1 Дзеля гэтага я, Павел, стаў вя́знем Хрыста Іісуса за вас, язычнікаў.
2 Вы, канешне, чулі пра дзе́янне благадаці Божай, дадзенай мне для вас,
3 што мне праз адкравенне была абве́шчана тайна, як я ўжо пісаў коратка,
4 з чаго вы, чытаючы, можаце даведацца пра маё разуменне тайны Хрыстовай,
5 якая не была абве́шчана ранейшым пакаленням сыноў чалавечых, як цяпер адкрыта святым Апосталам Яго і прарокам праз Духа Святога,
6 што язычнікі — сунаследнікі, і члены адзінага цела, і супольнікі абяцання Яго ў Хрысце Іісусе праз дабравесце,
7 служы́целем якога я стаў паводле дару благадаці Божай, дадзенай мне праз дзеянне сілы Яго.
8 Мне, найменшаму з усіх святых, была́ дадзена благадаць гэтая — дабравесціць язычнікам неспасціжнае багацце Хрыстова
9 і высветліць для ўсіх, у чым задума тайны, скрытай адвеку ў Богу, Які стварыў усё Іісусам Хрыстом,
10 каб цяпер начальствам і ўладам на нябёсах стала вядомай праз Царкву разнастайная прамудрасць Божая,
11 паводле спрадвечнага вызначэ́ння, якое Ён здзе́йсніў у Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым,
12 у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ праз веру ў Яго.
13 Таму прашу не па́даць духам з-за маіх дзеля вас пакут, бо яны — слава ваша.
14 Дзеля гэтага схіля́ю калені мае́ перад Айцом Госпада нашага Іісуса Хрыста,
15 ад Якога ўсякі род на нябёсах і на зямлі ма́е найменне, —
16 каб Ён даў вам, паводле багацця славы Сваёй, трывала ўмацавацца Духам Яго ва ўну́траным чалавеку,
17 каб Хрыстос усяліўся праз веру ў сэ́рцы вашы; каб вы, укараніўшыся і ўмацава́ўшыся ў любові,
18 маглі з усімі святымі ўспрыня́ць, што́ ёсць шырыня, і даўжыня, і глыбіня, і вышыня,
19 і спазнаць вышэйшую за пазна́нне любоў Хрыстову, каб вам напоўніцца ўсёю паўнатою Божаю.
20 А Таму, Хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць непараўнальна больш за ўсё, чаго мы просім ці пра што думаем, —
21 Яму слава ў Царкве ў Хрысце Іісусе ва ўсе роды з веку ў век. Амінь.
Да Эфесян Пасланне святога Апостала Паўла, 3 глава