1 І праходзячы Езус угледзеў чалавека сьляпога ад нараджэньня.
2 І спыталіся ў яго вучні ягоны: Раббі, хто саграшыў, ён, ці бацькі ягоны, што сьляпым нарадзіўся?
3 Адказаў Езус: Ані ён не саграшыў, ані бацькі ягоны, але каб выявіліся ў ім чыны Божыя.
4 Мне трэба чыніць чыны таго, каторы паслаў мяне, пакуль дзень; надыходзіць ноч, калі ніхто ня можа чыніць.
5 Пакуль я на сьвеце, я ёсьць сьвятло сьвету.
6 Сказаўшы гэтае, ён плюнуў на зямлю і зрабіў з сьліны балота і памазаў балотам вочы ягоны
7 і сказаў яму: ідзі, умыйся ў саджалцы Сілоэ (што тлумачыцца «Пасланы»). Дык ён пайшоў і ўмыўся, і прыйшоў відзючы.
8 Дык суседзі і тыя, што яго перад тым бачылі, што быў жабраком, казалі: Ці ня той гэта, што сядзеў і жабраваў? Адны казалі: Што гэта той;
9 а другія: Не, але да яго падобны. Ён-жа казаў: што гэта я.
10 Дык казалі яму: як-жа адчыніліся табе вочы?
11 Ён адказаў: Той чалавек, каторы завецца Езус, зрабіў балота і памазаў мае вочы і сказаў мне: «ідзі да саджалкі Сілоэ і ўмыйся». І я пайшоў, і ўмыўся, і віджу.
12 І сказалі яму: Дзе ён? Сказаў: ня ведаю.
13 Прывялі таго, што быў сьляпым, да фарызэяў.
14 А была субота, калі Езус зрабіў балота і адчыніў вочы ягоны.
15 Дык ізноў пыталіся ў яго фарызэі, як стаў відзець? Ён-жа сказаў ім: Балота палажыў мне на вочы, і я ўмыўся, і віджу.
16 Дык казалі некаторыя з фарызэяў: Не ад Бога гэты чалавек, што не захоўвае суботы. Другія-ж казалі: Як можа чалавек грэшны чыніць гэтыя знакі? І была спрэчка паміж імі.
17 Дык сказалі ізноў сьляпому: Ты што кажаш аб тым, што адчыніў твае вочы? Ён-жа сказаў: Што гэта прарок.
18 Дык ня верылі жыды аб ім, што ён быў сьляпы і стаў відзець, пакуль не паклікалі бацькоў таго, што стаў відзець,
19 і спыталіся ў іх, кажучы: Гэта ваш сын, аб каторым вы кажаце, што сьляпым нарадзіўся? Дык як-жа цяпер відзіць?
20 Адказалі ім бацькі ягоны і сказалі: Мы ведаем, што гэта наш сын і што сьляпым нарадзіўся;
21 але як цяпер відзець, ня ведаем; або хто адчыніў вочы ягоны, мы ня ведаем. У самога пытайце, ён мае гады, няхай сам аб сабе гаворыць.
22 Гэта сказалі бацькі ягоны, бо баяліся жыдоў; бо жыды ўжо былі змовіўшыся, што калі-б хто прызнаў яго за Хрыста, каб быў вылучаны з бажніцы.
23 Дзеля гэтага бацькі ягоны сказалі: што мае гады, у самога пытайце.
24 Дык паклікалі ізноў таго чалавека, што быў сьляпым, і сказалі яму: Дай славу Богу. Мы ведаем, што той чалавек ёсьць грэшны.
25 Ён-жа сказаў ім: Ці ён грэшны, ня ведаю; адно ведаю, што я быў сьляпы, цяпер віджу.
26 Дык сказалі яму: Што ён табе зрабіў? Як адчыніў табе вочы?
27 Адказаў ім: Я вам ужо сказаў і вы чулі, нашто ізноў хочаце чуць? Ці і вы хочаце стацца ягонымі вучнямі?
28 Яны-ж злаялі яго і сказалі: Ты будзь ягоным вучнем, а мы вучні Майсея.
29 Мы ведаем, што да Майсея гаварыў Бог, а гэтага ня ведаем, адкуль ён.
30 Адказаў той чалавек і сказаў ім: Гэта бо дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль ён, а ён адчыніў вочы мае.
31 А мы ведаем, што грэшных Бог ня слухае; але калі хто ёсьць паклоньнікам Божым і чыніць ягону волю, таго выслухоўвае.
32 Ад веку ня чуваць было, каб хто адчыніў вочы сьлепанароджанага.
33 Калі-б ён ня быў ад Бога, ня мог-бы нічога ўчыніць.
34 Яны адказалі і сказалі яму: У грахох ты ўвесь нарадзіўся і ты нас вучыш? І выкінулі яго проч.
35 Пачуў езус, што яго выкінулі проч, і знайшоўшы яго, сказаў яму: Ты верыш у Сына Божага?
36 адказаў той і сказаў: Хто ён, Пане, каб мне верыць у яго?
37 І сказаў яму Езус: І бачыў ты таго, і той, што гаворыць з табою, гэта ён.
38 Ён-жа сказаў: Веру, Пане. І ўпаўшы, пакланіўся яму.
39 І сказаў Езус: На суд я прыйшоў на гэты сьвет, каб тыя, што ня відзяць, відзелі, а тыя, што відзяць, сталіся сьляпымі.
40 І пачулі некаторыя з фарызэяў, якія былі з ім, і сказалі яму: Няўжо і мы сьляпыя?
41 Сказаў ім Езус: Калі-б вы былі сьляпыя, то ня мелі-б граху, але цяпер вы кажаце: «што відзім». Грэх ваш астаецца.