Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Апакаліпсіс, або Адкравенне | 9 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 І пя́ты А́нгел затрубíў, і ўба́чыў я зо́рку, якая з не́ба ўпа́ла на зямлю́, і быў да́дзены ёй ключ ад кало́дзежа бе́здані.
2 І адкры́ла яна кало́дзеж бе́здані, і ўзня́ўся дым з кало́дзежа, як дым з вялікай пе́чы; і ста́лі цьмя́нымі со́нца і паве́тра ад ды́му з кало́дзежа.
3 А з ды́му вы́йшла саранча́ на зямлю́, і да́дзена ёй была́ ўла́да, якую ма́юць зямны́я скарпіёны.
4 І ска́зана было́ ёй, каб не рабíла шко́ды траве́ зямно́й, і нія́кай зелянíне, і нія́каму дрэ́ву, а толькі адны́м лю́дзям, якія не ма́юць пяча́ці Божай на лбах сваіх.
5 І да́дзена было́ ёй не забіва́ць іх, а толькі му́чыць пяць ме́сяцаў; і мучэ́нне ад яе — як мучэ́нне ад скарпіёна, калі ўджа́ліць чалаве́ка.
6 І ў тыя дні лю́дзі бу́дуць шука́ць сме́рці, і не зно́йдуць яе; захо́чуць паме́рці, але смерць уцячэ́ ад іх.
7 А з вы́гляду саранча́ была́ падо́бна да ко́ней, падрыхтава́ных для вайны́; і на гало́вах у яе нíбы вянкí, падо́бныя на зо́лата, і тва́ры ў яе, як тва́ры чалаве́чыя.
8 І валасы́ ў яе, як валасы́ жано́чыя, і зу́бы ў яе былí, як у львоў.
9 І па́нцыры ў яе, як па́нцыры жале́зныя, і шум кры́лаў яе, як шум каляснíц з мно́ствам ко́ней, якія бягу́ць на вайну́.
10 І хвасты́ ў яе, як у скарпіёнаў, і ў хваста́х у яе былí джа́лы; і ўла́да ў яе — шко́дзіць лю́дзям пяць ме́сяцаў.
11 Царо́м над сабою яна ме́ла а́нгела бе́здані; імя́ яго па-яўрэ́йску Аваддо́н, а па-грэ́часку імя́ яго Апалліён.
12 Адно го́ра прайшло́; вось, ідуць за ім яшчэ́ два го́ры.
13 І шо́сты А́нгел затрубíў, і пачу́ў я адзін го́лас ад чатыро́х раго́ў залато́га ахвя́рніка, які быў перад Богам;
14 ён гавары́ў шо́стаму А́нгелу, які меў трубу́: развяжы́ чатыро́х А́нгелаў, звя́заных на вялікай рацэ́ Еўфра́т.
15 І былí развя́заны чаты́ры А́нгелы, прыгатава́ныя на дзень, і гадзíну, і ме́сяц, і год, каб забíць трэць людзе́й.
16 І лік ко́ннага во́йска быў дзве мірыя́ды мірыя́д; я чуў лік яго.
17 І гэ́так уба́чыў я ў відзе́нні ко́ней і тых, што сядзе́лі на іх, ма́ючы на сабе па́нцыры во́гненныя, і гіяцы́нтавыя, і се́рныя; і гало́вы ў ко́ней, як гало́вы львоў, і з па́шчаў іх выхо́дзіў агонь, і дым, і се́ра.
18 Ад гэтых трох бе́дстваў загíнула трэць людзе́й, ад агню́, і ды́му, і се́ры, што выхо́дзілі з па́шчаў іх.
19 Бо сíла ко́ней заключа́лася ў па́шчах іх і ў хваста́х іх, бо хвасты́ іх падо́бны да змей з гало́вамі, і імі яны чы́няць шко́ду.
20 Аста́тнія ж лю́дзі, якія не загíнулі ад бе́дстваў гэтых, так і не пака́яліся ў спра́вах рук сваіх і не пераста́лі пакланя́цца дэ́манам і íдалам, ні залаты́м, ні сярэ́браным, ні ме́дным, ні каме́нным, ні драўля́ным, якія не мо́гуць ні ба́чыць, ні чуць, ні хадзíць;
21 і не пака́яліся яны ні ў забо́йствах сваіх, ні ў чарадзе́йствах сваіх, ні ў блу́дзе сваім, ні ў крадзяжа́х сваіх.

Апакаліпсіс, або Адкравенне святога Апостала Іаана Багаслова, 9 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.