2 Сымон-Пётр, сын Яна, быў родам з Бэтсайды, што над Галіліейскім возерам. Жыў аднак у Капарнауме і займаўся рыбалоўствам. Быў вельмі жывога характару і моцна прывязаўся да свайго Вучыцеля. Хрыстус даў яму імя Пётр (паарамайску Кэфа) што значыць скала, бо Пётр быў скалой, на каторай Хрыстус збудаваў свой Касьцёл. Сьв. Матэуш тутака падае яго першым спасярод усіх апосталаў, хоць сьв. Пётр ня быў ані найстарэйшым гадамі, ані найперш пакліканым апосталам. Гэта сьведчыць аб першынстве сьв. Пятра між апосталамі.
5 Пагане жылі тады навакол Палестыны і часткова ў самой Палестыне, асабліва на ўзьбярэжжы Міжземнага мора, а нават у Галілеі і Пэрэі. Да паганаў і самаранаў Езус цяпер не пасылае сваіх вучняў, бо вучні ня былі яшчэ прыгатаваны да місыйнай працы пасярод чужых ім народаў.
6 У першую чаргу трэба было апавяшчаць эванэлію Ізраільскаму народу.
9 Жыды даўней насілі грошы ў шырокіх паясох, якімі падпяразваліся.
10 Хрыстус не забараняе тут насіць абутку або кія. Як бачым у сьв. Марка (6-9) Хрыстус нават загадывае насіць абутак, а кія на Усходзе ў падарожы заўсёды ўжываюць; тут-жа Хрыстус забараняе браць гэтыя рэчы на запас. Пільнага і сумленанага працаўніка людзі ўспамогуць і накормяць.
11 Хрыстус загадывае затрымацца ў людзей дастойных, бо недастойныя маглі-б сьцягнуць няславу і на апосталаў.
12 Да гэтага прывітаньня прывязана багаславенства Божае.
14 Абтрасаць свае ногі, выходзячы з паганскага краю ці гораду, было прынята ў жыдоў. Яны ўважалі ўсё паганскае за нячыстае.
15 Садома і Гамора былі грэшнымі і свае грахі былі зьнішчаны Богам, але яны на апошнім судзе могуць сказаць, што ня бачылі і ня чулі Хрыста, а жыды і бачылі і чулі, затым і суд для іх будзе цяжэйшым.
16 Апосталы павінны быць мудрымі г. зн. не павінны даваць ніякай сапраўднай прычыны да пасьледу, не павінны ўмешвацца ў рэчы непатрэбныя, каб гэтым не выклікаць варожасьці да сябе. З другога боку павінны быць простымі г. зн. бяз хітрасьці, подступу і здрады і не насіць помсты ў сэрцы.
21 Міласьць з аднаго боку, а з другога ненавісьць да Хрыстуса будзе так моцная, што парве нават сямейныя сувязі.
27 Дахі ў Палестыне роўныя, а не такія як у нас і там вечарамі людзі зьбіраюцца на гутаркі, прыймаюць гасьцей і г. д.
34 Не супакой г. зн. не супакойнае і выгоднае жыцьцё прыйшоў вясьціць Хрыстус, але поўнае трудоў і змаганьня.
35 Змагацца павінен чалавек, якбы мячом, і сам з сабою, і з благімі людзьмі, і з сапсутым сьветам.
38 Крыж — гэта штодзённыя цяжары і труды чалавека.
39 Хто забываецца аб Богу, а дбае толькі аб гэтае жыцьцё, можа загубіць яго на векі, а той, хто для справы Божай траціць гэтае жыцьцё, здабывае яго ў вечнасьці.
41-42 «У імя прарока», «у імя вучня» — г. зн. дзеля таго што ёсьць прарокам, вучнем.