Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І пачулі Шэфата Матфанёнак а Ґедаля Пашгуронак а Юхал Шэлемёнак а Пашгур Малшанок словы, што Ярэма мовіў да ўсёга люду, кажучы:
2 «Гэтак кажа СПАДАР: “Тый, што застанецца ў гэтым месьце, памрэць ад мяча, ад галадові а ад ліпучкі; але хто выйдзе да Хальдэяў, будзе жыць, і будзе яму душа ягоная за здабытак, і будзе жыць”.
3 Гэтак кажа СПАДАР: “Канечне гэтае места будзе аддана ў руку войска караля Бабілёнскага, каторы возьме яго”».
4 І сказалі князі каралю: «Хай памрэць жа гэта людзіна, бо гэтак ён славе рукі вояў, што засталіся ў гэтым месьце, і рукі ўсяго люду гуканьнямі такіх словаў ім; бо гэтая людзіна ня рупіцца праз дабро гэтаму люду, але празь ліха».
5 І сказаў кароль Сэдэка: «Вось, ён у руках вашых, бо кароль ня можа нічога зрабіць напярэк вам».
6 Тады ўзялі Ярэму й кінулі яго ў лёх Малхіі каралевіча, што на панадворку вязьніцы, і спусьцілі Ярэму на паварозах; а ў лёху ня было вады, але балота; дык Ярэма ўграз у балоце.
7 І пачуў Евед-Мелех, Ефіоплянін, легчанец, каторы быў у доме каралеўскім, што яны ўкінулі Ярэму ў лёх; кароль жа сядзеў у браме Веняміновай.
8 Евед-Мелех вышаў з каралеўскага дому і гукаў каралю, кажучы:
9 «Гаспадару мой, каролю! ліха зрабілі гэтыя людзі ўсім тым, што зрабілі Ярэме прароку, каторага ўкінулі ў лёх: ён жа памрэць там, ідзе ён ёсьць, з голаду, бо няма ўжо хлеба ў месьце».
10 Тады кароль расказаў Евед-Мелеху, Ефіопляніну, кажучы: «Вазьмі адгэтуль трыццацёх чалавекаў із сабою і выцягні Ярэму прароку зь лёху, пакуль не памер».
11 Дык Евед-Мелех узяў людзёў із сабою, і пайшоў да дому каралеўскага пад скарбніцу, і ўзяў стуль старое кіненае адзежы а старога збуцьвелага рызьзя, і спусьціў іх паварозамі Ярэме да лёху.
12 І сказаў Евед-Мелех, Ефіоплянін, Ярэме: «Палажы ж старую кіненую адзежу й мяккое рызьзё пад пахі рук сваіх пад паварозы». І Ярэма зрабіў гэтак.
13 Дык пацягнулі Ярэму паварозамі і ўзьвялі яго зь лёху, і Ярэма застаўся на панадворку вязьніцы.
14 Тады кароль Сэдэка паслаў, і ўзяў Ярэму прароку да сябе, да трэйцяга ўходу дому СПАДАРОВАГА, і сказаў кароль Ярэме: «Папытаюся ў цябе штось, не таі нічога ад мяне».
15 Тады Ярэма сказаў Сэдэку: «Калі я скажу табе, ці ты напэўна ня зробіш імне сьмерці? і калі я дам табе раду, ты не паслухаеш мяне».
16 Дык Сэдэка кароль прысягаў Ярэме патай кажучы: «Жыў СПАДАР, Каторы ўчыніў нам душу гэту, я не зраблю табе сьмерці і не аддам цябе ў руку тых людзёў, што шукаюць душы твае».
17 І сказаў Ярэма Сэдэку: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог войскаў, Бог Ізраеляў: “Калі ты самахоць выйдзеш да князёў караля Бабілёнскага, тады душа твая будзе жыць, і гэтае места ня будзе спалена цяплом, і будзеш жыць ты а дом твой.
18 Але калі ты ня выйдзеш да князёў караля Бабілёнскага, тады места гэтае будзе аддана ў руку Хальдэяў, і яны спаляць яго цяплом, і ты не ўцячэш ад рукі іхнае”».
19 І сказаў Сэдэка кароль Ярэме: «Я баюся Юдэяў, што перайшлі да Хальдэяў, каб яны не аддалі мяне ў руку іх, і каб тыя не насьміяліся зь мяне».
20 І сказаў Ярэма: «Не аддадуць; паслухай жа голасу СПАДАРОВАГА, што я кажу табе, дык будзе добра табе, і душа твая будзе жыва.
21 Але калі ты адмовішся выйсьці, во слова, што аб’явіў імне СПАДАР:
22 “І вось, усі жонкі, засталыя ў доме караля Юдэйскага, будуць выведзены да князёў караля Бабілёнскага, і скажуць яны: ‘Спадманулі цябе й перамаглі цябе хаўрусьнікі твае; угразьлі ногі твае ў балота, яны адвярнуліся назад’.
23 І ўсі жонкі твае а дзеці твае вывядуць да Хальдэяў, і ты не ўцячэш ад рукі іхнае, але будзеш схоплены рукою караля Бабілёнскага, і ты прычыніш, што места гэтае будзе спалена цяплом”».
24 Тады сказаў Сэдэка Ярэме: «Няхай ніхто ня ведае гэтыя словы, і ты не памрэш.
25 А калі князі пачуюць, што я мужаваў із табою, і прыйдуць да цябе, і скажуць табе: “Азнаймі нам, што ты казаў каралю, не таі ад нас, і мы ня зробім табе сьмерці, — і таксама, што казаў кароль табе”;
26 Тады скажы ім: “Я выказаў сваю просьбу каралю, каб ён не зьвярнуў мяне да дому Ёнафановага, каб не памерці там”».
27 І прышлі ўсі князі да Ярэмы, і папыталіся ў яго, і ён сказаў ім подле ўсіх тых словаў, што кароль расказаў. Дык яны пакінулі гаворку зь ім, бо справы не пачулі.
28 Дык заставаўся Ярэма на панадворку вязьніцы да тога дня, калі быў узяты Ерузалім, і ён быў, як Ерузалім быў узяты.

Кніга прарокі Ярэмы, 38 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.