Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Паводле Лукі | 6 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 І давялося Яму ў суботу, першую па другім дні Пасхі, прахо́дзіць пасе́вамі, і вучні Яго зрыва́лі каласы і елі, расціра́ючы рука́мі.
2 Некато́рыя ж з фарысеяў сказалі ім: чаму вы робіце тое, што не дазво́лена рабіць па суботах?
3 І сказаў ім Іісус у адказ: хіба́ вы не чыталі, што́ зрабіў Давід, калі згалада́ўся сам і тыя, што былí з ім?
4 як увайшоў ён у дом Божы і ўзяў хлябы́ выстаўле́ння, якіх не дазво́лена было́ есці нікому, а толькі адным святарам, і еў, і даў тым, што з ім былí.
5 І казаў ім: Сын Чалавечы ёсць гаспада́р і суботы.
6 Давялося і ў другую суботу ўвайсці Яму ў сінагогу і вучы́ць; і быў там чалавек, і правая рука ў яго была́ сухая.
7 Кніжнікі і фарысеі сачылі за Ім, ці не ацалíць Ён у суботу, каб знайсці абвінава́чанне су́праць Яго.
8 Але Ён ведаў по́мыслы іх і сказаў чалавеку, які меў сухую руку́: падыміся і стань пасярэ́дзіне. І той, падняўшыся, стаў.
9 Іісус жа сказаў ім: спытаюся Я ў вас: што́ дазволена рабіць па суботах — дабро рабіць ці зло рабіць? душу́ ўратава́ць ці загубíць? Яны ж маўчалі.
10 І, паглядзе́ўшы на ўсіх іх, сказаў яму: працягнí руку́ тваю. І ён зрабіў так, і стала рука яго здаровай, як другая.
11 Яны ж перапоўніліся шале́нствам і гаварылі між сабою, што́ ім рабіць з Іісусам.
12 І сталася ў тыя дні: выйшаў Ён на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога.
13 А калі настаў дзень, паклíкаў вучняў Сваіх і вы́браў з іх двана́ццаць, якіх і назваў Апосталамі:
14 Сíмана, якога і назваў Пятром, і Андрэя, брата яго, Іакава і Іаана, Філіпа і Варфаламе́я,
15 Матфея і Фаму́, Іакава Алфе́евага і Сíмана, называнага Зіло́там,
16 Іуду Іа́кавага і Іуду Іскарыёта, які і стаў прада́жнікам.
17 І, спусцíўшыся з імі, стаў Ён на роўным ме́сцы і многа вучняў Яго і вялікае мноства людзей з усёй Іудзеі і Іерусаліма, і ўзбярэ́жжа Ты́рскага і Сідонскага,
18 што прыйшлі паслухаць Яго і ацалíцца ад хвароб сваіх, таксама і тыя, што паку́тавалі ад духаў нячыстых; і ацаля́ліся.
19 І ўсе людзі імкну́ліся дакрану́цца да Яго, бо сіла ад Яго сыходзіла і ацаля́ла ўсіх.
20 І Ён, узвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, гаварыў: блажэ́нныя ўбогія духам, бо ваша ёсць Царства Божае.
21 Блажэ́нныя галодныя цяпер, бо насы́ціцеся. Блажэ́нныя, хто плача цяпер, бо засмеяце́ся.
22 Блажэ́нныя вы, калі ўзненавíдзяць вас людзі і калі адлу́чаць вас, і зга́ньбяць, і вы́кінуць імя́ ваша як зло, за Сына Чалавечага.
23 Узрадуйцеся ў той дзень і ўзвесялíцеся, бо вось узнагарода ваша вялікая на небе. Таму што гэтак рабілі прарокам бацькí іх.
24 Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атры́мліваеце ўце́ху вашу.
25 Гора вам, перасы́чаныя цяпер, бо голад зазна́еце. Гора вам, хто смяе́цца цяпер, бо засмутку́еце і запла́чаце.
26 Гора вам, калі добра будуць гаварыць пра вас усе людзі. Бо так рабілі лжэпрарокам бацькí іх.
