Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І калі выходзіў Ён са сьвятыні, гаворыць Яму адзін з вучняў Ягоных: «Настаўнік, паглядзі, якія камяні ды якія пабудовы!»
2 А Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Бачыш усе гэтыя вялізарныя пабудовы? Не застанецца камяня на камяні, які б ня быў зруйнаваны».
3 І калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў Яго насамоце Пётар, і Якуб, і Ян, і Андрэй:
4 «Скажы нам, калі гэта станецца, і які знак, калі ўсё гэта мае скончыцца?»
5 Ісус, адказваючы ім, пачаў гаварыць: «Глядзіце, каб вас хто не падмануў.
6 Бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і многіх падмануць.
7 А калі пачуеце пра войны і чуткі ваенныя, не трывожцеся, бо ўсё гэта павінна стацца, але гэта яшчэ не канец.
8 Бо паўстане народ на народ, і валадарства на валадарства, і будуць месцамі землятрусы, і будуць голад і замяшаньні. Гэта пачатак му́каў радзін.
9 Глядзіце ж і вы самі, бо будуць вас выдаваць у сынэдрыёны і біць у сынагогах, і будзеце пастаўленыя перад ваяводамі і валадарамі дзеля Мяне на сьведчаньне ім.
10 І ўсім народам павінна спачатку быць абвешчана Эва́нгельле.
11 І калі павядуць вас, каб выдаць, не клапаціцеся наперад, што маеце гаварыць, і не абдумвайце, але што дадзена вам будзе ў гэты час, тое кажыце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты.
12 І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына; і дзеці паўстануць супраць бацькоў і будуць забіваць іх,
13 і будзеце вы ў нянавісьці ў-ва ўсіх дзеля імя Майго. Але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
14 А калі ўбачыце агіду спусташэньня, як сказана праз Данііла прарока, што стане там, дзе не павінна, — хто чытае, няхай разумее, — тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы,
15 а хто на даху, няхай не зыходзіць у дом і не ўваходзіць узяць нешта з дому свайго,
16 і хто ў полі, няхай не вяртаецца назад узяць адзеньне сваё.
17 Але гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні.
18 Дык маліцеся, каб не былі ўцёкі вашыя ў зіму.
19 Бо ў тыя дні будзе такі прыгнёт, якога не было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе.
20 І калі б Госпад не скараціў гэтых дзён, не выратавалася б ніводнае цела, але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скараціў гэтыя дні.
21 І тады калі хто вам скажа: “Вось тут Хрыстос”, ці: “Вось, там”, — ня верце.
22 Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі, і будуць рабіць знакі і цуды, каб зьвесьці, калі магчыма, і выбраных.
23 Вы ж глядзіце: вось, Я вам усё наперад сказаў.
24 Але ў тыя дні, пасьля прыгнёту таго, зацьмее сонца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго,
25 і зоркі нябесныя падаць будуць, і сілы, што ў небе, захістаюцца.
26 І тады ўгледзяць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках з вялікай моцаю і славаю.
27 І тады Ён пашле анёлаў Сваіх, і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
28 У дрэва фігавага навучыцеся прыповесьці: калі ўжо галінка ягоная робіцца мяккай і пускае лісты, разумееце, што блізка лета.
29 Гэтак і вы, калі ўбачыце, што гэта адбываецца, разумейце, што блізка, у дзьвярах.
30 Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, аж усё гэта станецца.
31 Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
32 А пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ані анёлы, што ў небе, ані Сын, а толькі Айцец.
33 Глядзіце, ня сьпіце і маліцеся, бо ня ведаеце, калі прыйдзе пара́.
34 Як чалавек, які, выяжджаючы, пакінуў дом свой, і даў уладу слугам сваім, і кожнаму свой абавязак, і загадаў прыдзьверніку, каб чуваў.
35 Дык чувайце, бо ня ведаеце, калі гаспадар дому прыйдзе: вечарам, ці апоўначы, ці як певень засьпявае, ці раніцай,
36 каб, калі вернецца неспадзявана, не знайшоў вас, што сьпіцё.
37 А што вам кажу, усім кажу: Чувайце!»

Эвангельле паводле Марка, 13 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.