1 Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам тое самае мне ня цяжка, вам жа яно патрэбнае.
2 Высьцерагайцеся сабак, высьцерагайцеся ліхіх работнікаў, высьцерагайцеся абразаньня!
3 Бо мы ёсьць абразаныя, якія духам служым Богу і хвалімся Езусам Хрыстом, і не ў целе маем надзею,
4 хоць я мог бы спадзявацца і на цела. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык тым больш я:
5 абрэзаны ў восьмы дзень, родам Ізраэлец з пакаленьня Бен'яміна, Гебрай з Гебраяў, фарысэй паводле закону,
6 праз руплівасьць перасьледаваў Царкву, адносна справядлівасьці паводле закону-беззаганны.
7 Але ўсё, што лічыў я здабыткам, тое дзеля Хрыста прызнаў я за страту.
8 Ды ўсё лічу за страту дзеля вышэйшага пазнаньня Езуса Хрыста, Госпада майго, дзеля якога я ўсё страціў і лічу за сьмецьце, каб Хрыста здабыць
9 і апынуцца ў Ім, маючы не маю справядлівасьць, якая з закону, але тую, якая (паўстае) з веры ў Хрыста, справядлівасьць ад Бога ў веры,.
10 каб пазнаць Яго і магутнасьць уваскрасеньня Ягонага, і супольнасьць мукаў Ягоных, каб упадобніцца сьмерці Ягонай,
11 каб такім чынам дасягнуць уваскрасеньня, з памёршых.
12 Не (кажу) так, што я ўжо дасягнуў або ўжо стаўся дасканалым; але імкнуся, каб як здабыць (яго), як здабыў мяне Хрыстос Езус.
13 Браты, я не лічу сябе дасягнуўшым; толькі вось, забываючыся пра тое, што ёсьць за мною, імкнучыся да таго, што прада мною,
14 імкнуся да мэты, да ўзнагароды, вышэйшага пакліканьня Божага ў Хрысьце Езусе.
15 Дык, калі хто з нас (чуецца) дасканалым, гэтак думайма; а калі што адчуваеце інакш, і гэта Бог вам выявіць;
16 але чаго дасягнулі, у тым і хадзіце.
17 Браты, будзьце пасьлядоўнікамі маімі і ўзірайцеся на тых, якія так паступаюць, як маеце прыклад у нас.
18 Многія ж, аб якіх я вам часта казаў, а цяпер вось і плачучы паўтараю паступаюць, як ворагі крыжа Хрыстовага,
19 якіх канец — загуба, якіх бог — жывот, слава якіх — у ганьбе іхняй, якія думаюць аб зямным.
20 Нашае ж бытаваньне — у небе, адкуль таксама чакаем Збаўцу, Госпада нашага Езуса Хрыста,
21 які пераменіць целы прыніжэньня нашага на падабенства цела славы сваёй, якою ўсё падчыніць сабе можа.