Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Ераміі | 41 глава

Пераклад Васіля Сёмухі


1 І было ў сёмы месяц, Ісмаіл, сын Натаніі, сына Элісама зь племя царскага, і вяльможы царовыя і дзесяць чалавек зь ім прыйшлі да Гадоліі, сына Ахікамавага, у Масіфу, і там яны елі разам хлеб у Масіфе.
2 І ўстаў Ісмаіл, сын Натаніі, і дзесяць чалавек, якія былі зь ім, і ўдарылі Гадолію, сына Ахікамавага, сына Сафанавага, мечам і забілі таго, каго цар Вавілонскі паставіў начальнікам над краінаю.
3 Таксама забіў Ісмаіл і ўсіх Юдэяў, якія былі зь ім, з Гадоліем, у Масіфе, і былых там Халдэяў, людзей вайсковых.
4 На другі дзень пасьля забойства Гадоліі, калі ніхто ня ведаў пра гэта,
5 прыйшлі зь Сіхема, Сілома і Самарыі восемдзесят чалавек з паголенымі бародамі і ў падранай вопратцы, і параніўшы сябе, з дарункамі і ліванам у руках для прынясеньня іх у дом Гасподні.
6 Ісмаіл, сын Натаніі, выйшаў з Масіфы насустрач ім, ідучы і плачучы, і спаткаўшыся зь імі, сказаў ім: "ідзеце да Гадоліі, сына Ахікамавага".
7 І як толькі яны ўвайшлі ўсярэдзіну горада, Ісмаіл, сын Натаніі перабіў іх і ўкінуў у роў, ён і былыя зь ім людзі.
8 Але знайшліся сярод іх дзесяць чалавек, якія сказалі Ісмаілу: "не забівай нас, бо ў нас ёсьць у полі схаваныя скарбы з пшаніцаю і ячменем, і алеем і мёдам". І ён утрымаўся і не забіў іх зь іншымі братамі іхнімі.
9 А роў, куды кінуў Ісмаіл усе трупы людзей, якіх ён забіў за Гадолію, быў той самы, які выкапаў цар Аса, баючыся Ваасы, цара Ізраільскага; яго напоўніў Ісмаіл, сын Натаніі, забітымі.
10 І захапіў Ісмаіл усю рэшту народа, што быў у Масіфе, дачок царовых і ўсю рэшту людзей у Масіфе, якіх Навузардан, начальнік целаахоўцаў, даручыў Гадоліі, сыну Ахікамаваму, і захапіў іх Ісмаіл, сын Натаніі, і выправіўся да сыноў Амонавых.
11 Але калі Ёанан, сын Карэеў і ўсе ваеначальнікі, што былі зь ім, пачулі пра ўсе зладзействы, якія ўчыніў Ісмаіл, сын Натаніі,
12 узялі ўсіх людзей і пайшлі на бітву зь Ісмаілам, сынам Натаніі, і дагналі яго каля вялікіх водаў, у Гаваоне.
13 І калі ўвесь народ, які быў у Ісмаіла, угледзеў Ёанана, сына Карэевага, і ўсіх ваенных начальнікаў, што былі зь ім, — узрадаваўся;
14 і адвярнуўся ўвесь люд, які Ісмаіл зьвёў у палон з Масіфы, і павярнуўся і пайшоў да Ёанана, сына Карэевага,
15 а Ісмаіл, сын Натаніі, уцёк ад Ёанана з васьмю людзьмі і пайшоў да сыноў Амонавых.
16 Тады Ёанан, сын Карэеў, і ўсе ваенныя начальнікі, што былі зь ім, узялі з Масіфы ўсю рэшту люду, які ён вызваліў ад Ісмаіла, сына Натаніі, пасьля таго як той забіў Гадолію, сына Ахікамавага, мужчын, ваенных людзей і жанок і дзяцей, і еўнухаў, якіх ён вывеў з Гаваона;
17 і пайшлі і спыніліся ў селішчы Хімам, непадалёк ад Віфляема, каб пайсьці ў Егіпет
18 ад Халдэяў, бо яны баяліся іх, бо Ісмаіл, сын Натаніі, забіў Гадолію, сына Ахікамавага, якога цар Вавілонскі паставіў начальнікам над краінаю.

Кніга Прарока Ераміі, 41 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.