Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Паводле Марка | 8 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 У тыя дні, калі сабра́лася многа народу і не ме́лі чаго есці, Іісус, паклíкаўшы вучняў Сваіх, кажа ім:
2 шкада Мне людзей, што ўжо тры дні застаюцца са Мною, і не ма́юць чаго есці.
3 І калі адпушчу іх дадому галоднымі, аслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёку.
4 І адказалі Яму вучні Яго: адкуль можа хто накарміць іх хле́бам тут, у пусты́ні?
5 І спытаў у іх: колькі ў вас хлябо́ў? Яны адказалі: сем.
6 Тады загадаў лю́дзям узле́гчы на зямлі; і, ўзяўшы сем хлябо́ў, узнёсшы падзяку, пераламíў, і даў вучням Сваім, каб раздавалі; і яны раздалí лю́дзям.
7 І ме́лі некалькі ры́бінак: і блага­славіўшы, Ён загадаў і іх раздаць.
8 І елі, і насы́ціліся; і назбіралі рэ́шты кавалкаў сем кашоў.
9 А было́ тых, што елі, каля чатырох тысяч. І адпусцíў іх.
10 І адразу ўвайшоў у лодку і прыбы́ў з вучнямі Сваімі ў ме́жы Далману́фскія.
11 І выйшлі фарысеі і пачалí спрачацца з Ім, да­­ма­га́ючыся ад Яго знаме́ння з неба, спакуша́ючы Яго.
12 І Ён, уздыхну́ўшы духам Сваім, кажа: нашто род гэты знаме́ння патрабу́е? Праўду кажу вам: не будзе да́дзена роду гэтаму знаме́нне.
13 І, пакíнуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і адправіўся на той бок.
14 І забы́ліся вучні Яго ўзяць хлябо́ў, і акрамя аднаго хлеба не ме́лі з сабой у лодцы.
15 І Ён наказаў ім, гаворачы: глядзíце, сцеражы́цеся заква́скі фарысейскай і заква́скі Ірадавай.
16 І разважа́лі між сабой, ка́жучы: гэта значыць, што хлябоў у нас няма.
17 І, ве́даючы, Іісус кажа ім: чаму разважа́еце, што хлябоў няма ў вас? Няўжо яшчэ не адчуваеце і не разумееце? Няўжо дагэ́туль скамяне́лае сэ́рца ваша?
18 Вочы ма́ючы, не бачыце? ву́шы ма́ючы, не чуеце? і не па́мятаеце?
19 Калі пяць хлябоў пераламíў Я на пяць тысяч, колькі поўных кашоў кавалкаў назбіра́лі вы? Кажуць Яму: дванаццаць.
20 А калі сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі поўных кашоў кавалкаў вы набра́лі? Яны ж адказалі: сем.
21 І сказаў ім: як жа не разумееце?
22 І прыхо́дзіць у Віфсаíду. І прыводзяць да Яго сляпога і просяць, каб да яго дакрануўся.
23 І, узяўшы за руку́ сляпога, вы́веў яго за пасе́лішча і, плюнуўшы на вочы яму, усклаўшы ру́кі на яго, пытаўся ў яго, ці бачыць што.
24 Той, агле́дзеўшыся, сказаў: бачу людзей, нíбы дрэвы, што ходзяць.
25 Потым зноў усклаў ру́кі на вочы яго і зрабіў яго віду́шчым. І ацалíўся той, і стаў бачыць усё выра́зна.
26 І адаслаў яго ў дом, ка́жучы: у пасе́лішча не заходзь і не расказвай нікому ў пасе́лішчы.
27 І пайшоў Іісус з вучнямі Сваімі ў пасе́лішчы Кесары́і Філіпавай. І дарогаю пытаўся ў вучняў Сваіх, ка́жучы ім: за каго Мяне прыма́юць людзі?
28 А яны адказалі: за Іаана Хрысцíцеля, іншыя — за Ілію́, а іншыя — за аднаго з прарокаў.
29 Ён сказаў ім: а вы за каго прыма́еце Мяне? І ў адказ Пётр сказаў Яму: Ты — Хрыстос.
30 І загадаў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.
31 І пачаў вучы́ць іх, што Сыну Чалавечаму нале́жыць многа адпаку́таваць, быць адры́нутым старэйшынамі, і першасвятара́мі, і кніжнікамі, і забітым быць, і на трэці дзень уваскрэ́снуць.
32 І казаў пра гэта адкрыта. І Пётр, адвёўшы Яго, пачаў адгаво́рваць Яго.
33 А Ён, абярну́ўшыся і паглядзе́ўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, ка́жучы: адыдзí ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае.
34 І, паклíкаўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэ́цца ад сябе і во́зьме крыж свой, і ўслед за Мной ідзе.
35 Бо хто хоча душу́ сваю ўратава́ць, той загу́біць яе; а хто загу́біць душу́ сваю дзе́ля Мяне і Ева́нгелля, той урату́е яе.
36 Бо якую кары́сць будзе мець чалавек, калі ён здабу́дзе ўвесь свет, а пашко́дзіць душы́ сваёй?
37 Альбо які вы́куп дасць чалавек за душу́ сваю?
38 Бо хто пасаро́меецца Мяне і слоў Маіх перад родам гэтым пралюбадзе́йным і грэшным, таго і Сын Чалавечы пасаро́меецца, калі пры́йдзе ў славе Айца Свайго з Ангеламі святымі.

Святое Евангелле паводле Марка, 8 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.