Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Паводле Матфея | 5 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 Убачыўшы люд, Ён узышо́ў на гару; і калі сеў, прыступíлі да Яго вучні Яго.
2 І, адкрыўшы ву́сны Свае, Ён вучыў іх, ка́жучы:
3 блажэ́нныя ўбо́гія духам, бо іх ёсць Царства Нябеснае.
4 Блажэ́нныя тыя, што плачуць, бо яны суце́шацца.
5 Блажэ́нныя лаго́дныя, бо яны ўнасле́дуюць зямлю́.
6 Блажэ́нныя тыя, што жада́юць і пра́гнуць праўды, бо яны насы́цяцца.
7 Блажэ́нныя мíласцівыя, бо яны памíлаваны будуць.
8 Блажэ́нныя чыстыя сэ́рцам, бо яны Бога ўбачаць.
9 Блажэ́нныя міратво́рцы, бо яны сына́мі Божымі назаву́цца.
10 Блажэ́нныя гна́ныя за праўду, бо іх ёсць Царства Нябеснае.
11 Блажэ́нныя вы, калі будуць вас га́ньбіць і гнаць, і ўсякім словам ліхíм несправядліва зневажа́ць за Мяне.
12 Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гна́лі прарокаў, што былí перад вамі.
13 Вы — соль зямлі. Калі ж соль стра́ціць сілу, то чым папра́віць яе? Яна ўжо ні на што не прыда́тная, хіба́ што вы́кінуць яе прэч на патапта́нне лю́дзям.
14 Вы — святло свету. Не можа схава́цца горад, які стаіць на гары.
15 І, запалíўшы све́чку, не ставяць яе пад пасу́дзінаю, а на падсве́чніку, і све́ціць усім, хто ў доме.
16 Так няхай све́ціць святло ваша перад людзьмí, каб яны бачылі вашы добрыя ўчы́нкі і ўслаўля́лі Айца вашага, Які на нябёсах.
17 Не думайце, што Я прыйшоў пару́шыць закон, альбо прарокаў: не пару́шыць прыйшоў Я, а здзе́йсніць.
18 Бо праўду кажу вам: пакуль не знíкнуць неба і зямля, ані ёта адна, ані ры́ска адзіная не знíкне з закона, пакуль не збу́дзецца ўсё.
19 Дык вось, хто пару́шыць адну з за́паведзяў гэтых найме́ншых і наву́чыць так людзей, той найме́ншым назаве́цца ў Царстве Нябесным; а хто вы́канае і наву́чыць, той вялікім назаве́цца ў Царстве Нябесным.
20 Бо, кажу вам, калі пра́веднасць ваша не перавы́сіць пра́веднасці кніжнікаў і фарысеяў, то не ўво́йдзеце вы ў Царства Нябеснае.
21 Вы чулі, што ска́зана продкам: «не забівай; а хто заб’е, падляга́е суду́».
22 А Я кажу вам, што кожны, хто гне́ваецца на брата свайго ма́рна, падляга́е суду; а хто скажа брату свайму: «рака́», падляга́е сінедрыёну; а хто скажа: «неразумны», падляга́е гее́не вогненнай.
23 Дык вось, калі ты прынясе́ш дар твой да ахвя́рніка і ўспо́мніш там, што брат твой ма́е нешта су́праць цябе,
24 пакінь там дар твой перад ахвя́рнікам, і ідзі перш паміры́ся з братам тваім, і тады прыйдзí і прынясі дар твой.
25 Міры́ся з працíўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб не аддаў цябе працíўнік суддзí, а суддзя́ не аддаў цябе слузе́, і не кíнулі цябе ў цямнíцу.
26 Праўду кажу табе: не вы́йдзеш адтуль, пакуль не аддасí апошняга кадра́нта.
27 Вы чулі, што ска́зана продкам: «не пралюбадзе́йнічай».
28 А Я кажу вам, што кожны, хто глядзíць на жанчы́ну з пажа́длівасцю, ужо пралюбадзе́йнічаў з ёю ў сэ́рцы сваім.
29 Калі ж правае вока тваё спакуша́е цябе, вы́рві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё це́ла тваё было ўкíнута ў гее́ну.
30 І калі правая твая рука спакуша́е цябе, адсячы́ яе і кінь ад сябе; бо ле́пей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё це́ла тваё было ўкíнута ў гее́ну.
31 Ска́зана таксама, што, калі хто развядзе́цца з жонкаю сваёю, няхай дасць ёй разво́дны ліст.
32 А Я кажу вам: кожны, хто разво́дзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны блу́ду, той даво́дзіць яе да пралюбадзе́йства; і хто ажэ́ніцца з разве́дзенай, той пралюбадзе́йнічае.
33 Яшчэ чулі вы, што ска́зана продкам: «не паруша́й кля́твы, а выко́нвай перад Госпадам кля́твы твае».
34 А Я кажу вам: не клянíся зусім: ні небам, бо яно — Прастол Божы;
35 ні зямлёю, бо яна — падно́жжа нага́м Яго; ні Іерусалімам, бо ён — горад Вялікага Цара;
36 ні галавою тваёю не клянíся, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым альбо чорным.
37 А няхай будзе слова ваша: «так — так», «не — не»; а што звыш гэтага, тое ад злога.
38 Вы чулі, што ска́зана: «вока за вока, і зуб за зуб».
39 А Я кажу вам не працíвіцца злому. А калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ́ тваёй, падстаў яму і другую;
40 і калі хто захоча судзíцца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму і вопратку;
41 і калі хто цябе зму́сіць ісці з ім адно по́прышча, ідзі з ім два.
42 Таму, хто просіць у цябе, дай; і ад таго, хто хоча пазы́чыць у цябе, не адваро́чвайся.
43 Вы чулі, што ска́зана: «любí блíжняга твайго і ненавíдзь ворага твайго».
44 А Я кажу вам: любíце ворагаў вашых, благаслаўля́йце тых, хто пракліна́е вас, рабíце дабро тым, што ненавíдзяць вас, і маліцеся за тых, што кры́ўдзяць вас і гоняць вас;
45 каб сталі вы сына́мі Айца вашага, Які на нябёсах; бо Ён зага́двае сонцу Свайму ўзыхо́дзіць над злымі і добрымі і пасылае дождж на пра́ведных і няпра́ведных.
46 Бо, калі вы будзеце любíць тых, што лю́бяць вас, якая вам узнагарода? Ці не тое ж самае робяць і мы́тнікі?
47 І калі вы віта́еце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не гэтак робяць і язычнікі?
48 Дык вось, будзьце даскана́лыя, як даскана́лы Айцец ваш Нябесны.

Святое Евангелле паводле Матфея, 5 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.