Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Пасланне да Эфесян | 5 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 Дык вось, будзьце перайма́льнікамі Бога, як дзеці ўзлю́бленыя,
2 і жывіце ў любові, як і Хрыстос узлюбіў нас і аддаў Сябе за нас у прынашэнне і ахвяру Богу як пах водарны.
3 А блуд і ўсялякая нечыстата́ або хцівасць не павінны нават зга́двацца сярод вас, як гэта ма́е быць у святых;
4 таксама бессаромнасць і бязглу́здыя размовы ці непрысто́йныя жарты — гэта нягожа, а лепш падзяка;
5 бо тое ведайце, што ніякі блуднік, альбо нячысты, альбо хцівец, гэта значыць ідаласлужыцель, не ма́е спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога.
6 Няхай ніхто не падманвае вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў праціўлення:
7 дык не майце нічога супольнага з імі.
8 Вы калісьці былі цемраю, а цяпер — святло ў Госпадзе: паводзьце сябе, як дзеці святла,
9 бо плод Духа — ва ўсякай добрасці, праведнасці і ісціне;
10 распазнавайце, што́ даспадобы Богу,
11 і не ўдзельнічайце ў бясплодных справах цемры, а, наадварот, выкрывайце.
12 Бо пра тое, што яны тайна робяць, сорамна і гаварыць.
13 А ўсё вы́крытае робіцца яўным ад святла, бо ўсё, што робіцца яўным, — гэта святло;
14 таму ска́зана: "устань, хто спіць, і ўваскрэсні з мёртвых, і асве́тліць цябе Хрыстос".
15 Дык глядзіце, наколькі асцярожна вы паводзіце сябе, будзьце не як неразумныя, а як мудрыя,
16 даражыце часам, бо дні ліхія.
17 Таму не будзьце неразва́жнымі, а спасціга́йце, у чым воля Божая.
18 І не ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуснасць; а напаўняйцеся Духам,
19 звяртаючыся адзін да аднаго псалмамі, і гімнамі, і песнямі духоўнымі, спяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада,
20 дзякуючы заўжды за ўсё Богу і Айцу, у імя Госпада нашага Іісуса Хрыста,
21 падпарадко́ўваючыся адзін аднаму ў страху Божым.
22 Жонкі, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, як Госпаду,
23 бо муж ёсць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, і Ён жа Спасіцель цела.
24 Але як Царква падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі сваім мужам ва ўсім.
25 Мужы, любíце сваіх жонак, як і Хрыстос узлюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,
26 каб асвяціць яе, ачы́сціўшы ў купелі воднай праз слова;
27 каб паставіць яе перад Сабой як слаўную Царкву, якая не ма́е пля́мы, ці зага́ны, ці чаго-небудзь падобнага, а каб яна была святой і бездакорнай.
28 Так павінны мужы любíць сваіх жонак, як свае целы: хто лю́біць сваю жонку, той лю́біць самога сябе.
29 Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да сваёй плоці, а корміць і грэе яе, як і Гасподзь Царкву,
30 таму што мы члены Цела Яго, ад плоці Яго і ад касцей Яго.
31 Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прыле́піцца да жонкі сваёй, і будуць двое адной плоццю.
32 Тайна гэтая вялікая; а гавару я ў адносінах да Хрыста і да Царквы.
33 Так кожны з вас няхай лю́біць сваю жонку, як самога сябе; а жонка няхай баіцца свайго мужа.

Да Эфесян Пасланне святога Апостала Паўла, 5 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.