1 Сказаўшы гэта, Ісус выйшаў са Сваімі вучнямі на той бок патоку Кедрона, дзе быў сад, у які Ён увайшоў і Яго вучні.
2 Але ведаў і Юда, што выдаў Яго, гэтае месца, бо часта збірраўся там Ісус са Сваімі вучнямі.
3 Дык Юда, узяўшы кагорту, а ад першасвятароў і фарысеяў — служак, прыходзіць туды з ліхтарамі і з паходнямі і са зброяй.
4 Ісус жа, ведаючы ўсё, што павінна адбыцца з Ім, выйшаў і кажа ім: «Каго шукаеце?»
5 Адказалі Яму: «Ісуса Назарэя». Кажа ім Ісус: «Гэта Я». Стаяў жа і Юда, Яго прадажнік, з імі.
6 Дык калі Ён сказаў ім: «Гэта Я», яны адступілі назад і ўпалі на зямлю.
7 Тады Ён зноў папытаўся ў іх: «Каго шукаеце?». Яны сказалі: «Ісуса Назарэя».
8 Адказаў Ісус: «Я сказаў вам, што гэта Я. Дык калі Мяне шукаеце, пакіньце гэтых, хай ідуць», —
9 каб спраўдзілася слова, Ён сказаў: «З тых, каго Ты аддаў Мне, Я не страціў нікога».
10 Сіман жа Пятро, у якога быў меч, выхапіў яго і ўдарыў першасвятаровага раба і адсек яму правае вуха; было ж імя рабу Малх.
11 Сказаў тады Ісус Пятру: «Пакладзі меч у похву. Чару, што даў Мне Бацька, няўжо я не буду піць яе?»
12 І вось кагорта і тысяцкі і служкі іудзейскія ўзялі Ісуса і звязалі Яго,
13 і адвялі Яго спярша да Анны; бо ён быў цесць Каіафы, які быў на той год першасвятаром.
14 Гэта ж быў той Каіафа, хто даў параду іудзеям, што лепш аднаму чалавеку памерці за народ.
15 А ішоў услед за Ісусам Сіман Пятро і другі вучань. Вучань жа той быў знаёмы першасвятару, і ён увайшоў разам з Ісусам у двор першасвятара,
16 а Пятро стаяў за дзвярыма знадворку. Выйшаў тады той вучань, другі, знаёмы першасвятару, і сказаў брамніцы і ўвёў Пятра.
17 Кажа тады Пятру служка-брамніца: «І ты ці не з вучняў Гэтага Чалавека?» Кажа ён: «Не!»
18 І стаялі рабы і служкі, яны расклалі вуголле, бо было холадна, і грэліся. А з імі стаяў і Пятро і грэўся.
19 Першасвятар жа запытаўся ў Ісуса пра Яго вучняў і пра Яго навуку.
20 Адказаў яму Ісус: «Я ўсё адкрыта сказаў свету; Я заўсёды вучыў у сінагогах і ў Святыні, дзе ўсе іудзеі збіраюцца, і патаемна не гаварыў нічога.
21 Што ты ў Мяне пытаешся? Запытайся ў тых, хто чуў, што Я гаварыў ім; вось яны ведаюць, што сказаў Я».
22 Калі ж Ён сказаў гэта, адзін Са служак, што стаяў паблізу, ударыў Ісуса ў твар і сказаў: «Гэтак ты адказваеш першасвятару?»
23 Адказаў яму Ісус: «Калі Я кепска сказаў, дакажы, што кепска. Калі добра, чаго ты мяне б’еш?»
24 Тады паслаў Яго Анна, звязанага, да першасвятара Каіафы.
25 А Сіман Пятро ўсё стаяў і грэўся. Сказалі тады яму: «Ці і ты не з вучняў Яго?». Ён адрокся і сказаў: «Не!»
26 Кажа адзін з рабоў першасвятара, сваяк таго, каму Пятро адсек вуха: «Ці не цябе я бачыў у садзе з Ім?»
27 Тады зноў адрокся Пятро, і адразу ж праспяваў певень.
28 І вось вядуць Ісуса ад Каіафы ў прэторыю. Была раніца, і самі яны Не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца, ды есці пасху.
29 Выйшаў да іх Пілат надвор і кажа: «Якое абвінавачванне выстаўляеце вы супраць гэтага чалавека?»
30 Адказалі яны і сказалі яму: «Каб Ён не рабіў благога, мы не выдалі б Яго табе».
31 Сказаў ім тады Пілат: «Вазьміце Яго вы і паводле вашага закону судзіце Яго». Сказалі яму іудзеі: «Нам нікога не дазваляецца караць смерцю»;
32 каб спраўдзілася слова Ісуса, якое Ён сказаў, даючы зразумець, якою смерцю павінен Ён паміраць.
33 Тады Пілат увайшоў зноў у прэторыю і паклікаў Ісуса і сказаў Яму: «Ці Ты — Цар іудзейскі?»
34 Адказаў Ісус: «Ад сябе ты гэта гаворыш, альбо іншыя сказалі табе пра Мяне?»
35 Адказаў Пілат: «Хіба я — іудзей? Народ твой і першасвятары выдалі Цябе мне. Што ты ўчыніў?»
36 Адказаў Ісус: «Царства Маё не ад гэтага свету; калі б ад гэтага свету было Маё Царства, Мае служкі змагаліся б за тое, каб Я не быў выдадзены іудзеям. Цяпер жа Маё Царства не адсюль».
37 Сказаў тады Яму Пілат: «Значыцца, Ты — усё ж такі Цар?» Адказаў Ісус: «Ты кажаш, што Я — Цар. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, чуе Мой голас».
38 Кажа Яму Пілат: «Што такое праўда?» І, сказаўшы гэта, ён зноў выйшаў да іудзеяў і кажа ім: «Я ніякай не знаходжу ў Ім віны.
39 Ёсць жа звычай у вас, каб я аднаго адпускаў вам на Пасху. Дык хочаце, каб я адпусціў вам Цара Іудзейскага?»
40 Тады закрычалі яны зноў, кажучы: «Не гэтага, але Вараву!» Быў жа Варава разбойнік.