Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Паводле Марка | 2 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 І прыйшоў Ён зноў у Капернау́м праз некалькі дзён, і чу́тна стала, што Ён у доме.
2 І адразу сабра́ліся многія, так што не ўмяшчаліся ўжо і пры дзвярах, і Ён казаў ім слова.
3 І прыйшлі, несучы́ да Яго спаралі­зава́нага, якога трымалі на руках чацвёра;
4 і, не ма́ючы як наблíзіцца да Яго з-за натоўпу, яны раскры́лі дах над тым месцам, дзе Ён быў, і, пракапа́ўшы, апусцíлі пасцель, на якой ляжаў спаралізава́ны.
5 І, убачыўшы веру іх, Іісус кажа спаралізава́наму: сы́не, адпускаюцца твае грахі.
6 Сядзелі ж тут некаторыя з кніжнікаў і разважа́лі ў сэ́рцах сваіх:
7 што́ Ён гэтак блюзне́рыць? хто можа адпускаць грахі, акрамя аднаго Бога?
8 І адразу Іісус, спазна́ўшы духам Сваім, што яны так разважа́юць у сабе, кажа ім: што́ гэта вы разважа́еце ў сэ́рцах вашых?
9 што лягчэй? сказаць спаралізава́наму: «адпускаюцца твае грахі» ці сказаць: «устань, і вазьмі пасцель тваю, і хадзі»?
10 Але каб вы ведалі, што ма́е ўла́ду Сын Чалавечы на зямлі адпуска́ць грахі, — кажа спаралізава́наму:
11 табе кажу: устань, і вазьмі пасцель тваю, і ідзі ў дом твой.
12 І адразу ўстаў той, і, узяўшы пасцель, выйшаў перад усімі, так што здзіўля́ліся ўсе і сла́вілі Бога, ка́жучы: ніколі такога мы не бачылі.
13 І выйшаў Іісус зноў да мора; і ўвесь народ ішоў да Яго, і Ён вучыў іх.
14 І, праходзячы, ўбачыў Ён Левíя Алфе́евага, які сядзеў на мы́тні, і кажа яму: ідзі ўслед за Мною. І той, устаўшы, пайшоў услед за Ім.
15 І калі Іісус узляжа́ў у доме яго, многія мы́тнікі і грэшнікі ўзляжа́лі з Іісусам і з вучнямі Яго; бо многа было іх, якія ішлі ўслед за Ім.
16 І кніжнікі і фарысеі, убачыўшы, што Ён есць з мы́тнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: як гэта з мы́тнікамі і грэшнікамі Ён есць і п’е?
17 І, пачуўшы, Іісус кажа ім: не здаровыя ма́юць патрэ́бу ў ле́кары, а хворыя; Я прыйшоў заклíкаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакая́ння.
18 Вучні Іаанавы і фарысейскія пасцíлі. І прыходзяць і кажуць Яму: чаму вучні Іаанавы і фарысейскія по́сцяць, а Твае вучні не по́сцяць?
19 І сказаў ім Іісус: хіба́ могуць пасцíць сыны́ харо́маў вясе́льных, калі з імі жаніх? дакуль жаніх з імі, не могуць пасцíць;
20 але пры́йдуць дні, калі будзе ўзя́ты ад іх жаніх, і тады будуць пасцíць у тыя дні;
21 ніхто латкі з тканіны суровай не прышывае да адзе́жыны старо́й, інакш прышы́тым парве́цца старо́е, і дзірка будзе яшчэ горшая;
22 і ніхто не ўліва́е віно маладое ў мяхí старыя: інакш прарве віно маладое мяхí, і віно вы́цеча, і мяхí прападу́ць; а віно малодае ў мяхí новыя ўліваць трэба.
23 І давяло́ся Яму ў суботу прахо́дзіць пасевамі, і пачалí вучні Яго дарогаю зрываць калоссе.
24 І фарысеі казалі Яму: паглядзі, чаму яны робяць у суботу, што не дазволена?
25 І Ён кажа ім: ці ж вы ніколі не чыталі, што́ зрабіў Давід, калі патрэбу меў і згалада́ўся сам і тыя, што былí з ім?
26 як ён увайшоў у дом Божы пры Авіяфа́ры-першасвятары́ і з’еў ахвя́рныя хлябы́, якіх не дазволена было́ есці нікому, акрамя святароў, і даў таксама тым, што былí з ім.
27 І казаў ім: субота ўзнікла дзе́ля чалавека, а не чалавек дзе́ля суботы.
28 Таму Сын Чалавечы ёсць гаспадар і суботы.

Святое Евангелле паводле Марка, 2 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.