Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Паводле Марка | 16 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 І калі міну́ла субота, Марыя Магдалíна і Марыя Іа́кавава, і Саламíя купілі духмя́насцяў, каб, прыйшоўшы, пама́заць Яго.
2 І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыходзяць да магілы, калі ўзышло сонца,
3 і гаварылі між сабою: хто адва́ліць нам ка́мень ад увахода ў магілу?
4 І, паглядзе́ўшы, бачаць, што ка́мень адва́лены; а быў ён надта вялікі.
5 І, увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака́, што сядзеў справа, апра́нуты ў белы ўбор; і жахну́ліся.
6 А ён кажа ім: не жаха́йцеся. Іісуса шукаеце Назаранíна, распя́тага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе паклалі Яго.
7 Але ідзіце, скажы́це вучням Яго і Пятру, што Ён будзе ране́й за вас у Галіле́і; там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам.
8 І, выйшаўшы, пабеглі яны ад магілы; іх ахапíла трымце́нне і жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
9 А Іісус, уваскрэсшы ў першы дзень тыдня, явіўся перш Марыі Магдалíне, з якой вы́гнаў быў сем дэманаў.
10 Яна, пайшоўшы, абвясцíла тым, што былí з Ім, якія смуткава́лі і плакалі;
11 і тыя, пачуўшы, што Ён жывы́ і што яна бачыла Яго, не паверылі.
12 Пасля ж гэтага явіўся Ён у іншым вобразе двум з іх дарогаю, калі яны ішлі ў сяло.
13 І тыя, пайшоўшы, абвясцíлі астатнім; але і ім не паверылі.
14 Нарэшце, явіўся Ён і самім адзіна́ццаці, калі яны ўзляжа́лі на вячэры, і дакара́ў іх за нявер’е і жорсткасць сэрца, што яны тым, хто бачыў Яго Уваскрэслага, не паверылі.
15 І сказаў ім: ідучы́ па ўсім свеце, прапаве́дуйце Ева́нгелле ўсяму стварэ́нню.
16 Хто ўверуе і ахры́сціцца, той спасёны будзе; а хто не ўверуе, асу́джаны будзе.
17 А тых, хто ўверуе, будуць суправаджа́ць знаме́нні такія: íмем Маім будуць яны выганя́ць дэманаў; будуць гаварыць новымі мовамі;
18 будуць браць змей; а калі што смяротнае вы́п’юць, не пашко́дзіць ім; на хворых ускладу́ць ру́кі, і тыя будуць здаровыя.
19 І вось, Гасподзь пасля таго, як гаварыў да іх, узнёсся на неба і сеў правару́ч Бога.
20 А яны, вы́йшаўшы, прапаве́давалі ўсюды, і Гасподзь садзе́йнічаў ім і пацвярджа́ў сло́ва знаме́ннямі ўслед. Амінь.

Святое Евангелле паводле Марка, 16 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.