Библия Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Быццё, 26 Быццё, 26 глава

1 Быў голад на зямлі, звыш ранейшага голаду, які быў у дні Абрагамавыя; і пайшоў Ісаак да Авімэлэха, цара Філістымскага, у Герар.
2 Гасподзь явіўся яму і сказаў: ня йдзі ў Егіпет; жыві ў зямлі, пра якую Я скажу табе;
3 вандруй па зямлі гэтай; і Я буду з табою і дабраслаўлю цябе, бо табе і нашчадкам тваім усе землі гэтыя, і спраўджу прысягу, якою Я прысягаўся Абрагаму, бацьку твайму;
4 памножу нашчадкаў тваіх, як зоркі нябесныя, і дам нашчадкам тваім усе землі гэтыя; дабраславяцца ў семені тваім усе народы зямныя,
5 за тое, што Абрагам паслухаўся голасу Майго і выконваў, што Мною наказана было выконваць: загады Мае, пастановы Мае і законы Мае.
6 Ісаак пасяліўся ў Герары.
7 Жыхары месца таго спыталіся пра жонку ягоную, і ён сказаў: «гэта сястра мая», бо баяўся сказаць: «жонка мая», каб не забілі мяне, думаў ён, жыхары месца гэтага за Рэбэку, бо яна прыгожая з выгляду.
8 Але калі ўжо шмат часу ён там пражыў, Авімэлэх, цар Філістымскі, паглядзеў у акно, убачыў, што Ісаак гуляе з Рэбэкаю, жонкаю сваёю.
9 І паклікаў Авімэлэх Ісаака і сказаў: вось, гэта жонка твая: як жа ты сказаў: яна сястра мая? Ісаак сказаў яму: бо я думаў, каб жа не памерці мне дзеля яе.
10 Але Авімэлэх сказаў: што гэта ты зрабіў з намі? адзін з народу ледзь не злучыўся з жонкаю тваёю, і ты ўвёў бы нас у грэх.
11 І даў Авімэлэх загад усяму народу, сказаўшы: хто кране гэтага чалавека і жонку ягоную, той аддадзены будзе сьмерці.
12 І сеў Ісаак у зямлі той і меў у той год ячменю стакроць: так дабраславіў яго Гасподзь.
13 І стаўся вялікім чалавек гэты і ўзьвялічваўся болей і болей да таго, што зрабіўся вельмі вялікі.
14 У яго былі статкі дробнага і статкі буйнога быдла і мноства ральлі, і Філістымляне пачалі зайздросьціць яму.
15 І ўсе калодзежы, якія выкапалі рабы бацькі ягонага пры жыцьці бацькі ягонага Абрагама, Філістымляне завалілі і засыпалі зямлёю.
16 І Авімэлэх сказаў Ісааку: адыдзі ад нас, бо ты зрабіўся намнога мацнейшы за нас.
17 І Ісаак сышоў адтуль, і разьмясьціўся з намётамі ў даліне Герарскай, і пасяліўся там.
18 І зноў выкапаў Ісаак калодзежы вады, якія выкапаны былі ў дні Абрагама, бацькі ягонага, і якія завалілі Філістымляне пасьля сьмерці Абрагама: і назваў іх тымі самымі назовамі, якімі назваў іх бацька ягоны.
19 І капалі рабы Ісаакавыя ў даліне і знайшлі там калодзеж вады жывой.
20 І спрачаліся пастухі Герарскія з пастухамі Ісаакавымі, кажучы: наша вада. І ён даў калодзежу імя: Эсэк, бо спрачаліся зь ім.
21 Выкапалі другі калодзеж; спрачаліся таксама і за яго; і ён даў яму імя: Сітна.
22 І ён рушыў адсюль і выкапаў іншы калодзеж, за Які ўжо не спрачаліся; і даў яму імя: Рэхавот; бо, сказаў ён, цяпер Гасподзь даў нам прасторнае месца, і мы памножымся на зямлі.
23 Адтуль перайшоў ён у Вірсавію.
24 І ў тую ноч зьявіўся яму Гасподзь і сказаў: Я Бог Абрагама, бацькі твайго: ня бойся, бо Я з табою, і дабраслаўлю цябе і памножу нашчадкаў тваіх, дзеля Абрагама, раба Майго.
25 І ён спарудзіў там ахвярнік і заклікаў імя Госпада. І паставіў там намёт свой, і выкапалі там рабы Ісаакавыя калодзеж.
26 Прыйшоў да яго зь Герара Авімэлэх, і Ахузат, сябар ягоны, і Фіхол, ваеначальнік ягоны.
27 Ісаак сказаў ім: навошта вы прыйшлі да мяне, калі вы зьненавідзелі мяне і выслалі мяне ад сябе?
28 Яны сказалі: мы ясна пабачылі, што Гасподзь быў з табою, і таму мы сказалі: пастановім паміж намі і табою прысягу і заключым з табою спрымірэнства,
29 каб ты не рабіў нам ліха, як і мы не кранулі цябе, а рабілі табе толькі добрае і адпусьцілі цябе зь мірам; цяпер ты дабраславёны Госпадам.
30 Ён зладзіў ім гасьціну, і яны елі і пілі.
31 І ўстаўшы з самае раніцы, прысягнулі адзін аднаму; і адпусьціў іх Ісаак, і яны пайшлі ад яго зь мірам.
32 У той самы дзень прыйшлі рабы Ісаакавыя і паведамілі яму пра калодзеж, які капалі яны, і сказалі яму: мы знайшлі ваду.
33 І ён назваў яго: Шыва. Таму імя гораду таму Бэер-Шыва да гэтага дня.
34 І было Ісаву сорак гадоў, і ўзяў сабе за жонку Егудыту, дачку Бээра Хэтэяніна, і Васэмату, дачку Элона Хэтэяніна.
35 І яны былі завадаю Ісааку і Рэбэцы.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Быццё, 26 глава. Пераклад Васіля Сёмухі

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.