Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Гаспадарстваў | 2 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I дабліжыліся дні Давідавы да сьмерці, і расказаў ён Салямону, сыну свайму, кажучы:
2 «Я адыходжу ў дарогу ўсяе зямлі, ты ж будзь моцны і будзь мужны.
3 I дзяржы заданьні СПАДАРА, Бога свайго, каб хадзіць дарогамі Ягонымі й дзяржаць уставы Ягоныя а расказаньні Ягоныя а суды Ягоныя а сьветчаньні Ягоныя, як напісана ў праве Масеявым, каб табе разумна дзеяць, што маеш дзеяць, і ўсюдых, куды не абернешся;
4 Каб СПАДАР споўніў слова Свае, каторае Ён казаў празь мяне, кажучы: “Калі сынове твае будуць глядзець дарогаў сваіх, каб хадзіць перад Імною ў праўдзе з усёга сэрца свайго й з усяе душы свае, то не адатнецца муж ад цябе, — казаў Ён, — на пасадзе Ізраелявым”.
5 Яшчэ: ты ведаеш, што ўчыніў імне Ёаў Цэруёнак, як зрабіў ён із двума вайводцамі войска Ізраельскага, з Аўніром Ніранком а Амасаю Еферонкам, як ён забіў іх, і разьліў кроў ваенную ў міру, і абліў крывёй ваеннай пояс на сьцёгнах сваіх і вобуй на нагах сваіх.
6 I зробіш подле мудрасьці свае, і ня спусьціш сівізны ягонае супакойна ў магілу.
7 А сыном Варзылая Ґілеадзяніна зрабі ласку, і хай яны будуць памеж тых, што ядуць за сталом тваім, бо гэтак яны дабліжыліся да мяне, як я ўцёк ад Аўсалома, брата твайго.
8 I вось із табою Шымей Ґеранок, Венямінянін із Багурыму; ён клёў мяне цяжкою кляцьбою ў дзень, як я йшоў да Маганаіму; але ён вышаў наўпярэймы імне ля Ёрдану, і я прысяг яму СПАДАРОМ, кажучы: “Я не зраблю табе сьмерці мячом”.
9 А цяпер ты ж не апраў яго, бо ты чалавек мудры й ведаеш, што табе ўчыніць ізь ім, каб спусьціць сівізну яго ў крыві ў магілу».
10 I супачыў Давід із айцамі сваімі, і пахаваны быў у месьце Давідавым.
11 I дзён, каторыя Давід гаспадарстваваў у Ізраелю, было сорак год: у Гэўроне гаспадарстваваў ён сем год, а ў Ерузаліме гаспадарстваваў трыццаць тры гады.
12 I сеў Салямон на пасадзе Давіда, айца свайго, і гаспадарстваваньне ягонае было вельмі трывалкое.
13 I прышоў Адоня, сын Гаґіфін, да Бат-Шэвы, маці Салямонавае. I сказала: «Ці супакойны прыход твой?» I ён сказаў: «Супакойны».
14 I сказаў ён: «У мяне ё слова да цябе». Яна сказала: «Кажы».
15 I сказаў ён: «Ты ведаеш, што гаспадарства належыла імне, і ўвесь Ізраель абярнуў на мяне віды свае, каб я караляваў; але гаспадарства адвярнулася і дасталося брату майму, бо ад СПАДАРА гэта было яму.
16 I цяпер я просьбу адну маю да цябе, не адмоў імне». Яна сказала яму: «Кажы».
17 I сказаў ён: «Гукай, калі ласка, каралю Салямону, бо ён не адмове табе, каб ён даў імне Авішаґу Шунамлянку за жонку».
18 I сказала Бат-Шэва: «Добра, я пагукаю празь цябе каралю».
19 I ўвыйшла Бат-Шэва да караля Салямона гукаць яму праз Адоню. I ўстаў кароль наўпярэймы ёй, і пакланіўся ёй, і сеў на пасадзе сваім. Пастанавілі пасад і маці каралёвай, і яна села па правай руццэ яго.
20 I сказала: «Я маю да цябе адну невялічкую просьбу, не адмоў імне». I сказаў ёй кароль: «Прасі, маці мая, я не адмоўлю табе».
21 I сказала яна: «Хай будзе дана Авішаґа Шунамлянка Адоні, брату твайму, за жонку».
22 I адказаў кароль Салямон, і сказаў маці: «А нашто ты просіш Авішаґу Шунамлянку Адоні? Прасі яму й гаспадарства; бо ён брат старшы за мяне, і ў яго сьвятар Авафар а Ёаў Цэруёнак».
23 I прысягнуў кароль Салямон СПАДАРОМ, кажучы: «Гэтак хай зробе з імною Бог і гэтак хай дадасьць, што на сваю душу сказаў Адоня гэткае слова.
24 I цяпер, — жыў СПАДАР, што ўмацаваў і пасадзіў мяне на пасад Давіда, айца майго, і што ўладзіў імне дом, як казаў Ён, — што сядні Адоня памрэць».
