1 І прыбліжаліся да яго мытнікі і грэшнікі, каб слухаць яго.
2 А фарызэі і кніжнікі наракалі, кажучы: Што ён прыймае грэшнікаў і есьць з імі.
3 І сказаў да іх гэтакую прыповесьць, кажучы:
4 Каторы з вас чалавек, маючы сто авечак, і згубіўшы адну з іх, ці не пакідае дзевяць дзесяць у пустыні і ня ідзе за згубленымі, аж пакуль ня знойдзе яе?
5 А знайшоўшы яе, кладзе на плечы свае, радуючыся;
6 і прыйшоўшы дамоў, склікае прыяцеляў і суседзяў, кажучы ім: Цешцеся са мною, бо я знайшоў авечку маю, каторая была згінуўшы.
7 Кажу вам, што так будзе радасьць у небе з аднаго грэшніка, чынячага пакуту, чым з дзевяцьдзесят дзевяцёх справядлівых, якія не патрабуюць пакуты.
8 Або якая жанчына, маючая дзесяць драхмаў, калі-б згубіла адну драхму, ці не запальвае сьветача і выметае дом і шукае пільна, пакуль ня знойдзе?
9 А знайшоўшы, склікае прыяцеляк і суседак, кажучы: Цешцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую была згубіўшы.
10 Так, кажу вам, будзе радасьць у анёлаў Божых з аднаго грэшніка, чынячага пакуту.
11 І сказаў: Нейкі чалавек меў двух сыноў.
12 І сказаў малодшы з іх бацьку: Ойча, дай мне часьць маемасьці, якая на мяне прыпадае. І падзяліў ім маемасьць.
13 І пасьля нямногіх дзён, сабраўшы ўсё, малодшы сын ад’ехаў у далёкі край і там, распусна жывучы, пусьціў сваю маемасьць.
14 Калі-ж пражыў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён пачаў гараваць.
15 І пайшоў і прыстаў да аднаго з грамадзян таго краю. І паслаў яго ў сваю сялібу пасьвіць сьвіней.
16 І рад-бы быў напоўніць свой жывот струччом, якое елі сьвіньні, але ніхто яму не даваў.
17 І ўвайшоўшы ў сябе, сказаў: Сколькі наймітаў у доме бацькі майго маюць удоваль хлеба, а я тут з голаду гіну!
18 Устану і пайду да бацькі майго, і скажу яму: Ойча, саграшыў я проціў неба і перад табою;
19 ужо я ня варт называцца сынам тваім; зрабі мяне, як аднаго з наймітаў тваіх.
20 І ўстаўшы пайшоў да бацькі свайго. Калі-ж быў яшчэ далёка, угледзеў яго бацька ягоны і зьлітаваўся, і прыбегшы, кінуўся яму на шыю і пацалаваў яго.
21 І сказаў яму сын: Ойча, саграшыў я проціў неба і перад табою, ужо я ня варт называцца сынам тваім.
22 І сказаў бацька да сваіх слугаў: Скора прынясеце першую адзежу і адзеньце яго; і дайце персьцень на руку ягону і абутак на ногі ягоны.
23 І прывядзеце кормнае цялё і забеце, і будзем есьці і весяліцца,
24 бо гэты сын мой быў памёр і ажыў, быў згінуў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.
25 А старшы сын ягоны быў у полі. І калі ідучы прыбліжаўся да дому, пачуў музыку і скокі,
26 і паклікаў аднаго са слуг і спытаўся, што-б гэта было?
27 Той-жа сказаў яму: Брат твой прыйшоў; і забіў бацька твой кормнае цялё, што здаровым яго дастаў.
28 І загневаўся, і не хацеў увайсьці. Дык бацька ягоны, выйшаўшы, пачаў прасіць яго.
29 Але ён адказваючы сказаў свайму бацьку: Вось я толькі гадоў служу табе і ніколі не перступіў твайго прыказаньня, а ты ніколі не даў мне казьляці, каб я павесяліўся з прыяцелямі маімі.
30 Але калі прыйшоў гэты сын твой, каторы праеў сваю маемасьць з блудніцамі, ты забіў для яго кормнае цялё.
31 А ён сказаў яму: Сыне, ты заўсёды са мною, і ўсё маё тваё ёсьць.
32 А весяліцца і радавацца трэба было, што гэты брат твой быў памёр і ажыў, быў згінуў і знайшоўся.