Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Пасланне да Галатаў | 2 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 Потым, праз чатырна́ццаць гадоў, зноў хадзіў я ў Іерусалім з Варнавам, узяўшы з сабою і Ціта.
2 Хадзіў жа паводле адкравення і тое дабравесце, якое прапаведую язычнікам, вы́клаў ім, а асобна — самым шанаваным, каб вы́значылі, ці не марна я прыклада́ю і прыклада́ў свае сілы.
3 Але і Ціта, які быў са мною, не прымушалі абрэзацца, хоць ён і Элін.
4 А што да лжэбратоў, якія скрытна праніклі, каб падгле́дзець свабоду нашу, якую мы маем у Хрысце Іісусе, і каб паняволіць нас,
5 то мы не саступілі і не падпарадкава́ліся ім ні на хвіліну, каб ісціна дабравесця захавалася ў вас.
6 І ў шанаваных за нешта, якімі б яны калісьці ні былі, для мяне няма нічога асаблівага: Бог не зважае на аблічча чалавека. І шанаваныя не ўсклалі на мяне нічога больш;
7 наадварот, убачыўшы, што мне даверана дабравесце для неабрэзаных, як Пятру для абрэзаных, —
8 бо Той, Хто садзейнічаў Пятру ў апостальстве сярод абрэзаных, садзейнічаў і мне сярод язычнікаў, —
9 і даведаўшыся пра благадаць, дадзеную мне, Іакаў, і Кіфа, і Іаан, якіх шанавалі як стаўпоў, падалí мне і Варнаву руку́ адзінства, каб нам ісці да язычнікаў, а ім да абрэзаных,
10 толькі каб мы памяталі пра ўбогіх, што якраз стараўся я выконваць.
11 Калі ж Пётр прыйшоў у Антыяхію, то я адкрыта выступіў супраць яго, таму што ён быў варты дакору:
12 бо да прыходу некаторых ад Іакава ён еў разам з язычнікамі; а калі тыя прыйшлі, пачаў ухіляцца і трымацца асобна, баючы́ся абрэзаных.
13 Крывадушнічалі разам з ім і іншыя Іудзеі, так што нават Варнава паддаўся іх крывадушнасці.
14 Але калі я ўбачыў, што яны не ідуць прама паводле ісціны Дабравесця, то сказаў Пятру пры ўсіх: калі ты, будучы Іудзеем, жывеш па-язычніцку, а не па-іудзейску, то навошта язычнікаў прымушаеш жыць па-іудзейску́
15 Мы па прыродзе Іудзеі, а не з язычнікаў грэшнікі;
16 аднак, даведаўшыся, што чалавек атрымлівае апраўданне не паводле спраў закона, а толькі праз веру ў Іісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Іісуса, каб быць апраўда́нымі вераю ў Хрыста, а не справамі закона; бо справамі закона не будзе апраўда́на ніякая плоць.
17 Калі ж, шукаючы апраўдання ў Хрысце, мы і самі аказаліся грэшнікамі, то няўжо Хрыстос — слуга граху́ Ні ў якім разе!
18 Бо калі я зноў будую тое, што разбуры́ў, тады сам сябе раблю злачынцам.
19 Я ж праз закон памёр для закона, каб жыць для Бога. Я — распя́ты з Хрыстом,
20 і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў плоці, то жыву вераю ў Сына Божага, Які ўзлюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне.
21 Не адкіда́ю благадаці Божай. Бо калі апраўданне дасягаецца праз закон, то Хрыстос памёр марна.

Да Галатаў Пасланне святога Апостала Паўла, 2 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.