25 I паслаў кароль Салямон Венаём Ёгоядзёнкам, і тый напаў на яго, і зрабіў сьмерць.
26 А сьвятару Авафару кароль сказаў: «Ідзі да Анафофу на свае поле; ты чалавек сьмерці, але цяпер я не зраблю табе сьмерці, бо ты насіў скрыню Спадара БОГА перад Давідам, айцом маім, і цярпеў усе, што цярпеў айцец мой».
27 I прагнаў Салямон Авафара ад службы сьвятарскае СПАДАРУ, каб споўнілася слова СПАДАРОВА, каторае сказаў Ён праз дом Іля ў Шыле.
28 I галасы дайшлі да Ёава, — бо Ёаў сьхінаўся на бок Адоні, а на бок Салямона ня сьхінаўся, — і ўцёк Ёаў да будану СПАДАРОВАГА, і ўхапіўся за рогі аброчніка.
29 I наказалі каралю Салямону, што Ёаў уцёк да будану СПАДАРОВАГА, і вось, ён ля аброчніка. I паслаў Салямон Венаю Ёгоядзёнка, кажучы: «Пайдзі, нападзі на яго».
30 I прышоў Веная да будану СПАДАРОВАГА, і сказаў яму: «Гэтак сказаў кароль: “Выходзь”». I ён сказаў: «Не, бо тут памру». I паслаў Веная сказаць каралю, кажучы: «Гэтак сказаў Ёаў і гэтак ён адказаў імне».
31 Кароль сказаў яму: «Зрабі, як ён сказаў, і нападзі на яго, і пахавай яго, і здыймі нявінную кроў, разьлітую Ёавам, зь мяне а з дому айца майго.
32 Хай аберне СПАДАР кроў ягоную на галаву ягоную за тое, што ён забіў двух мужоў справядлівых і лепшых за яго: і забіў мячом, бязь ведзі айца майго Давіда, Аўніра Ніранка, вайводцу Ізраельскага, і Амасу Еферонка, вайводцу Юдэйскага.
33 Хай абернецца кроў іхная на галаву Ёававу й на галаву насеньня ягонага на векі, Давіду ж а насеньню ягонаму а дому а пасаду ягонаму хай будзе супакой на векі ад СПАДАРА!»
34 I ўзышоў Веная Ёгоядзёнак, і напаў на Ёава, і забіў яго, і ён быў пахаваны ў доме сваім на пустыні.
35 I пастанавіў кароль Салямон Венаю Ёгоядзёнка замест яго над войскам, а Садока сьвятара пастанавіў кароль замест Авафара.
36 I паслаў кароль, і гукнуў Шымея, і сказаў яму: «Пастанаві сабе дом у Ерузаліме, і жыві тут, і ня выходзь адгэтуль ні туды, ні сюды.
37 I ведай добра, што напэўна памрэш таго дня, каторага ты выйдзеш і пярэйдзеш цурэй Кідрон, кроў твая будзе на галаве тваёй».
38 I сказаў Шымей каралю: «Добра кажаш; як казаў спадар мой кароль, так зробе слуга твой». I жыў Шымей у Ерузаліме шмат дзён.
39 I прыгадзілася ў канцу трох год, што ўцяклі два слугі ў Шымея да Ахіша Маашонка, караля Ґафскага. I наказалі Шымяю, кажучы: «Вось, слугі твае ў Ґафе».
40 I ўстаў Шымей, і асядлаў асла свайго, і паехаў да Ґафу да Ахіша, шукаць слугаў сваіх. I пайшоў Шымей, і прывёў слугаў сваіх із Ґафу.
41 I наказалі Салямону, што Шымей хадзіў зь Ерузаліму да Ґафу й зьвярнуўся.
42 I паслаў кароль і гукнуў Шымяя, і сказаў яму: «Ці не прысягаў я табе СПАДАРОМ і ці ня сьветчыў табе, кажучы: “Ведай добра, што памрэш у дзень, калі выйдзеш і пойдзеш туды-сюды”? і ты сказаў імне: “Добрае слова, што я пачуў”.
43 I чаму-ж ты не зьдзяржаў прысягі СПАДАРОВАЕ і расказаньня, што я расказаў табе?»
44 I сказаў кароль Шымею: «Ты ведаеш усе ліха, якое ведае твае сэрца, што ты зрабіў айцу майму Давіду; і абярнуў СПАДАР злосьць тваю на галаву тваю!
45 А кароль Салямон хай будзе дабраславёны, і пасад Давідаў хай будзе непахісны перад СПАДАРОМ на векі!»
46 I расказаў кароль Венаі Ёгоядзёнку, і ён пайшоў, і напаў на яго, і ён памер. I гаспадарства ўмацавалася ў руках Салямона.

Першая кніга Гаспадарстваў, 2 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.