Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Гаспадарстваў | 21 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 І сталася па гэтых здарэньнях: у Навофа Ізрэеляніна ў Ізрэелю было вінішча ля палацу Агава, караля Самарскага.
2 I гукаў Агаў Навофу, кажучы: «Аддай імне свае вінішча; зь яго будзе ў мяне варыўны гарод, бо яно блізка да дому майго; а замест яго я дам табе вінішча лепшае за гэтае, альбо, калі хочаш, дам табе срэбра, колькі яно варта».
3 I сказаў Навоф Агаву: «Крый, СПАДАРУ, мяне, каб я аддаў табе спадак айцоў сваіх!»
4 I прышоў Агаў двору смутны а гнеўны з тога слова, каторае казаў яму Навоф Ізрэелянін, кажучы: «Не аддам табе спадку айцоў сваіх». I лёг на ложак свой, і адвярнуў від свой, і хлеба ня еў.
5 I ўвыйшла да яго жонка ягоная Езэвель, і гукала яму: «Чаму смутны дух твой, што ты й хлеба не ясі?»
6 Ён гукаў ёй: «Як я гукаў Навофу Ізрэеляніну і сказаў яму: “Аддай імне вінішча свае за срэбра альбо, калі хочаш, я дам табе вінішча замест яго”, тады ён сказаў: “Не аддам табе вінішча свайго”».
7 I сказала яму Езэвель, жонка ягоная: «Што за гаспадарства цяпер ты робіш у Ізраелю? устань, еж хлеб, і хай вяселіцца сэрца твае; я дам табе вінішча Навофа Ізрэеляніна».
8 I напісала лісты ад Агава, і запячатавала іх пячацяй ягонаю, і паслала тыя лісты старцом а паном у ягоным месьце, з Навофам жывучым.
9 I напісала ў лістох, кажучы: «Агаласіце пост, і пасадзіце Навофа на чале люду;
10 I пасадзіце двух сыноў веляла насупроці яго, каторыя сьветчылі б на яго, кажучы: “Ты блявузґаў на Бога а караля”; і потым вывядзіце яго, і ўкамянуйце, каб ён памер».
11 I зрабілі мужы места ягонага, старцы а паны, у месьце ягоным жывучыя, як паслала ім Езэвель, так, як пісана ў лістох, каторыя яна паслала ім.
12 Агаласілі пост і пасадзілі Навофа на чале люду.
13 I прышлі два сыны веляла, і селі насупроці яго, і сьветчылі на яго, на Навофа перад людам, кажучы: «Навоф блявузґаў на Бога а на караля». I вывялі яго за места, і ўкаменавалі, і ён памер.
14 I паслалі Езэвелі сказаць: «Навоф укаменаваны й памер».
15 I як пачула Езэвель, што Навоф укамеваваны й памер, то сказала Езэвель Агаву: «Устань, вазьмі ў дзяржаньне вінішча Навофа Ізрэеляніна, каторы адмовіўся аддаць табе за срэбра; бо Навоф ня жывець, ён памершы».
16 Як пачуў Агаў, што Навоф памер, дык устаў Агаў, каб зыйсьці да вінішча Навофа Ізрэеляніна і ўзяць яго ў дзяржаньне.
17 I было слова СПАДАРОВА да Ільлі Фішвяніна:
18 «Устань, зыйдзі наўпярэймы Агаву, каралю Ізраельскаму, каторы ў Самары; вось, ён цяпер у вінішчу Навофавым, куды зышоў, каб узяць у дзяржаньне;
19 I гукай яму, кажучы: “Гэтак кажа СПАДАР: ‘Ты забіў і яшчэ ўступаеш у спадак?’” і гукай яму, кажучы: “Гэтак кажа СПАДАР: ‘На тым месцу, ідзе сабакі лізалі кроў Навофа, сабакі будуць лізаць кроў тваю, таксама кроў тваю’”».
20 I сказаў Агаў Ільлі: «Знайшоў ты мяне, злосьніча мой!» Ён сказаў: «Знайшоў; бо ты прадаўся рабіць ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ.
21 Вось, Я навяду на цябе бяду, і вымяту за табою, і выгублю ўв Агава нават тога, што мочыцца на сьцяну, і замкнёнага, і засталага ў Ізраелю.
22 I зраблю з домам тваім так, як зрабіў Я з домам Еровоама Невацёнка і з домам Ваашы Агіёнка, за квяленьне, каторым ты квяліў Мяне і ўвёў Ізраеля ў грэх.
23 Таксама й да Езэвелі казаў СПАДАР, кажучы: “Сабакі зьядуць Езэвель за горадам Ізрэелю”.
24 Хто памрэць ув Агава ў месьце, таго зьядуць сабакі; а хто памрэць на полю, таго зьядуць птушкі нябёсныя».
25 Запраўды ня было яшчэ такога, як Агаў, каторы прадаўся б рабіць нягоднасьць у ваччу СПАДАРА, да чаго падвучала яго Езэвель, жонка ягоная.
26 Ён рабіў вельма агідна, ідучы за балванамі, подле ўсёга, што рабілі Аморэі, каторых СПАДАР прагнаў ад віду сыноў Ізраелявых.
27 I было, як пачуў Агаў словы гэтыя, то разьдзер адзецьці свае, і ўзлажыў на цела свае зрэбніну, і поставаў, і спаў у зрэбніне, і хадзіў памалу.
28 I было слова СПАДАРОВА да Ільлі Фішвяніна, кажучы:
29 «Бачыш, як укарыўся Агаў перад Імною? за тое, што ён укарыўся перад Імною, Я не навяду ліха за дзён ягоных, за дзён сына ягонага навяду ліха на дом ягоны».

Першая кніга Гаспадарстваў, 21 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.