Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Пасланне да Рымлян | 11 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 Дык я кажу́: хіба́ адмо́віўся Бог ад народа Свайго? — Ні ў якім разе. Бо і я Ізраільця́нін, з се́мені Аўраа́мавага, з кале́на Веніямінавага.
2 Не адмо́віўся Бог ад народа Свайго, які Ён наперад знаў. Ці ж вы не ве́даеце, што́ гаворыць Пісанне пра Ілію́ як ён скардзіцца Богу на Ізраіль, кажучы:
3 «Госпадзі! прарокаў Тваіх пазабівалі, ахвярнікі Твае паразбуралі; я застаўся адзін, і шукаюць душу́ маю́».
4 Што ж гаворыць яму Божы адказ? — «Я пакінуў Сабе сем тысяч чалавек, якія не схілілі каленяў перад Ваалам».
5 Так і ў цяперашні час, паводле абрання благадаці, захаваўся астатак.
6 А калі паводле благадаці, то не паводле спраў; інакш благадаць не была б ужо благадаццю. Калі ж паводле спраў, то гэта ўжо не благадаць; інакш справа — гэта ўжо не справа.
7 Дык што ж? Ізраіль чаго шукаў, таго не атрымаў; абраныя ж атрымалі, а астатнія зрабіліся бясчу́лымі,
8 як напíсана: «Бог даў ім дух здранцве́ласці, вочы, якімі не бачаць, і вушы, якімі не чуюць, аж па сённяшні дзень».
9 І Давід кажа: «няхай будзе трапе́за іх па́сткаю, і сіло́м, і капка́нам, і адпла́таю ім;
10 няхай зацьмя́цца вочы іх, каб не бачылі, і спіна іх няхай сагне́цца назаўжды́».
11 Дык я пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся, каб зусім упасці? — Ні ў якім разе. Але ад іх падзення — спасенне язычнікам, каб абудзіць у іх раўнівасць.
12 Калі ж іх падзенне — багацце для свету, і іх заняпа́д — багацце для язычнікаў, дык наколькі ж большая паўната іх!
13 Вам кажу, язычнікам: будучы Апосталам язычнікаў, я праслаўляю служэнне маё;
14 можа не́як абуджу́ я раўнівасць у суродзічах маіх і спасу некаторых з іх?
15 Бо калі адвяржэнне іх — прымірэнне свету, дык чым будзе прыняцце, калі не жыццём з мёртвых?
16 Калі рошчына святая, такое ж і цеста; і калі корань святы, такія ж і галіны.
17 Калі ж некаторыя з галін адламаліся, а ты, будучы дзікай аліваю, быў прышчэплены замест іх і стаў супольнікам кораня і соку алівы,
18 то не ганарыся перад галінамі; а калі ганарышся, дык па́мятай, што не ты корань трымаеш, а корань — цябе.
19 Ты скажаш: галіны адламаліся, каб мне быць прышчэпленым.
20 Добра. Яны адламаліся з-за нявер’я, а ты трымаешся вераю: не ганарыся, а бойся.
21 Бо калі Бог не пашкадаваў прыродных галін, то можа і цябе не пашкадаваць.
22 Дык убач добрасць і строгасць Божую: строгасць да тых, якія адпа́лі, а добрасць Божую да цябе, калі застане́шся ў Яго добрасці; інакш і ты будзеш адсе́чаны.
23 Але і тыя, калі не застану́цца ў нявер’і, будуць прышчэ́плены, таму што Бог ма́е сілу зноў прышчапіць іх.
24 Бо калі ты быў адсе́чаны ад дзікай па прыродзе алівы і, насуперак прыродзе, прышчэплены да добрай алівы, дык тым больш гэтыя прыродныя будуць прышчэплены да сваёй алівы.
25 Не хачу я, браты, пакінуць вас у няведанні пра тайну гэтую, каб вы не лічылі самі сябе мудрымі: ажарсцвенне сталася з часткаю Ізраіля да таго, пакуль не ўвойдзе паўната язычнікаў,
26 і тады ўвесь Ізраіль спасёны будзе, як напíсана: «прыйдзе з Сіёна Збавіцель і адверне бязбожнасць ад Іакава;
27 і гэта ім ад Мяне запавет, калі здыму грахі іх».
28 Адносна дабравесця — яны ворагі Богу дзеля вас, але адносна абра́ння — яны ўзлюбленыя Богам дзеля айцоў.
29 Бо дары́ і паклíканне Божае неадме́нныя.
30 Бо як і вы калісьці былí непаслухмянымі Богу, а цяпер памілаваны праз іх непаслухмянасць,
31 так і яны цяпер непаслухмяныя дзеля вашага памілавання, каб і самім ім быць памíлаванымі.
32 Бо ўсіх замкнуў Бог у непаслухмянасць, каб усіх памілаваць.
33 О, бяздонне багацця, і прамудрасці, і ведання Божага! Якія неспасціжныя суды́ Яго і нязве́даныя шляхí Яго!
34 Бо хто спазна́ў розум Гасподні? Альбо хто быў дара́дцам Яго?
35 Альбо хто папярэдне даў Яму, каб атрымаць адпла́ту?
36 Таму што ўсё — з Яго, і праз Яго, і дзеля Яго. Яму і слава на ве́кі. Амінь.

Да Рымлян Пасланне святога Апостала Паўла, 11 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.