1 Павел, воляю Божаю Апостал Іісуса Хрыста, і Цімафей брат,
2 тым, што ў Калосах, святым і верным братам у Хрысце Іісусе:
3 благадаць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста. Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Іісуса Хрыста, заўсёды молячыся за вас,
4 дачуўшыся пра веру вашу ў Хрыста Іісуса і пра любоў, якую вы маеце да ўсіх святых,
5 у надзеі на ўгатава́нае вам на нябёсах, пра што вы раней чулі ў слове ісціны, у дабравесці,
6 якое прыйшло да вас; як і ва ўсім свеце яно і пладаносіць, і ўзрастае, так і сярод вас ад таго дня, як вы пачулі і спазналі благадаць Божую ў ісціне,
7 як і навучыліся ад Эпафраса, узлюбленага суработніка нашага, вернага дзеля вас служыцеля Хрыстовага,
8 які і паведаміў нам пра вашу любоў у духу.
9 Таму і мы з таго дня, як гэта пачулі, не перастаём маліцца за вас і прасіць, каб вы напаўняліся спазнаннем волі Яго ва ўсякай мудрасці і разуменні духоўным,
10 каб жылі дастойна Госпада, ва ўсім дагаджаючы Яму, прыносячы плод ва ўсякай справе добрай і ўзрастаючы ў спазнанні Бога,
11 умацоўваючыся ўсякаю сілаю паводле магутнасці славы Яго, на трываласць ва ўсім і доўгацярплівасць з радасцю,
12 узносячы падзяку Богу і Айцу, Які паклікаў нас да ўдзелу ў спадчыне святых у святле,
13 Які вызваліў нас з-пад улады цемры і ўвёў у Царства ўзлюбленага Сына Свайго,
14 у Якім мы маем выкупле́нне Крывёю Яго і прабачэнне грахоў,
15 Які ёсць вобраз Бога нябачнага, першанароджаны раней за ўсякае стварэнне;
16 бо Ім створана ўсё, што на нябёсах і што на зямлі, бачнае і нябачнае: ці то прастолы, ці дзяржавы, ці начальствы, ці ўлады, — усё праз Яго і для Яго створана;
17 і Ён існуе раней за ўсё, і ўсё ў Ім знаходзіцца.
18 І Ён — галава цела Царквы; Ён — пачатак, першынец з мёртвых, каб ва ўсім Ён меў пе́ршынства:
19 бо ўгодна было Айцу, каб у Ім заключалася ўся паўната,
20 і каб праз Яго прымірыць з Сабою, устанавіўшы мір праз Яго, Крывёю крыжа Яго, усё — і зямное, і нябеснае.
21 І вас, якія калісьці былі чужымі і варожымі Богу ў думках і ліхіх справах,
22 цяпер Ён прымірыў у целе Плоці Яго, смерцю Яго, каб паставіць вас святымі, і беззаганнымі, і бездакорнымі перад Сабою,
23 калі толькі вы застаяце́ся цвёрдымі і непахіснымі ў веры і не адпада́еце ад надзеі дабравесця, якое вы чулі, якое абвешчана ўсяму стварэнню паднябеснаму і якому я, Павел, стаў служыцелем.
24 Цяпер я радуюся ў пакутах маіх за вас і дапаўняю нястачу ў плоці маёй мук Хрыстовых за Цела Яго, якім з’яўляецца Царква,
25 служыцелем якой я стаў паводле даручэння Божага, дадзенага мне дзеля вас, каб у паўнаце абве́сціць слова Божае,
26 тайну, схаваную ад вякоў і ад родаў, а цяпер адкрытую святым Яго,
27 якім пажадаў Бог паказаць, у чым багацце славы для язычнікаў тайны гэтай, якая ёсць Хрыстос у вас — надзея славы,
28 Якога мы прапаведуем, настаўляючы кожнага чалавека і навучаючы кожнага чалавека ўсёй мудрасці, каб паказаць кожнага чалавека дасканалым у Хрысце Іісусе,
29 дзеля чаго я і працую, змагаючыся сілаю Яго, якая дзейнічае ўва мне магутна.
Да Калосян Пасланне святога Апостала Паўла, 1 глава