1 А з васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны зрабілі яны службовыя адзецьці да служэньня ў сьвятыні; і зрабілі сьвятыя адзецьці Аарону, як расказаў СПАДАР Масею.
2 І зрабіў наплечнік із золата, з васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны і зь цянюсенькага палатна.
3 І выкляпалі яны бляшкі золата, і павыціналі зь іх ніці, каб ператыкаць імі васільковыя а пурпуровыя, чырвовыя а цянюсенькія, умелай работаю.
4 Прырамкі зрабілі яму зьвязуючыя; на абодвых канцох сваіх ён быў зьвязаны.
5 І пояс наплечніка, каторы паверх яго, аднолькавае зь ім работы, із золата, з васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны і цянюсенькага палатна, як расказаў СПАДАР Масею.
6 І абрабілі каменчыкі оніксавыя, асадзіўшы іх у залатыя асады й выґравіраваўшы на іх імёны сыноў Ізраелявых, як ґравіруюць пячаці.
7 І палажыў ён іх на прырамкі наплечніка, каменчыкі на памятку сыноў Ізраелявых, як расказаў СПАДАР Масею.
8 І зрабіў нагруднік умелай работаю, такою ж работаю, як наплечнік, із золата, з васільковае, пурпуровае а чырвовае воўны і зь цянюсенькага тканага палатна.
9 Ён быў чатыракутні; падвойны зрабілі яны нагруднік пядзю ўдаўжкі й пядзю ўшыркі, падвойны.
10 І ўсадзілі ў яго чатыры радкі каменчыкаў у рад: рубін, топаз, шмараґд — першы радок.
11 І радок другі: карбункуль, шафір а дыямэнт;
12 І радок трэйці: яхонт, агат а амэтысты;
13 І радок чацьверты: хрызоліт, онікс а ясьпіс. Укладзены й асаджаны ў золата ў сваім парадку.
14 І каменчыкаў да ймёнаў сыноў Ізраелявых, вось, іх двананцаць подле ймёнаў, выґравіраваныя, як пячаці, кажны подле імені свайго, на двананцаць плямёнаў.
15 І зрабілі на нагруднік ланцужкі, як шнюркі, вітай работаю із шчырага золата.
16 І зрабілі два залатыя аплікі і два залатыя колцы, і прымацавалі два колцы да двух канцоў нагрудніка.
17 І ўвялі абодва вітыя залатыя ланцужкі ў два колцы па канцох нагрудніка.
18 А два канцы двух ланцужкоў прычапілі да двух аплікоў і прымацавалі іх да прырамкаў наплечніка з дабрага боку яго.
19 І арабілі два колцы залатыя, і прымацавалі да двух канцоў нагрудніка на тым баку, штода наплечніка ўнутр.
20 І зрабілі два колцы залатыя, і прымацавалі іх да дзьвюх прырамак наплечніка здолу, з добрага боку яго, у шчапленьню яго над поясам наплечніка.
21 І прымацавалі нагруднік колцамі яго да колцаў наплечніка шнюрком із васільковае воўны, каб ён быў над поясам наплечніка, і каб яе адставаў нагруднік ад наплечніка, як расказаў СПАДАР Масею.
22 І зрабіў верхнюю рызу да наплечніка, тканую ўсю з васільковае воўны,
23 І прарэх рызы ў сярэдзіне яе, як прарэх панцыра, і наўкола яе аблямаваньне, каб ня дзерлася.
24 І зрабілі аны на подале верхняе рызы яблыкі гранатовыя з васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны суканае.
25 І зрабілі званочкі із шчырага золата, і памясьцілі званочкі памеж гранатовых яблыкаў па подалах верхняе рызы наўкола, памеж гранатовых яблыкаў,
26 Званочак а гранатовы яблык, званочак а гранатовы яблык, па подале верхняе рызы да служэньня, як расказаў СПАДАР Масею.
27 І зрабілі хітоны зь цянюсенькага палатна тканае работы, Аарону а сыном ягоным,
28 І мітру зь цянюсенькага палатна, і харошыя турбаны зь цянюсенькага палатна, і нагавіцы лянныя зь цянюсенькага палатна суканага,
29 І пояс ізь цянюсенькага палатна суканага і з васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны, узорнае работы, як расказаў СПАДАР Масею.
30 І зрабілі дошчачку дыядэмы сьвятое із шчырага золата, і напісалі на ёй пісомыя літары, як ґравіруюць на пячаці: «Сьвятасьць СПАДАРУ».
31 І прымацавалі да яе шнюрок із васільковае воўны, каб прывязаваць яе да мітры зьверху, як расказаў СПАДАР Масею.
32 І скончана ўся работа вітальні будану сьветчаньня; і зрабілі сынове Ізраелявы ўсе; подле ўсёга, як расказаў СПАДАР Масею, так зрабілі.
33 І прынесьлі вітальню Масею, будан і ўсе судзьдзе яе, кручкі яе, дошкі яе, завалы яе, стаўпы яе а падложкі яе,
34 І прыкрыцьце із скураў бараніх, хварбаваных на чырвана, і прыкрыцьце із скураў барсуковых, і запінаху запоны,
35 Скрыню сьветчаньня, і нашулкі яе, і века яе,
36 Стол, усе судзьдзе яго й хлябы Выкладу,
37 Сьветач чысты, лянпы яго, лянпы разьмешчаныя, і ўсе судзьдзе яго, і аліву да сьвячэньня,
38 І залаты аброчнік, і алей памазаньня, і кадзельныя пахі, і запону ўходу будану,
39 Аброчнік мядзяны й мядзяную крату да яго, нашулкі яго і ўсе судзьдзе яго, мыцельнік а падложак яго,
40 Заслоны панадворку, стаўпы а падложкі яго, запон да брамы панадворку, паварозкі й кольле, і ўсе судзіны да службы вітальні будану збору,
41 Адзецьці службовыя да служэньня ў сьвятыні, сьвятыя адзецьці Аарону, сьвятару, і адзецьці сыном ягоным да сьвятарстваваньня.
42 Подле усёга як расказаў СПАДАР Масею, так і зрабілі сынове Ізраелявы ўсе служэньне.
43 І абачыў Масей усю работу, і вось, яны зрабілі яе; як расказаў СПАДАР, так і зрабілі. І дабраславіў іх Масей.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Выхад, 39 глава. Пераклад Яна Станкевіча

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.