Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Апакаліпсіс, або Адкравенне | 14 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 І ўба́чыў я: вось, А́гнец стаіць на гары́ Сіён, і з Ім сто со́рак чаты́ры ты́сячы, якíя ма́юць імя́ Айца́ Яго, напíсанае на лбах сваіх.
2 І пачу́ў я го́лас з не́ба, бы́ццам шум мно́ства вод і бы́ццам гук гро́му вялíкага; і пачу́ў го́лас бы́ццам гусляро́ў, што гра́лі на гу́слях сваіх.
3 Яны спява́юць нíбы пе́сню но́вую перад прасто́лам і перад чатырма́ жывёламі і ста́рцамі; і ніхто не мог навучы́цца той пе́сні, акрамя́ гэтых ста сарака́ чатыро́х ты́сяч, вы́купленых з зямлí.
4 Гэта тыя, што не апага́ніліся з жанчы́намі, бу́дучы цнатлíвымі; гэта тыя, што іду́ць усле́д за А́гнцам, куды б Ён ні пайшо́ў. Яны вы́куплены з асяро́ддзя людзе́й, як пе́ршынцы Богу і А́гнцу,
5 і ў ву́снах іх не знайшло́ся хíтрасці, бо яны беззага́нныя перад прасто́лам Божым.
6 І ўба́чыў я íншага А́нгела, які ляце́ў пасяро́д не́ба і меў ве́чнае Дабраве́сце, каб дабраве́сціць жыхара́м зямлí і ко́жнаму пле́мені, і кале́ну, і мо́ве, і наро́ду;
7 і гавары́ў ён гу́чным го́ласам: бо́йцеся Бога і ўзнясíце Яму сла́ву, бо наста́ла гадзíна суда́ Яго; і пакланíцеся Таму, Хто ствары́ў не́ба, і зямлю́, і мо́ра, і крынíцы вод.
8 І другі А́нгел ляце́ў усле́д за ім, гаво́рачы: паў, паў Вавіло́н, го́рад вялікі, бо ён віно́м я́расці блу́ду свайго напаíў усе наро́ды.
9 І трэ́ці А́нгел ляце́ў усле́д за імі, гаво́рачы гу́чным го́ласам: хто пакланя́ецца зве́ру і выя́ве яго і прыма́е кляймо́ на лоб свой альбо́ на руку́ сваю,
10 той будзе піць віно́ я́расці Божай, якое прыгатава́на неразба́ўленым у ча́шы гне́ву Яго, і будзе му́чаны ў агнí і се́ры перад святы́мі А́нгеламі і перад А́гнцам.
11 І дым мучэ́ння іх будзе ўздыма́цца на ве́кі вяко́ў, і не бу́дуць мець спако́ю ні ўдзень, ні ўначы́ тыя, што пакланя́юцца зве́ру і выя́ве яго і прыма́юць кляймо́ íмені яго.
12 Тут патрэ́бна сто́йкасць святы́х, якія захо́ўваюць за́паведзі Божыя і ве́ру ў Іісуса.
13 І пачу́ў я го́лас з не́ба, які гавары́ў мне: напішы́: «з гэ́тага ча́су блажэ́нныя мёртвыя, якія паміра́юць у Госпадзе; так, ка́жа Дух, няха́й яны́ адпачну́ць ад пра́цы сваёй, бо спра́вы іх ідуць усле́д за імі».
14 І ўба́чыў я: вось во́блака бе́лае, і на во́блаку сядзíць падо́бны да Сы́на Чалаве́чага; на галаве́ Яго — вяне́ц залаты́, і ў руцэ́ Яго — серп во́стры.
15 І íншы А́нгел вы́йшаў з хра́ма і ўсклíкнуў гу́чным го́ласам, звярта́ючыся да Таго, Хто сядзе́ў на во́блаку: пашлí серп Твой і пажнí, таму што прыйшла́ пара́ жніва́, бо ўраджа́й на зямлí паспе́ў.
16 І Той, Хто сядзе́ў на во́блаку, кíнуў серп Свой на зямлю́, і зямля́ была́ зжа́та.
17 І íншы А́нгел вы́йшаў з хра́ма, што на не́бе, і ён такса́ма меў серп во́стры.
18 І íншы А́нгел, які меў ула́ду над агнём, вы́йшаў ад ахвя́рніка і ўсклíкнуў во́клічам гу́чным, звярта́ючыся да таго, што меў серп во́стры, ка́жучы: пашлі серп твой во́стры і зрэж гро́нкі вінагра́ду на зямлí, бо паспе́лі гро́нкі яго.
19 І кíнуў А́нгел серп свой на зямлю́, і зрэ́заў вінагра́д на зямлí, і кíнуў у вялікую выціска́льню я́расці Божай.
20 І патапта́ны былí я́гады ў выціска́льні за го́радам, і пацякла́ кроў з выціска́льні аж да вуздэ́чак ко́нскіх, на ты́сячу шэсцьсо́т ста́дыяў.

Апакаліпсіс, або Адкравенне святога Апостала Іаана Багаслова, 14 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.