1 А ў першы дзень тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць рана, яшчэ поцемкам, да магілы і бачыць, што камень узяты ад грабніцы.
2 Бяжыць і прыходзіць яна да Сімана Пятра і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: «Узялі Госпада з грабніцы і не ведаем, дзе паклалі Яго».
3 Выйшаў тады Пятро і другі вучань і кінуліся да грабніцы.
4 Беглі яны абодва разам, але другі вучань бег хутчэй і абагнаў Пятра і прыйшоў першы да грабніцы,
5 і, нахіліўшыся, бачыць, што ляжаць палотны, аднак ён не ўвайшоў (у грабніцу).
6 Прыходзіць таксама і Сіман Пятро, услед за ім. І ўвайшоў ён у грабніцу і бачыць, што палотны ляжаць,
7 і што хустка, якая была на яго галаве, не з палотнамі ляжыць, але асобна скручаная на сваім месцы.
8 Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыйшоў першы да грабніцы, і ўбачыў і паверыў.
9 Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што Ён павінен уваскрэснуць з мёртвых.
10 І вось пайшлі зноў да сябе вучні.
11 Марыя ж стаяла каля грабніцы знадворку і плакала. І вось, калі плакала, нахілілася яна ў грабніцу,
12 і бачыць, што сядзяць там два анёлы ў белым, адзін у галавах, другі ля ног, дзе ляжала Ісусава цела.
13 І кажуць яны ёй: «Жанчына, чаго ты плачаш?» Кажа ім: «Таму што ўзялі Госпада майго і не ведаю, дзе паклалі Яго».
14 Сказаўшы гэта, яна азірнулася назад і бачыць, што стаіць Ісус. І не ведала яна, што гэта Ісус.
15 Кажа ёй Ісус: «Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?» Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: «Пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я Яго вазьму».
16 Кажа ёй Ісус: «Марыя!» Азірнуўшыся, яна гаворыць яму паяўрэйску: «Раввуні!» (што азначае «Настаўнік»).
17 Кажа ёй Ісус: «Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Бацькі; але ідзі да Маіх братоў і скажы ім: узыходжу да Майго Бацькі і вашага Бацькі і да Майго Бога і вашага Бога».
18 Прыходзіць Марыя Магдаліна і абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і Ён гэта сказаў ёй.
19 Вечарам, у той дзень, у першы дзень тыдня, калі са страху перад іудзеямі дзверы былі зачынены там, дзе былі вучні, прыйшоў Ісус і стаў пасярэдзіне і кажа ім: «Мір вам».
20 І, сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі і бок.
21 Сказаў ім [Ісус] зноў: «Мір вам! Як паслаў мяне Бацька і Я пасылаю вас».
22 І, сказаўшы гэта, дзьмухнуў і кажа ім: «Прыміце Святога Духа.
23 Калі каму адпусціце грахі, адпусцяцца ім, калі ж затрымаеце на кім, затрымаюцца».
24 Фама ж, адзін з Дванаццаці, называны Блізнюк, не быў з імі, калі прыходзіў Ісус.
25 Казалі яму другія вучні: «Мы бачылі Госпада». А ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго знаку ад цвікоў і не ўкладу свайго пальца ў месца цвікоў і не ўкладу сваёй рукі ў Яго бок, ані не паверу».
26 І праз восем дзён зноў былі вучні ў доме і Фама з імі. Прыходзіць Ісус, калі дзверы былі зачыненыя; стаў пасярэдзіне і сказаў: «Мір вам!»
27 Пасля кажа Фаме: «Дай свой палец сюды і паглядзі на Мае рукі, і дай сваю руку і ўкладзі ў Мой бок, і не будзь нявернікам, але вернікам».
28 Адказаў Фама і сказаў Яму: «Госпадзе Мой і Божа Мой!»
29 Кажа яму Ісус: «Ты паверыў, што ўбачыў Мяне, шчаслівыя тыя, што не бачылі і ўверавалі».
30 Шмат і іншых знакаў учыніў Ісус перад вучнямі Сваімі, аб якіх не напісана ў гэтай кнізе.
31 Пра гэтыя ж напісана, каб вы веравалі, што Ісус Хрыстос — Сын Божы, і каб, веруючы, мелі жыццё ў Імя Яго.