1 У другі год царавання Артаксэркса, вялікага цара, у першы дзень месяца Нісан бачыў сон Мардахэй, сын Яіра, сына Сэмэя, сына Кіса з пакалення Бэньяміна, юдэй, знакаміты чалавек; пражываў ён у горадзе Сузы і спаўняў службу пры царскім двары. І быў у яго сон такі: пачуліся крыкі, гоман і грымоты, і землятрус, і замяшанне страшэннае на зямлі. І вось, два вялікія драконы прыйшлі, гатовыя да бою між сабой; і пачалася страшная бойка іх, і сабраліся народы ў дзень цёмны і ліхі, і паўстала страшэннае замяшанне ў жыхароў зямлі. І забаяліся яны пагібелі, ды прызвалі Бога. І дзеля гэтага іх клічу ўзнікла крыніца невялікая, якая вырасла ў вельмі вялікую раку і расцяклася ў найбагацейшыя воды. З’явілася святло і сонца, і прыніжаныя былі ўзвышаны і знішчылі магутных. Калі Мардахэй убачыў гэты сон, устаўшы з ложка, ён разважаў, што хоча Бог зрабіць; і залегла гэта ў яго душы, пакуль не выявілася.
2 І было гэта ў дні Асуэра, які цараваў ад Індыі аж да Егіпта над ста дваццаццю сямю правінцыямі,
3 калі ён сядзеў на пасадзе свайго царства ў горадзе Сузы, дык вось, ён у трэці год свайго валадарання справіў вялікае застолле для ўсіх сваіх князёў і паслугачоў, для наймужнейшых персаў і мідзян, магнатаў і правіцеляў правінцый, якія разам з ім былі,
4 каб паказаць багацці слаўнага царства свайго, а таксама бляск і веліч магутнасці сваёй на працягу доўгага часу, а менавіта на працягу ста васьмідзесяці дзён.
5 І па заканчэнні дзён застолля запрасіў ён увесь народ, які знаходзіўся ў Сузах, ад найбольшага аж да найменшага; і ён загадаў прыгатаваць сямідзённае застолле на панадворку саду царскага палаца.
6 І з кожнага боку віселі тканіны, якія служылі для будавання палатак: і палатняныя, і гіяцынтавыя, якія падтрымліваліся вісонавымі і пурпуровымі вяроўкамі, што былі прасунуты ў срэбраныя кольцы і падпіраліся мармуровымі калонамі; таксама залатыя і срэбраныя лыжкі стаялі на ізумруднай падлозе, высланай пароскім каменем і іншымі камянямі рознага колеру.
7 А тыя, што запрошаны былі, пілі з залатых і рознакаляровых чар цудоўнае віно, — бо яно было варта царскай велічы, — было яго вельмі шмат ды асабліва падавалася.
8 І да піцця ніхто не змушаў, бо так загадаў цар усім загадчыкам дому свайго, каб кожны дзейнічаў па сваёй волі.
9 Таксама царыца Васці справіла жаночае застолле ў палацы царскім жанчынам, дзе звычайна цар Асуэр прабываў.
10 Такім чынам, на сёмы дзень, калі цар развесяліўся піццём віна, загадаў Маўману, і Базату, і Гарбону, і Багату, і Абгату, і Зэтару, і Хархасу — сямі еўнухам, якія цару Артаксэрксу паслугавалі,
11 каб прывялі царыцу Васці перад цара, узлажыўшы ёй на галаву царскую дыядэму, каб паказаць усім народам і князям яе прыгажосць: бо вызначалася надта вялікай прыгажосцю.
12 Яна не згадзілася і па загадзе цара, які ён перадаў праз еўнухаў, прыйсці не пажадала; дык цар, загневаўшыся ды надта ўзгарэўшыся абурэннем,
13 запытаў у мудрацоў, якія ведалі даўнейшыя часы, бо справы цара разбіраліся перад усімі абазнанымі ў законе і судзе продкаў, —
14 а блізкімі яму былі Харсэна, і Сэтар, і Адмата, і Тарсіс, і Марэс, і Марсана, і Мамухан, — сем князёў персаў і мідзян, якія бачылі аблічча цара ды займалі першыя месцы ў царстве:
15 «Як па законе належыць абысціся з царыцай Васці, якая не захацела споўніць загад Асуэра цара, які быў перададзены праз еўнухаў?»
16 І ў прысутнасці цара і князёў Мамухан адказаў: «Не толькі цара абразіла царыца Васці, але і ўсіх князёў і ўсе народы, якія пражываюць ва ўсіх правінцыях цара Асуэра.
17 Калі бо слова царыцы разыдзецца паміж усіх жанчын, дык яны пагрэбуюць сваімі мужамі ды скажуць ім: “Цар Асуэр загадаў прывесці да яго царыцу Васці, і яна не захацела”.
18 Вось, у гэты самы дзень усе жонкі князёў персаў і мідзян, пачуўшы, што сказала царыца, скажуць тое самае князям царскім; адсюль пагарда і гнеў.
19 Калі табе, валадару, падабаецца, дык няхай выйдзе эдыкт ад цябе ды хай будзе напісана між законаў персаў і мідзян, якія нельга змяніць, што Васці не можа больш уваходзіць да цара Артаксэркса ды няхай яе годнасць царскую аддасць цар яе сяброўцы, больш вартай, чым яна.
20 І гэта хай распаўсюдзяць ва ўсіх правінцыях царства твайго, якое вельмі вялікае, і ўсе жанчыны, ад найбольшай да найменшай, хай аддадуць пашану сваім мужам».
21 Спадабалася яго парада цару і князям, і зрабіў цар па парадзе Мамухана.
22 І паслаў ён лісты ва ўсе правінцыі царства свайго, каб кожны народ мог пачуць і прачытаць на розных мовах з [рознымі] літарамі, што мужы ёсць князі і старэйшыны ў сваіх дамах і што жонкі ўсе, якія з імі, павінны быць ім паслухмянымі.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Эстэр, 1 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.