Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Евангеля Яана | 7 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 Потым жа Ісуе хадзіў па Ґалілеі, бо не хацеў хадзіць у Юдэі, бо Юдэі шукалі забіць Яго.
2 I бліжэла юдэйскае сьвята Будкаў.
3 Тады браты Ягоныя сказалі Яму: «Выйдзі адгэтуль і йдзі да Юдэі, каб і вучанікі Твае бачылі ўчынкі Твае, каторыя Ты чыніш;
4 Бо ніхто ня робе нічога ў тайбе, і хоча сам быць ведамным; калі Ты чыніш гэтыя ўчынкі, зьявіся сьвету».
5 Бо й браты Ягоныя ня верылі ў Яго.
6 I кажа ім Ісус: «Мая пара яшчэ ня прышла, а вам заўсёды пара.
7 Сьвет ня можа ненавідзіць вас, але Мяне ён ненавідзе, бо Я сьветчу празь яго, што ўчынкі ягоныя ліхія.
8 Вы ўзыйдзіце на гэта сьвята; Я яшчэ ня ўзыйду на гэта сьвята, бо час Мой яшчэ ня выпаўніўся».
9 Сказаўшы гэта ім, застаўся ў Ґалілеі.
10 Але як браты Ягоныя ўзышлі на сьвята, тады Ён таксама ўзышоў на сьвята, ня яўна, а як бы тойма.
11 Юдэі ж шукалі Яго ў сьвята і казалі: «Ідзе Ён?»
12 I шмат было нараканьня на Яго памеж грудамі. Адныя казалі: «Ён добры», другія казалі: «Не, але зводзе груды».
13 Ніхто, адылі, ня гукаў празь Яго яўна, баючыся Юдэяў.
14 Але ўжо ў палавіцы сьвята Ісус увыйшоў у сьвятыню і навучаў.
15 I дзіваваліся Юдэі, кажучы: «Як знае Ён пісьмы, ніколі ня вучыўшыся?»
16 Дык адказаў Ісус і сказаў: «Мая навука не Мая, але таго, хто Мяне паслаў.
17 Хто зыча чыніць волю Ягоную, тый даведаецца праз гэту навуку, ці ад Бога яна, ці Я сам ад Сябе кажу.
18 Хто гукае сам ад сябе, шукае славы свае; а хто шукае славы таго, хто паслаў Яго, Тый праўдзівы, і няма несправядлівасьці ў Ім.
19 Ці ня даў вам Масей права? і ніхто не дзяржыць права. Чаму шукаеце забіць Мяне ?»
20 Адказаў груд: «Нячысьціка маеш; хто шукае забіць Цябе?»
21 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Я зрабіў адзін учынак, і ўсі вы дзівуецеся.
22 Масей даў вам абразаньне, — не каб яно было ад Масея, але ад айцоў, — і вы ў сыботу абразаеце чалавека.
23 Калі чалавек прыймае абразаньне ў сыботу, каб ня быў узрушаны закон Масеяў, чаму на Мяне злуецеся, што Я цэлага чалавека ўздаравіў у сыботу?
24 Ня судзіце подле выгляду, але судзіце суд справядлівы».
25 Тады некатрыя зь Ерузалімцаў сказалі: «Ці ня гэта Тый, Каторага шукаюць забіць?
26 I вось, Ён гукае яўна, і нічога ня кажуць Яму. Ці старцы запраўды прызналі, што гэты ё Хрыстос?
27 Але праз гэтага мы ведаем, скуль Ён: Хрыстос жа, як прыйдзе, ніхто ня будзе ведаць, скуль Ён».
28 I загукаў Ісус у сьвятыні, вучачы а кажучы: «I знаеце Мяне, і ведаеце скуль Я; але Я прышоў ня Сам ад Сябе, а Тый, што паслаў Мяне, ё праўдзівы, каторага ня знаеце.
29 Я знаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне».
30 I шукалі няць Яго, і ніхто не наклаў рукі свае на Яго, бо яшчэ ня прышла гадзіна Ягоная.
31 Але шмат із груду ўверылі ў Яго й казалі: «Ці Хрыстос, як прыйдзе, учыне знакоў балей за тыя, што Гэты ўчыніў?»
32 Пачулі фарысэі гэтыя дзейкі цішком празь Яго ў гурбе, і паслалі фарысэі а найвышшыя сьвятары паслугачоў, няць Яго.
33 Тады Ісус сказаў: «Яшчэ малы час Я з вамі, і пайду да Тога, Хто паслаў Мяне.
34 Будзеце шукаць Мяне, і ня знойдзеце; і йдзе буду Я, вы ня можаце прыйсьці».
35 Дык Юдэі гукалі адны адным: «Куды Ён пойдзе, што мы ня знойдзем Яго? Ці не маніцца Ён ісьці да расьцярушэньня памеж Грэкаў і навучаць Грэкаў?
36 Што за слова, каторае Ён сказаў: ,Будзеце шукаць Мяне, і ня знойдзеце; і йдзе буду Я, вы ня можаце прыйсьці' ?»
37 Апошняга дня вялікага сьвята Ісус стаяў і гукаў, кажучы: «Хто сьмягне, ідзі да Мяне й напіся.
38 Хто вера ў Мяне, як сказана ў Пісьме, ,Рэкі жывое вады пацякуць із улоньня ягонага' ».
39 А гэта сказаў Ён праз Духа, Каторы мелі адзяржаць тыя, што верылі ў Яго, бо Духа на іх ня было яшчэ, бо Ісус ня быў яшчэ ўслаўлены.
40 Тады з груду, пачуўшы гэтае слова, казалі: «Гэта запраўды тый прарока».
41 Другія казалі: «Гэта Хрыстос». Іншыя гукалі: «Ціж із Ґалілеі прыйдзе Хрыстос?
42 Ці не сказала Пісьмо, што Хрыстос прыйдзе з насеньня Давідавага і ізь сяла Бэтлеему, скуль Давід быў?»
43 Дык быў падзел у грудзе што да Яго.
44 Некатрыя ж зь іх зычылі няць Яго, але ніхто не наклаў рукі на Яго.
45 Дык паслугачыя прышлі да найвышшых сьвятароў а фарысэяў, і гэтыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго ?»
46 Паслугачыя адказалі: «Ніколі чалавек ня гукаў так, як Гэты Чалавек».
47 I фарысэі адказалі ім: «Нягож і вы зьведзены?
48 Ці хто із старцоў уверыў у Яго альбо з фарысэяў ?
49 Але гэты груд, каторы ня знае Права, пракляты ён».
50 Кажа ім Мікадым, тый, што прыходзіў да Яго ўперад, будучы адзін ізь іх:
51 «Ці судзе Права наша чалавека, ня выслухаўшы яго ўперад і не даведаўшыся, што ён робе?»
52 Адказалі й сказалі Яму: «Ці й ты не з Ґалілеі? Скумай і глядзі, што ніякі прарока не паўстаець із Ґалілеі».
53 I пайшлі да дамоў сваіх.

Евангеля подле сьвятога Яана, 7 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.