Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Пятра | 3 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Гэта ўжо другое пасланьне пішу да вас, улюбёныя, у якім нагадваньнем пабуджаю чыстае разуменьне вашае,
2 каб вы ўзгадалі словы, раней сказаныя сьвятымі прарокамі, і прыказаньне Госпада і Збаўцы, [перададзенае] апосталамі нашымі,
3 разумеючы спачатку, што ў апошнія дні прыйдуць ла́яльнікі, якія ходзяць паводле сваіх уласных пажаданьняў,
4 і кажуць: «Дзе абяцаньне прыйсьця Ягонага? Бо ад [часу], як сталі паміраць бацькі́, усё гэтак застаецца ад пачатку стварэньня».
5 Бо ад тых, якія хочуць гэтак [думаць], утоена, што нябёсы былі здаўна́, і зямля з вады і праз ваду паўстала праз Слова Божае.
6 Дзеля гэтага тагачасны сьвет загінуў, затоплены вадою,
7 а цяперашнія неба і зямля, якія Ягонае слова ўтрымлівае, захоўваюцца для агню на дзень суду і загубы людзей бязбожных.
8 І тое ня можа быць утоена ад вас, улюбёныя, што ў Госпада адзін дзень — як тысяча гадоў, і тысяча гадоў — як адзін дзень.
9 Не марудзіць Госпад з абяцаньнем, як гэта некаторыя за маруднасьць уважаюць, але Ён доўгацярплівы да нас, не жадаючы некага загубі́ць, але каб усіх прывесьці да навяртаньня.
10 Прыйдзе ж дзень Госпадаў, як злодзей уначы, і тады нябёсы з вялікім шумам прамінуць, а распаленыя стыхіі будуць разбура́цца, і зямля, і справы, што на ёй, будуць спаленыя.
11 Калі так усё гэтае разбу́рыцца, якімі мусіце быць у сьвятым ладзе жыцьця і пабожнасьці вы,
12 якія чакаеце і сьпяшаецеся [бачыць] прыйсьце дня Божага, калі нябёсы, палымне́ючы, разбу́рацца, і распа́леныя стыхіі растопяцца?
13 А мы, паводле Ягонага абяцаньня, чакаем новага неба і новае зямлі, на якіх праведнасьць жыве.
14 Дзеля гэтага, улюбёныя, чакаючы гэтага, намагайцеся, каб Ён знайшоў вас у супакоі, неапаганенымі і беззаганнымі.
15 І доўгацярплівасьць Госпада нашага ўважайце за збаўленьне, як і ўлюбёны брат наш Павал, паводле дадзенай яму мудрасьці, напісаў вам,
16 як ён кажа пра гэта ў-ва ўсіх пасланьнях, у якіх ёсьць нешта складанае да разуменьня, што невукі і неўгрунтаваныя на ўласную сваю загубу перакручваюць, як і іншыя Пісаньні.
17 Дык вы, улюбёныя, ведаючы [гэта] раней, сьцеражыцеся, каб, захапіўшыся падманам беззаконьнікаў, вы не адпалі ад свайго ўмацаваньня,
18 і ўзрастайце ў ласцы і веданьні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень вечны. Амэн.

Другое паўсюднае пасланьне Апостала Пятра, 3 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.