Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Гаспадарстваў | 6 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 І было на чатырыста асьмідзясятым годзе па выхадзе сыноў Ізраелявых ізь зямлі Ягіпецкае, на чацьвертым годзе гаспадарстваваньня Салямона над Ізраелям, месяца зыфа, — а гэта другі месяц, што пачаў ён ставіць дом СПАДАРУ.
2 I дом, каторы пастанавіў кароль Салямон СПАДАРУ, быў удаўжкі шасьцьдзясят локцяў, ушыркі дваццаць і ўвышкі трыццаць локцяў.
3 I сені перад сьвятыняю дому дваццаць локцяў удаўжкі, подле шырыні сьвятыні, і дзесяць локцяў ушыркі перад сьвятыняю.
4 I зрабіў ён да дому вокны з абсадамі й зачыняныя.
5 I збудаваў ён пятравую прыбудоўку ля сьцяны дому, навокал сьценаў дому, навокал сьвятыні а Сьвятога Сьвятых; і зрабіў пакоі навокал.
6 Прыземле было пяцёх локцяў ушыркі, сярэдняя часьць шасьцёх локцяў ушыркі, а трэйцяя часьць сямёх локцяў ушыркі; бо ўступы зрабіў дому знадворку навокал, каб балькі ня ўходзілі да сьценаў дому.
7 Як станавілі дом, на будоўлю ўжывалі цэлых часаных камянёў; ані молата, ані цяслы, ані ўсялякага іншага зялезнага снадзіва ня чуваць было ў сьвятыні пры станаўленьню яе.
8 Дзьверы сярэдніх пакояў былі з правага боку дому. Пакручастымі ўсходамі ўзыходзілі на сярэднюю часьць, а ізь сярэдняе на трэйцюю.
9 I пастанавіў ён дом, і скончыў яго, і накрыў дом крохвамі кедравымі а драніцамі.
10 I прыбудаваў пятру да ўсёга дому ўвышкі пяць локцяў, і прымацаваў да дому кедравымі бёрнамі.
11 I было слова СПАДАРОВА Салямону, кажучы:
12 «Узглядам дому гэтага, каторы ты становіш, то калі ты будзеш хадзіць у вуставах Маіх, і выпаўняць суды Мае, і дзяржаць усі расказаньні Мае, каб хадзіць у іх, то Я споўню табе слова Мае, каторае Я казаў Давіду, айцу твайму
13 I буду перабываць сярод сыноў Ізраелявых, і не пакіну люду Свайго Ізраеля».
14 I пастанавіў Салямон дом, і скончыў яго.
15 I пастанавіў сьцены сьвятыні ў сярэдзіне зь кедравых дашчок, ад мосту дому аж да балькаў столі ў сярэдзіне ашаляваў дзервам, а мост дому масьціў кіпрысавамі дошкамі.
16 I ён пастанавіў зь кедравага дзерва сьцяну дваццацёх локцяў удаўжкі ад мосту аж да столі, і ён пастанавіў гэтую сьцяну ўнутры дзеля палацу — дзеля Сьвятога Сьвятых.
17 I сорак локцяў быў дом, значыцца дом сьпераду.
18 На кедрах дому ўнутры былі выразаны пупушкі а кветкі расквіцелыя; усе было прыкрыта кедрам, каменя ня відаць было.
19 I палац унутры дому ён прыгатаваў, каб пастанавіць там скрыню змовы СПАДАРОВАЕ.
20 I палац унутры быў удаўжкі дваццаць локцяў, ушыркі дваццаць локцяў і ўвышкі дваццаць локцяў; ён ашаляваў яго ачышчаным золатам; ашаляваў таксама й кедравы аброчнік.
21 I ашаляваў Салямон дом унутры ачышчаным золатам, і правёў залатыя ланцугі перад палацам, і ашаляваў яго золатам.
22 Увесь дом ён шаляваў золатам, пакуль ня скончыў увесь дом; і ўвесь аброчнік, каторы перад палацам, ашаляваў золатам.
23 I зрабіў у палацу двух херуваў з аліўнага дзерва, увышкі дзесяць локцяў.
24 Адно крыло херува было пяцёх локцяў і другое крыло херува пяцёх локцяў; дзесяць локцяў было ад аднаго канца крылаў яго да другога канца крылаў яго.
25 Дзесяцёх локцяў і другі херуў; аднолькавае меры і аднолькавае хормы абодва херувы.
26 Увышкі адзін херуў дзесяць локцяў, таксама й другі херуў.
27 I пастанавіў ён херуваў сярод дому ўнутры. Крылы ж херуваў былі распушчаныя, і датыкалася крыло аднаго да сьцяны, а крыло другога херува датыкалася да другое сьцяны; другія ж крылы іх сярод дому датыкаліся крыло да крыла.
28 I пацягнуў ён херуваў золатам.
29 I на ўсіх сьценах дому навокал ён выплеў адкрытыя пляцёнкі херуваў і пальмавых дзерваў і расквіцелых кветак, унутры й знадворку.
30 I мост у доме ашаляваў золатам у нутры й знадворку.
31 Да ўходу да палацу зрабіў дзьверы з аліўнага дзерва, зь пяцьсьценнаю абсадаю.
32 На дзьвюх дзьвярынах дзьвярэй з аліўнага дзерва ён выплеў пляценьні херуваў а пальмы а расквіцелыя кветкі, і пацягнуў золатам, і спусьціў золата на херувы а пальмы.
33 I таксама ён зрабіў уход да сьвятыні з чатырасьценнай абсадаю з аліўнага дзерва,
34 I дзьве дзьвярыны зь кіпрысавага дзерва; дзьве дошкі адных дзьвярэй былі ссуваныя, таксама дзьве заслоны другіх дзьвярэй былі ссуваныя.
35 I выплеў на іх херуваў а пальмы а расквіцелыя кветкі, і пацягнуў гладкім золатам тое, што было выразана.
36 I збудаваў нутраны панадворак з трох радоў часанага каменя і з раду абробленых кедраў.
37 На чацьверты год, месяца зыфа, палажыў ён под дому СПАДАРОВАГА.
38 А на адзінанцатым годзе, у месяцу булю, — гэта восьмы месяц, — ён скончыў дом з усімі часьцьмі яго і подле ўсіх пастановаў празь яго; станавіў яго сем год.

Першая кніга Гаспадарстваў, 6 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.