Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Выслоўяў 26 Кніга Выслоўяў 26 раздзел

1 Як снег улетку, а дажджы ў жніво, так слава непрыстойная для бязглуздага.
2 Як птушка, што пералятае да іншага, і ластаўка, што пырхае, так не здзейсніцца праклён, што казалі дарэмна.
3 Бізун для каня, і для асла аброць, а розга — для спіны бязглуздых.
4 Не адказвай бязглуздаму па яго бязглуздасці, каб ты не стаў да яго падобны;
5 бязглуздаму адказвай на яго бязглуздасць, каб не здавалася яму, што ён мудры.
6 Ногі сабе адсякае і робіць шкоду сабе той, хто пасылае вестку з дапамогай бязглуздага.
7 Як нямоцныя косці ў кульгавага, так прыслоўе — у вуснах бязглуздага.
8 Як той, хто хавае камень у кучу, — так той, хто аддае пашану нямудраму.
9 Церні, што растуць у руцэ п’янага, — гэта прыслоўі ў вуснах бязглуздых.
10 Стралок, які цаляе ва ўсё, — гэта той, хто наймае бязглуздага, і той, хто наймае валацугаў.
11 Як сабака, які вяртаецца да сваёй ірвоты, — бязглузды, што паўтарае бязглуздасць сваю.
12 Бачыў ты чалавека, што самому сабе мудрым здаецца? Больш бязглузды будзе спадзявацца на гэта.
13 Гультай кажа: «Львіца на дарозе, і леў на плошчах».
14 Верцяцца дзверы на круку сваім, а гультай — у ложку сваім.
15 Апускае гультай руку ў місу сваю, ды цяжка яму паднесці яе да вуснаў сваіх.
16 Гультай здаецца сабе мудрэйшым за сем чалавек, што выказваюць меркаванні.
17 Хапае сабаку, праходзячы міма, за вушы той, хто ўблытваецца ў сварку іншага.
18 Як шалее той, хто пускае стрэлы і дзіды ў смерць, —
19 так чалавек, што падманвае сябра свайго і кажа: «Ці не жартам зрабіў я гэта?»
20 Калі не хапае дроў, тухне агонь; і, калі прагнаны пляткар, сваркі ўціхаюць.
21 Як вугалі — для жару, а дровы — для агню, так сварлівы чалавек — для таго, каб распаляць сваркі.
22 Словы паклёпніка — як салодкае, і самі прасочваюцца ўглыб нутра.
23 Як срэбра, што ўпрыгожвае брудную пасудзіну з гліны, — так пяшчотныя вусны і ліхое сэрца.
24 За вуснамі сваімі непрыяцель схаваецца, калі ў сэрцы задумвае хітрасці:
25 не давярай яму, калі змякчае ён голас свой, бо сем агіднасцей — у сэрцы яго;
26 вераломна затоіць ён нянавісць, а каварства яго выявіцца ў сходцы.
27 Хто капае яму, той упадзе ў яе; і хто скідвае камень, да таго ён вернецца.
28 Ілжывы язык не любіць праўду, і вусны няпэўныя рыхтуюць пагібель.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Выслоўяў Саламонавых, 26 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2025. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.