Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Амоса | 7 глава

Пераклад Васіля Сёмухі


1 Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, Ён стварыў саранчу на пачатку росту позьняй травы, і гэта была трава пасьля царскага пакосу.
2 І было, калі яна скончыла есьці траву на зямлі, я сказаў: Госпадзе Божа! пашкадуй; як устаіць Якаў? ён вельмі малы.
3 І пашкадаваў Гасподзь пра тое: "ня будзе гэтага", сказаў Гасподзь.
4 Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, Гасподзь Бог утварыў для суду агонь, — і ён зжэр вялікую багну, зжэр і частку зямлі.
5 І сказаў я: Госпадзе Божа! спыні; як устаіць Якаў? ён вельмі малы.
6 І пашкадаваў Гасподзь пра тое: "і гэтага ня будзе", сказаў Гасподзь Бог.
7 Такую ўяву адкрыў Ён мне: вось, Гасподзь стаяў на выноснай сьцяне, і ў руцэ ў яго сьвінцовая вага.
8 І сказаў мне Гасподзь: "што ты бачыш, Амосе?", я адказаў: "вагу". І Гасподзь сказаў: "вось, пакладу вагу сярод народу майго Ізраіля; ня буду больш дараваць яму.
9 І спустошаны будуць ахвярныя вышыні Ісакавыя, і разбураны будуць сьвяцілішчы Ізраілевыя, і паўстану зь мечам супроць дому Ераваамавага".
10 І паслаў Амасія, сьвятар Вэтыльскі, да Ераваама, цара Ізраільскага, сказаць: Амос утварае смуту супроць цябе сярод дому Ізраілевага; зямля ня можа цярпець усіх слоў ягоных,
11 бо так кажа Амос: ад меча памрэ Ераваам, а Ізраіль абавязкова зьведзены будзе палонным зь зямлі сваёй.
12 І сказаў Амасія Амосу: празорлівец! ідзі і сыдзі ў зямлю Юдавую; там еж хлеб і там прароч,
13 а ў Вэтылі больш не прароч, бо ён — сьвятыня цара і дом царскі.
14 І адказваў Амос і сказаў Амасію: я — не прарок і ня сын прарока, я быў пастух і зьбіраў сікаморы.
15 Але Гасподзь узяў мяне ад авечак, і сказаў мне Гасподзь: ідзі, прароч народу Майму Ізраілю.
16 Цяпер выслухай слова Гасподняе. Ты кажаш: не прароч на Ізраіля і не вымаўляй слоў на дом Ісакаў.
17 За гэта, вось што кажа Гасподзь: жонка твая будзе зьняслаўлена ў горадзе, сыны і дочкі твае загінуць ад меча, зямля твая будзе падзелена межавою вяроўкаю, а ты памрэш у зямлі нячыстай, і Ізраіль мусова выведзены будзе зь зямлі сваёй.

Кніга Амоса, 7 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.