Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Паводле Матфея | 18 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 У той час прыступíлі вучні да Іісуса, ка́жучы: хто ж бо́льшы ў Царстве Нябесным?
2 Іісус жа, паклíкаўшы дзіця́, паставіў яго сярод іх
3 і сказаў: праўду кажу вам, калі не наве́рнецеся і не будзеце, як дзеці, не ўво́йдзеце ў Царства Нябеснае.
4 Дык вось, хто ўпако́рыцца і стане, як гэтае дзіця́, той бо́льшы ў Царстве Нябесным.
5 І хто пры́ме адно такое дзіця́ ў імя́ Маё, той Мяне прыма́е.
6 А хто спаку́сіць аднаго з малы́х гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі жаро́н млынавы́ на шы́ю яму́ і ўтапілі ў глыбінí марской.
7 Гора свету ад спакус, бо павінны прыйсцí спаку́сы; але гора таму чалавеку, праз якога спаку́са прыхо́дзіць.
8 Калі ж рука твая альбо нага твая спакуша́е цябе, адсячы́ яе і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсці ў жыццё без рукí альбо без нагі, чым, дзве рукí і дзве нагі маючы, быць укíнутым у агонь вечны.
9 І калі вока тваё спакуша́е цябе, вы́рві яго і кінь ад сябе: лепш табе з адным вокам ў жыццё ўвайсці, чым, два вокі маючы, быць укíнутым у гее́ну вогненную.
10 Глядзіце, не пагарджа́йце ніво́дным з малы́х гэтых; бо кажу вам, што Ангелы іх на нябёсах заўсёды ба́чаць аблíчча Айца Майго Нябеснага.
11 Бо прыйшоў Сын Чалавечы, каб спасцí тое, што загíнула.
12 Як вам здаецца? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак і заблудзíлася адна з іх, то ці не пакіне ён дзевяноста дзевяцí ў гара́х і не пойдзе шукаць тую, што заблудзíлася?
13 І калі ўдасца знайсці яе, праўду кажу вам, што ён радуецца за яе болей, чым за дзевяноста дзевяць, якія не заблудзíліся.
14 Гэтакса́ма няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малы́х гэтых.
15 Калі ж саграшы́ць су́праць цябе брат твой, ідзі і вы́крый яго сам-на́сам; калі паслу́хаецца цябе, то прыдба́ў ты брата твайго.
16 А калі не паслу́хаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух, каб ву́снамі двух альбо трох све́дкаў пацве́рдзілася кожнае слова.
17 Калі ж не паслу́хаецца іх, скажы царкве; а калі і царквы не паслу́хаецца, то няхай будзе ён табе як язычнік і мы́тнік.
18 Праўду кажу вам: што́ вы звя́жаце на зямлі, тое будзе звя́зана на небе; і што́ развя́жаце на зямлі, тое будзе развя́зана на небе.
19 Праўду таксама кажу вам, што калі двое з вас паго́дзяцца на зямлі прасіць за любую справу, то, чаго б ні папрасíлі, будзе ім ад Айца Майго, Які на нябёсах.
20 Бо дзе двое альбо трое сабра́ліся ў імя́ Маё, там Я сярод іх.
21 Тады прыступіў да Яго Пётр і сказаў: Госпадзі! колькі разоў дарава́ць брату майму, які грашы́ць су́праць мяне́ ці да сямі разоў?
22 Кажа яму Іісус: не кажу табе: «да сямі», а да сямíдзесяці разоў па сем.
23 Таму Царства Нябеснае падобна да цара, які захацеў праве́сці разлíкі з раба́мі сваімі.
24 Калі ён пачаў право́дзіць разлíкі, прывялі да яго кагосьці, хто быў вíнен яму дзесяць тысяч тала́нтаў.
25 А паколькі ён не меў чым аддаць, то яго ўлада́р загадаў прадаць яго, і жонку яго, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і адда́ць доўг.
26 Тады раб той упаў і, кла́няючыся яму, казаў: «уладару́! будзь цярплíвы да мяне, і ўсё табе заплачу́».
27 І ўлада́р раба таго, злíтаваўшыся, адпусцíў яго і доўг дарава́ў яму.
28 А раб той, вы́йшаўшы, знайшоў аднаго з тава́рышаў сваіх, які вíнен яму быў сто дына́рыяў, і, схапіўшы яго, душы́ў, ка́жучы: «аддай мне, што вíнен».
29 Тады тава́рыш яго ўпаў у ногі яму́, прасіў яго і казаў: «будзь цярплíвы да мяне, і ўсё аддам табе».
30 Але той не захацеў, а пайшоў і кінуў яго ў цямнíцу, пакуль не адда́сць доўгу.
31 Тава́рышы яго, убачыўшы, што зда́рылася, засмуцíліся вельмі і, прыйшоўшы, расказалі ўладару́ свайму пра ўсё, што адбыло́ся.
32 Тады яго ўлада́р клíча яго і кажа: «ліхí раб! увесь доўг той я дарава́ў табе, бо ты ўпрасíў мяне;
33 ці не нале́жала і табе памíлаваць тава́рыша твайго, як і я цябе памíлаваў?»
34 І, разгне́ваўшыся, яго ўлада́р перадаў яго ка́там, пакуль не адда́сць усяго доўгу свайго.
35 Так і Айцец Мой Нябесны зробіць з вамі, калі не дару́е ад сэрца свайго кожны з вас брату свайму правíн яго.

Святое Евангелле паводле Матфея, 18 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.