Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Апакаліпсіс, або Адкравенне | 21 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 І ўба́чыў я но́вае не́ба і но́вую зямлю́; бо ране́йшае не́ба і ране́йшая зямля́ міну́лі, і мо́ра ўжо няма́.
2 І я, Іаа́н, уба́чыў го́рад святы́, но́вы Іерусалíм, які сыхо́дзіў ад Бога з не́ба, прыгатава́ны, як няве́ста, убра́ная для му́жа свайго́.
3 І пачу́ў я гу́чны го́лас з не́ба, які каза́ў: вось, скíнія Божая сяро́д людзе́й, і Ён будзе жыць з імі; яны будуць Яго наро́дам, і Сам Бог будзе з імі, будзе Богам іх;
4 і ўтрэ́ Бог кожную слязу́ з вачэ́й іх, і сме́рці ўжо не будзе; ні пла́чу, ні е́нку, ні бо́лю ўжо не будзе; бо ране́йшае міну́ла.
5 І сказа́ў Той, Хто сядзíць на прасто́ле: вось, ствара́ю ўсё но́вае. І ка́жа мне: напішы́; бо сло́вы гэ́тыя íсцінныя і ва́ртыя ве́ры.
6 І сказа́ў мне: здзе́йснілася! Я ёсць А́льфа і Аме́га, пачатак і канец; Я сасма́гламу дам да́рам напíцца з крынíцы вады́ жыво́й.
7 Перамо́жца атрыма́е ў спа́дчыну ўсё, і Я буду яму Богам, і ён будзе Мне сы́нам.
8 А баязлíвых, і няве́рных, і нячы́стых, і забо́йцаў, і блудніко́ў, і чарадзе́яў, і ідаласлужы́целяў, і ўсіх ілгуно́ў — іх до́ля ў во́зеры, якое гары́ць агнём і се́раю. Гэта — смерць друга́я.
9 І прыйшо́ў да мяне́ адзін з сямí А́нгелаў, у якіх было сем чаш, напо́ўненых сямю́ апо́шнімі бе́дствамі, і сказа́ў мне: хадзí, я пакажу́ табе жанчы́ну, няве́сту А́гнца.
10 І ўзнёс мяне́ ў ду́ху на вялíкую і высо́кую гару́, і паказа́ў мне го́рад вялíкі, святы́ Іерусалíм, які сыхо́дзіў з не́ба ад Бога.
11 Ён ма́е сла́ву Божую; і ззя́нне яго — як у кашто́ўнага ка́меня, накшта́лт ка́меня я́спісу крышталёвага;
12 ён ма́е вялíкую і высо́кую сцяну́, ма́е двана́ццаць брам і на бра́мах двана́ццаць А́нгелаў і імёны напíсаныя, імёны двана́ццаці кале́н сыно́ў Ізра́ілевых:
13 з усхо́ду тры бра́мы, з по́ўначы тры бра́мы, з по́ўдня тры бра́мы, з за́хаду тры бра́мы.
14 А сцяна́ го́рада ма́е двана́ццаць падму́ркаў, і на іх імёны двана́ццаці Апо́сталаў А́гнца.
15 Той, што са мной гавары́ў, меў залату́ю трысцíну для вымярэ́ння го́рада, і брам яго, і сцяны́ яго.
16 А го́рад разме́шчаны чатырохку́тнікам, і даўжыня́ яго такая са́мая, як і шырыня́. І зме́раў ён го́рад трысцíнай, наме́раўшы двана́ццаць ты́сяч ста́дыяў; даўжыня́, і шырыня́, і вышыня́ яго ро́ўныя.
17 І сцяну́ яго зме́раў у сто со́рак чаты́ры ло́кці, ме́раю чалаве́чаю, якая ме́ра і А́нгела.
18 Сцяна́ ж яго зро́блена з я́спісу, а го́рад быў — чы́стае зо́лата, падо́бны да чы́стага шкла.
19 Падму́ркі сцяны́ го́рада аздо́блены разнаста́йнымі кашто́ўнымі камяня́мі: падму́рак пе́ршы — я́спіс, другí — сапфíр, трэ́ці — халкідо́н, чацвёрты — ізумру́д,
20 пя́ты — сарданíкс, шо́сты — сарды́с, сёмы — хрызалíт, во́сьмы — беры́л, дзявя́ты — тапа́з, дзяся́ты — хрызапра́з, адзіна́ццаты — гіяцы́нт, двана́ццаты — аметы́ст.
21 А двана́ццаць брам — двана́ццаць жамчу́жын: ко́жная бра́ма была́ з адной жамчу́жыны. Ву́ліцы го́рада — чы́стае зо́лата, як празры́стае шкло.
22 Хра́ма ж я не ба́чыў у ім, бо храм яго — Гасподзь Бог Уседзяржы́цель, а такса́ма А́гнец.
23 І го́рад не ма́е патрэ́бы ні ў со́нцы, ні ў ме́сяцы, каб асвятля́лі яго, бо сла́ва Божая асвятлíла яго, і свяцíльнік яго — А́гнец.
24 І спасёныя наро́ды будуць хадзíць у святле́ яго, і цары́ зямны́я прынясу́ць у яго сла́ву і го́днасць сваю́.
25 І бра́мы яго не будуць замыка́цца ўдзень; но́чы ж там не будзе.
26 І прынясу́ць у яго сла́ву і го́днасць наро́даў.
27 І не ўво́йдзе ў яго нішто нячы́стае, ні той, хто чы́ніць мярзо́ту і падма́н, а толькі запíсаныя ў кнíзе жыцця́ ў А́гнца.

Апакаліпсіс, або Адкравенне святога Апостала Іаана Багаслова, 21 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.