27 А вам, хто слухае, кажу: любíце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, што ненавíдзяць вас,
28 благаслаўля́йце тых, што пракліна́юць вас, і малíцеся за тых, што кры́ўдзяць вас.
29 Таму, хто б’е цябе па шчацэ́, падстаў і другую; а таму, хто забірае ў цябе вопратку, не перашкаджа́й узяць і сарочку.
30 Кожнаму, хто просіць у цябе, дай; і ў таго, хто забірае тваё, не патрабуй назад.
31 І як вы хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце.
32 А калі вы лю́біце тых, што лю́бяць вас, якая вам за гэта падзяка́ бо і грэшнікі лю́бяць тых, хто іх лю́біць.
33 І калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро, якая вам за гэта падзя́ка? бо і грэшнікі тое самае робяць.
34 І калі пазыча́еце тым, ад каго спадзеяце́ся атрымаць назад, якая вам за гэта падзя́ка? бо і грэшнікі пазыча́юць грэшнікам, каб атрымаць назад столькі ж.
35 Але вы любíце ворагаў вашых, і дабро рабíце, і пазыча́йце, ні на што не спадзеючы́ся; і будзе ўзнагаро́да ваша вялікай, і будзеце сына́мі Усявы́шняга; бо Ён добры і да няўдзя́чных і злых.
36 Дык вось, будзьце міласэ́рныя, як і Айцец ваш міласэ́рны.
37 Не судзíце, і вас не будуць судзíць; і не асуджа́йце, і не будзеце асу́джаны; прабача́йце, і вам праба́чаць;
38 давайце, і вам будзе да́дзена: ме́ру добрую, шчы́льна накла́дзеную, утрэ́сеную, перапо́ўненую дадуць вам у прыпо́л; бо якою ме́раю ме́раеце, такою і вам адме́раецца.
39 Сказаў ім таксама прытчу: хіба́ можа сляпы сляпога вадзíць? ці не абодва ў яму ўпаду́ць?
40 Вучань не вышэйшы за настаўніка свайго, але, удаскана́ліўшыся, кожны будзе, як настаўнік яго.
41 Што ж ты глядзіш на парушы́нку ў воку брата твайго, а бервяна́ ў сваім воку не заўважа́еш?
42 Альбо, як можаш казаць брату твайму: бра́це, дай, я вы́му парушы́нку з вока твайго, — калі сам бервяна́ ў воку тваім не бачыш. Крываду́шнік, вы́мі перш бервяно з твайго вока, і тады ўбачыш, як вы́няць парушы́нку з вока брата твайго.
43 Бо няма добрага дрэва, якое б радзíла кепскі плод, няма і кепскага дрэва, якое б радзíла добры плод.
44 Бо ўсякае дрэва па сваім пло́дзе пазнае́цца: бо з калючых кустоў не збіраюць смокваў і з цярно́ўніку не здымаюць вінаграду.
45 Добры чалавек з добрай ска́рбніцы сэ́рца свайго выно́сіць добрае, а ліхí чалавек з ліхо́й ска́рбніцы сэрца свайго выно́сіць ліхо́е; бо ад перапо́ўненасці сэ́рца гавораць ву́сны яго.
46 Што́ ж клíчаце Мяне: «Госпадзі, Госпадзі!», а не робіце таго, што Я кажу?
47 Кожны, хто прыхо́дзіць да Мяне і слухае словы Мае́ і выко́нвае іх, пакажу вам, да каго падо́бны.
48 Ён падо́бны да чалавека, які, буду́ючы дом, капа́ў і паглы́біўся і закла́ў падму́рак на ка́мені; калі ж зда́рылася разво́ддзе, нахлы́нула рака́ на дом той і не змагла́ пахісну́ць яго, бо ён быў закла́дзены на ка́мені.
49 А хто пачуў і не вы́канаў, той падо́бны да чалавека, які збудава́ў дом на зямлі без падму́рка; калі ж нахлы́нула на яго рака́, адразу ён абвалíўся і было разбурэ́нне дома таго вялікае.

Святое Евангелле паводле Лукі, 6 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.