Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Паводле Матфея | 4 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 Тады Іісус быў узве́дзены Духам у пусты́ню, на спакушэ́нне ад дыявала.
2 І, пасцíўшы сорак дзён і сорак начэй, урэ́шце адчуў голад.
3 І прыступíў да Яго спаку́снік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камянí гэтыя сталі хляба́мі.
4 А Ён сказаў яму ў адказ: напíсана: «не хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім сло́вам, якое зыхо́дзіць з ву́снаў Божых».
5 Тады бярэ Яго дыявал у святы горад і ставіць Яго на крыле́ храма,
6 і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напíсана: «Ангелам Сваім Ён нака́жа пра Цябе, і на руках панясу́ць Цябе, каб не спатыкну́ўся Ты аб ка́мень нагою Тваёю».
7 Казаў яму Іісус: напíсана яшчэ: «не спакуша́й Госпада Бога твайго».
8 Зноў бярэ Яго дыявал на вельмі высокую гару́ і паказвае Яму ўсе царствы свету і славу іх,
9 і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі, па́ўшы, пакло́нішся мне.
10 Тады кажа яму Іісус: адыдзí ад Мяне, сатана; бо напíсана: «Госпаду Богу твайму пакланя́йся, і Яму аднаму служы́».
11 Тады пакіда́е Яго дыявал, — і вось, Ангелы прыступíлі і служылі Яму.
12 Іісус, пачуўшы, што Іаан адда́дзены пад ва́рту, адышоў у Галіле́ю.
13 І, пакíнуўшы Назарэ́т, Ён прыйшоў і пасялíўся ў Капернау́ме прыморскім, у ме́жах Завуло́навых і Нефалíмавых,
14 каб збыло́ся ска́занае праз прарока Іса́ію, які кажа:
15 «зямля Завуло́нава і зямля Нефалíмава, на дарозе прыморскай, за Іарданам, Галіле́я язычніцкая,
16 народ, што сядзíць у це́мры, убачыў святло вялікае, і ўсім, хто сядзíць у краіне і це́ні смерці, заззя́ла святло».
17 З таго часу Іісус пачаў прапаведаваць і казаць: пака́йцеся, бо наблíзілася Царства Нябеснае.
18 А прахо́дзячы каля мора Галілейскага, убачыў Ён двух братоў: Сíмана, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата яго, якія закідвалі мярэ́жы ў мора; бо яны былí рыбакамі.
19 І кажа ім: ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўца́мі людзей.
20 І яны адразу, пакíнуўшы мярэ́жы, пайшлі за Ім.
21 Адтуль прайшоўшы дале́й, убачыў Ён іншых двух братоў, Іакава Зевядзе́евага і Іаана, брата яго, у лодцы з Зевядзе́ем, ба́цькам іх, якія ла́дзілі мярэ́жы свае, і паклíкаў іх.
22 І яны адразу, пакíнуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
23 І хадзіў Іісус па ўсёй Галіле́і, навуча́ючы ў сінагогах іхніх і прапаве́дуючы Дабраве́сце Царства, і ацаля́ючы ўсякую хваробу і ўсякую не́мач у народзе.
24 І прайшоў пра Яго по́галас па ўсёй Сíрыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямо́глых, рознымі хваробамі і пакутамі ахо́пленых, і апанава́ных дэманамі, і лунатыкаў, і спаралізава́ных, і Ён ацаля́ў іх.
25 І за Ім ішло мноства люду з Галіле́і і Дзесяцігаро́ддзя, і з Іерусаліма, і з Іудзеі, і з-за Іардана.

Святое Евангелле паводле Матфея, 4 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.