай дзеўцы ўходзіць да караля Агасвера, пры канцу двананцацёх месяцаў таго, што сталася ёй подле права жонак, — бо толькі часу цягнуцца дні ачышчэньня іх: шэсьць месяцаў міравым алеям і шэсьць месяцаў пахнючымі а чысьцячымі масьцямі жаноцкімі, —
13 Дык во з чым дзеўка ўходзіла да караля: чаго б яна не сказала, ёй давалі ўсе да выхаду із жаноцкага дому да дому каралёвага.
14 Увечары яна ўходзіла, а нараніцы зварачалася да другога дому жаноцкага, пад нагляд Шаашґаза, легчанца каралеўскага, вартаўніка мамошак; і ўжо ня ўходзіла да караля, хіба толькі кароль пажадаў бы яе, і гукалі яе наймя.
15 Як настаў рад ісьці да карала Естэры, дачцы Абігаіла, дзядзькі Мордэхаёвага, каторую ён быў узяўшы сабе за дачку, тады яна не прасіла нічога, апрача тога, праз што сказаў ёй Геґай, легчанец каралеўскі, вартаўнік жонак. I прыдбала Естэр зычлівасьць у вачох усіх, што бачылі яе.
16 I ўзялі Естэр да караля Агасвера, да каралеўскага дому ягонага, дзясятага месяца, значыцца месяца Тэбефа, сёмага году дзяржавы ягонае.
17 I палюбіў кароль Естэр над усі жанкі, і яна прыдбала ў яго ласку а зычлівасьць над усі дзяўчаты; і ён узлажыў карону каралеўскую на галаву ёй, і ўчыніў яе караліцаю замест Вашты.
18 I справіў кароль вялікую чэсьць усім князём сваім а служцом сваім — чэсьць дзеля Естэры, і зрабіў палёгку краём, і раздаў дары пакаралеўску.
19 I як другім наваратам зьберты былі дзеўкі, і Мордэхай сядзеў ля брамы каралеўскае,
20 Естэр не азнаймляла радні свае а люду свайго, як расказаў ёй Мордэхай; а слова Мордэхаёва Естэр паўніла таксама, як тады, як была ў яго на ўзгадаваньню.
21 Таго часу, як Мордэхай сядзеў ля брамы каралеўскае, два каралеўскія легчанцы, Біґфан а Ферэш, з тых, што сьцераглі парог, узлаваліся й задумлялі налажыць руку на караля Агасвера.
22 I, даведаўшыся праз гэта, Мордэхай наказаў караліцы Естэры, а Естэр наказала каралю ад Мордэхая.
23 I прасачылі справу і знайшлі, і іх абодвых засілілі на дзерве. I ўпісалі да кнігі летапісу ў караля.

Кніга Эстэрына, 2 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.