Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Эклезіяста | 2 глава

Пераклад Васіля Сёмухі


1 І сказаў я ў сэрцы маім: "Ану ж бо праверу цябе я радасьцю, і нацешуся дабром"; але ж гэта — марнота!
2 Пра сьмех я сказаў: "Недарэчнасьць!", а пра радасьць: "Што яна дасьць?"
3 Намысьліў я ў сэрцы маім падбадзёрваць віном маё цела і, тым часам як сэрца маё кіравацьмецца мудрасьцю, ня цурацца і дурасьці, пакуль не пабачу, што добра сынам чалавечым, што маюць яны рабіць пад небам за кароткія дні свайго веку.
4 Учыніў я вялікія дзеі: дамы я сабе збудаваў, насадзіў сабе вінаграднікі;
5 завёў сабе сады і гаі, насадзіў у іх розных пладовых дрэў;
6 нарабіў сабе сажалак, каб паліваць зь іх гаі, у якіх дрэвы растуць;
7 наняў сабе слуг і служанак, і дамачадцы былі ў мяне; а таксама буйной і дробнай худобы было ў мяне болей, чым ва ўсіх, што жылі да мяне ў Ерусаліме;
8 сабраў сабе срэбра і золата й скарбаў каштоўных ад цароў і правінцый; завёў у сябе сьпевакоў і сьпявачак і асалоду сыноў чалавечых — мноства жонак і наложніц.
9 І ўзьвялічыўся я і ўзбагацеў над усімі, што жылі да мяне ў Ерусаліме; і мудрасьць мая засталася пры мне.
10 І нічога, чаго вочы мае ні прагнулі, я ім не адмовіў; ад ніводнае радасьці сэрца майго ня ўхіліў, бо сэрца маё суцяшалася кожнаю працай маёю; і гэта было маёй доляй ва ўсіх маіх працах.
11 І калі я зірнуў на ўсе дзеі мае, якія ўчыняў я сваімі рукамі, на працу, якую рабіў я: і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам, і ніякай карысьці пад сонцам.
12 Пастанавіў я сабе пабачыць і мудрасьць, шаленства і дурасьць. Бо што зробіць пасьля цара чалавек звыш таго, што зроблена ўжо?
13 І ўбачыў я, што мудрасьць пераважае над дурасьцю так, як сьвятло над цемраю.
14 У мудрага вочы яго — у галаве яго, а бязглузды ходзіць у цемры. І даведаўся я таксама, што аднолькавая спаткае ўсіх доля.
15 І сказаў я ў сэрцы маім: "? мяне спасьцігне такая самая доля, як і дурнога: навошта ж я надта мудры зрабіўся?" І сказаў я ў сэрцы маім, што і гэта — марнасьць.
16 Бо мудрага помніць ня будуць вечна, як і дурнога; у днях наступных забудзецца ўсё, і памірае мудры гэтаксама, як і бязглузды.
17 І зьненавідзеў жыцьцё я: бо апрыкралі мне ўсе ўчынкі, якія пад сонцам зьдзяйсьняюцца; бо ўсё — пустая марнасьць і пагоня за ветрам!
18 І зьненавідзеў усю маю працу, якую рабіў я пад сонцам; бо мушу пакінуць яе чалавеку, які прыйдзе пасьля мяне.
19 І хто ведае: мудры ён будзе альбо дурны? А валодаць ён будзе ўсёй працай маёю, якую рабіў я і ў якой паказаў сябе мудрым пад сонцам. І гэта — марнасьць!
20 І спаняверыўся я і ўмаўляў маё сэрца адцурацца ад працы ўсяе, якую рабіў я пад сонцам:
21 Бо бывае такі чалавек, які ў працы і мудры, і ўдзельны, і плённы, а павінен пакінуць усё чалавеку, які над тым не працаваў. І гэта — марнасьць і вялікае ліха!
22 Бо што будзе мець чалавек ад працы сваёй і клопату сэрца свайго, якімі мазоліцца ён пад сонцам?
23 Бо ўсе яго дні — пакуты, і праца ягоная — смутак; нават і ўночы сэрца яго спакою ня мае. І гэта — марнасьць!
24 Няма чалавеку ўлады над тою даброцьцю, каб есьці і піць і каб душа мела радасьць ад працы ягонай. Я ўбачыў: і гэта — з рук Божых.
25 Бо хто можа есьці і хто безь яго можа цешыцца з асалодаў?
26 Бо чалавеку, які перад абліччам Ягоным ёсьць добры, Ён мудрасьць дае, і веды, і радасьць; а грэшнаму клопат дае — зьбіраць, назапашваць, каб богаспадобнаму потым аддаць. І гэта — марнасьць і пагоня за ветрам!

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка, 2 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.