1 І, вы́йшаўшы адтуль, прыхо́дзіць у ме́жы Іудзеі стараной заіарда́нскай. І збіраюцца зноў да Яго натоўпы, і, як звыча́йна, зноў вучыў іх.
2 І, падышоўшы, фарысеі спыталіся ў Яго, спакуша́ючы Яго: ці дазволена му́жу разво́дзіцца з жонкай?
3 Ён жа сказаў ім у адказ: што запаве́даў вам Маісей?
4 Яны сказалі: Маісей дазволіў напісаць разво́дны ліст і разво́дзіцца.
5 І, адка́зваючы, Іісус сказаў ім: з-за жорсткасці сэ́рца вашага ён напісаў вам гэтую за́паведзь;
6 але ад пачатку стварэння мужчынам і жанчынай ствары́ў іх Бог.
7 Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці
8 і прыле́піцца да жонкі сваёй, і будуць двое пло́ццю адною, так што яны ўжо не двое, а адна плоць.
9 Дык вось, што́ Бог злучы́ў, таго чалавек няхай не разлуча́е.
10 І ў доме вучні Яго зноў пра гэта спыталіся ў Яго.
11 І сказаў ім: хто развядзе́цца з жонкаю сваёю і ажэ́ніцца з іншаю, той пралюбадзе́йнічае су́праць яе;
12 і калі жонка развядзе́цца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, пралюбадзе́йнічае.
13 І прыно́сілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх, а вучні забаранялі тым, што прыносілі.
14 Убачыўшы, Іісус разгневаўся і сказаў ім: пусцíце дзяцей прыхо́дзіць да Мяне і не перашкаджа́йце ім; бо такім нале́жыць Царства Божае.
15 Праўду кажу вам: хто не пры́ме Царства Божага, як дзіця́, той не ўвойдзе ў яго.
16 І, абняўшы іх, усклаў ру́кі на іх і благаславіў іх.
17 І калі выходзіў Ён у дарогу, падбе́г нехта і, упаўшы на калені перад Ім, спытаўся ў Яго: Настаўнік Добры! што мне рабіць, каб унасле́даваць жыццё вечнае?
18 Іісус жа сказаў яму: чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог.
19 Ведаеш за́паведзі: «не пралюбадзе́йнічай; не забівай; не крадзь; не сведчы лжыва; не крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці».
20 Ён жа сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! усё гэта захава́ў я з юнацтва майго.
21 Іісус жа, глянуўшы на яго, палюбíў яго і сказаў яму: аднаго табе не хапа́е: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім; і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, і ідзі за Мною, узя́ўшы крыж.
22 А той, азмро́чаны гэтым словам, адышоў у сму́тку, бо меў вялікую маёмасць.
23 І, паглядзе́ўшы навокал, кажа Іісус вучням Сваім: як цяжка будзе тым, хто ма́е багацце, увайсці ў Царства Божае.
24 Вучні жаха́ліся ад слоў Яго. А Іісус зноў у адказ кажа ім: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяе́цца на багацце, увайсці ў Царства Божае.
25 Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
26 Яны ж надзвы́чай здзіўляліся, гаворачы між сабою: хто ж тады можа спасцíся?
27 Паглядзеўшы на іх, Іісус сказаў: лю́дзям гэта немагчыма, але не Богу, бо ўсё магчыма Богу.
28 Пачаў Пётр гаварыць Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою.
29 Іісус сказаў у адказ: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці палí, дзе́ля Мяне і дзе́ля Ева́нгелля,
30 і не атрымае цяпер, у час гэты, пры гане́ннях, у сто разоў больш дамоў і братоў, і сясцёр, і бацькоў, і маці, і дзяцей, і палёў, а ў веку наступным жыцця́ вечнага;
31 многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.
32 Былí ж яны ў дарозе, узыходзячы ў Іерусалім, і папе́радзе іх ішоў Іісус, а яны жаха́ліся і, услед ідучы́, былí ў стра́ху. І узяўшы зноў дванаццаць, пачаў ім гаварыць, што́ з Ім ма́е адбыцца:
33 вось мы ўзыходзім у Іерусалім, і Сын Чалавечы будзе вы́дадзены першасвятара́м і кніжнікам, і асу́дзяць Яго на смерць, і вы́дадуць Яго язычнікам;
34 і наглумя́цца над Ім, і будуць бічава́ць Яго і плява́ць на Яго, і заб’юць Яго; і на трэці дзень уваскрэ́сне.
35 І падышлі да Яго Іакаў і Іаан, сыны́ Зевядзе́евы, ка́жучы: Настаўнік! хочам, каб Ты зрабіў нам тое, што папросім.
36 А Ён сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам?
37 Яны ж сказалі Яму: дай нам сесці аднаму спра́ва ад Цябе, а другому зле́ва ад Цябе, у славе Тваёй.
38 Іісус жа сказаў ім: не ведаеце, чаго про́сіце. Ці можаце піць чашу, якую Я п’ю і хрышчэ́ннем, якім Я хрышчу́ся, хрысцíцца?
39 Яны ж сказалі Яму: можам. А Іісус сказаў ім: чашу, якую Я п’ю, будзеце піць і хрышчэ́ннем, якім Я хрышчу́ся, будзеце хрысцíцца;
40 але сесці справа ад Мяне ці злева — не Я даю́, а гэта для тых, каму ўгатава́на.
41 І, пачуўшы, дзеся́цера пачалі гневацца на Іакава і Іаана.
42 А Іісус, паклíкаўшы іх, кажа ім: вы ведаеце, што тыя, хто лíчыцца на чале́ народаў, пану́юць над імі, і ensp;вяльможы іх улада́раць імі.
43 Але не так няхай будзе сярод вас: а хто хоча сярод вас бо́льшым быць, няхай будзе вам слуго́ю;
44 і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе ўсім рабом.
45 Бо і Сын Чалавечы не дзе́ля таго прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужы́ць і аддаць душу́ Сваю як вы́куп за многіх.
46 І прыходзяць у Іерыхо́н. І калі выходзіў Ён з Іерыхо́на з вучнямі Сваімі і мноствам народу, сын Ціме́еў, Варціме́й сляпы, сядзеў пры дарозе, жабру́ючы.
47 І, пачуўшы, што гэта Іісус Назарэ́й, пачаў крычаць і казаць: Сы́не Давідаў, Іісусе, памілуй мяне!
48 І многія патрабава́лі ад яго, каб замаўча́ў, але ён яшчэ мацней крычаў: Сы́не Давідаў, памілуй мяне!
49 І, спынíўшыся, Іісус сказаў паклíкаць яго. І паклíкалі сляпога, ка́жучы яму: мацу́йся, устань, кліча цябе.
50 Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і прыйшоў да Іісуса.
51 І ў адказ гаворыць яму Іісус: што хочаш, каб Я зрабіў табе? Сляпы сказаў Яму: Раввунí ! каб мне бачыць.
52 Іісус жа сказаў яму: ідзі, вера твая ўратава́ла цябе. І адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Іісусам па дарозе.
Святое Евангелле паводле Марка, 10 глава