Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1-е Пасланне да Карынфян | 14 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 Дасягайце любові; імкніцеся да дароў духоўных, асабліва ж да таго, каб прарочыць.
2 Бо хто гаворыць мовамі, той гаворыць не людзям, а Богу; бо ніхто не разумее: ён у ду́ху гаворыць тайны;
3 а хто прарочыць, той лю́дзям гаворыць для ўмацава́ння, і падтрымкі, і суцяшэ́ння.
4 Хто гаворыць мовамі, той настаўляе сябе; а хто прарочыць, той настаўляе царкву.
5 Я хачу, каб усе вы гаварылі мовамі; аднак лепш, каб вы прарочылі; бо той, хто прарочыць, большы за таго, хто гаворыць мовамі, хіба што ён і тлумачыць будзе, каб царква атрымала настаўле́нне.
6 Цяпер жа, калі я прыйду да вас, браты, і буду гаварыць мовамі, то якую карысць прынясу вам, калі не прамоўлю вам або адкраве́ння, або ведаў, або прароцтва, або павучэ́ння?
7 Нават бяздушныя рэчы, якія маюць гуча́нне, — ці жалейка, ці гуслі — калі не пададу́ць выразных гукаў, то як даведацца, што́ іграюць на жалейцы ці на гуслях?
8 І калі труба падасць няя́сны гук, то хто стане рыхтавацца да бітвы?
9 Таксама і вы, калі языком будзеце прамаўляць незразумелыя словы, то як даведацца, што́ вы кажаце? Вы будзеце гаварыць на вецер.
10 Колькі ёсць розных гаворак на свеце, і ніводнай з іх няма без значэння;
11 але калі я не разумею гаворкі, то для таго, хто гаворыць, я — чужаземец, і той, хто гаворыць, — чужаземец для мяне.
12 Так і вы, імкну́чыся да духоўнага, намагайцеся ўзбагаціцца ім дзеля ўмацавання царквы.
13 А таму той, хто гаворыць мовамі, няхай моліцца, каб мог тлумачыць.
14 Бо калі я малюся мовамі, то дух мой моліцца, але розум мой застаецца без плоду.
15 Што ж рабіць? Буду маліцца духам, буду маліцца і розумам; буду спяваць духам, буду спяваць і розумам.
16 Бо калі ты будзеш благаслаўляць духам, то я́к той, хто займае месца недасведчанага, скажа «амінь» на тваю падзяку́ Ён жа не разумее, што́ ты гаворыш.
17 Ты добра ўзносіш падзяку, але іншы не атрымлівае настаўлення.
18 Дзякую Богу майму: я больш за ўсіх вас гавару мовамі;
19 але ў царкве хачу лепш пяць слоў сказаць розумам маім, каб і іншых наставіць, чым дзесяткі тысяч слоў мовамі.
20 Браты! не будзьце дзе́цьмі розумам: на злое будзьце дзе́цьмі, а розумам будзьце сталымі.
21 У законе напісана: «іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць народу гэтаму, але і тады не паслухаюць Мяне, кажа Гасподзь».
22 Дык вось, мовы — гэта знаме́нне не для веруючых, а для няверуючых; а прароцтва не для няверуючых, а для веруючых.
23 Калі ўся Царква збярэцца разам і ўсе будуць гаварыць мовамі, а ўвойдуць недасве́дчаныя альбо няверуючыя, то ці не скажуць, што вы звар’яцелí
24 Калі ж усе прарочаць, а ўвойдзе нехта няверуючы альбо недасве́дчаны, то яго ўсе выкрыва́юць, усе су́дзяць,
25 і гэтак тайны сэрца яго выяўля́юцца, і ён, упаўшы ніц, паклоніцца Богу і ўсклікне: «сапраўды, з вамі Бог».
26 Дык што ж, браты́ Калі вы збіра́ецеся разам, і ў кожнага з вас ёсць псалом, ёсць павучэнне, ёсць мова, ёсць адкравенне, ёсць тлумачэнне, — усё няхай будзе дзеля ўмацавання.
27 Калі хто гаворыць мовамі, то няхай гавораць двое ці, самае большае, трое, і то па чарзе, а адзін няхай тлумачыць.
28 Калі ж не будзе тлумачальніка, то маўчы ў царкве, а гавары сабе і Богу.
29 І прарокі няхай гавораць двое ці трое, а іншыя няхай разважа́юць;
30 калі ж другому, які сядзіць, будзе адкравенне, то першы няхай замаўчыць.
31 Бо ўсе можаце адзін за адным прарочыць, каб усе навучаліся і ўсе атрымлівалі суцяшэнне.
32 І духі прарочыя падпарадкоўваюцца прарокам,
33 таму што Бог — не бязладдзя Бог, а міру. Так адбываецца ва ўсіх цэрквах у святых.
34 Жанчыны вашы ў цэрквах няхай маўчаць, бо не дазволена ім прамаўляць, а належыць падпарадкоўвацца, як і закон кажа.
35 Калі ж яны хочуць чаму навучы́цца, то няхай пытаюцца дома ў сваіх мужоў; бо непрыстойна жанчыне прамаўляць у царкве.
36 Хіба ад вас выйшла слова Божае? Ці да вас адных яно дайшло?
37 Калі хто лíчыць сябе прарокам альбо духоўным, няхай зразумее: тое, што́ я пішу вам, — гэта запаведзі Гасподнія;
38 а хто не прызнае́, няхай не прызнае́.
39 Дык вось, браты мае́, дбайце пра тое, каб прарочыць, але не забараняйце і гаварыць мовамі;
40 толькі ўсё павінна адбывацца добрапрыстойна і ў належным парадку.

Да Карынфян 1-е Пасланне святога Апостала Паўла, 14 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.