Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Паводле Іаана | 2 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 А на трэці дзень было́ вясе́лле ў Ка́не Галіле́йскай, і Маці Іісусава была́ там.
2 Запро́шаны таксама быў Іісус і вучні Яго на вясе́лле.
3 І калі не хапíла віна, Маці Іісусава кажа Яму: віна не маюць.
4 Кажа Ёй Іісус: што́ Мне і Табе, Жанчына? яшчэ не прыйшоў час Мой.
5 Кажа Яго Маці слу́гам: што́ скажа Ён вам, зрабíце.
6 Было ж там шэсць каме́нных пасу́дзін для вады, якія стаялі дзе́ля ачышчэ́ння Іудзейскага і змяшча́лі па дзве ці па тры ме́ры.
7 Кажа ім Іісус: напоўніце пасу́дзіны вадою. І напоўнілі іx да ве́рху.
8 І кажа ім: цяпер чэ́рпайце і нясіце да распара́дчыка засто́лля. І яны пане́слі.
9 Калі ж распара́дчык пакаштава́ў вады, што зрабíлася віном, — а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія налівалі ваду, — кліча жаніха распара́дчык засто́лля
10 і кажа яму: кожны чалавек спача́тку добрае віно падае́, а калі нап’юцца, тады горшае; ты ж добрае віно захаваў дагэтуль.
11 Так паклаў Іісус пачатак цу́дам у Ка́не Галілейскай і явíў славу Сваю, і ўве́равалі ў Яго вучні Яго.
12 Пасля гэтага прыйшоў Ён у Капернау́м, Сам і Маці Яго, і браты́ Яго, і вучні Яго, і там застава́ліся некалькі дзён.
13 І набліжа́лася Пасха Іудзейская, і прыйшоў Іісус у Іерусалім
14 і знайшоў, што ў храме прадавалі валоў, і авечак, і галубоў, і сядзелі мяня́лы грошай;
15 і, зрабіўшы біч з вяровак, усіx вы́гнаў з храма, і авечак, і валоў, і парассыпа́ў грошы мяня́лаў і сталы́ перавярнуў;
16 і прадаўцам галубоў сказаў: забяры́це гэта адсюль, не рабіце дом Айца Майго домам га́ндлю.
17 І ўспомнілі вучні Яго, што напíсана: «клопат пра дом Твой паглына́е Мяне».
18 На гэта Іудзеі сказалі Яму: якім знаме́ннем Ты пакажаш нам, што маеш права гэта рабіць?
19 У адказ Іісус сказаў ім: разбуры́це храм гэты, і Я за тры дні ўзвяду́ яго.
20 І сказалі Іудзеі: сорак шэсць гадоў будаваўся храм гэты, а Ты за тры дні ўзвядзе́ш яго?
21 Ён жа гаварыў пра храм цела Свайго.
22 Калі ж Ён уваскрэ́с з мёртвых, успомнілі вучні Яго, што Ён гэта казаў, і паве́рылі Пісанню і слову, якое сказаў Іісус.
23 А калі Ён быў у Іерусаліме на свята Пасхі, многія ўверавалі ў імя́ Яго, бачачы цуды, якія Ён твары́ў.
24 Але Сам Іісус не давяра́ўся ім, таму што Сам ведаў усіx,
25 і не меў патрэ́бы, каб хто све́дчыў пра чалавека, бо Сам ведаў, што́ было́ ў чалавеку.

Святое Евангелле паводле Іаана, 2 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.